26 снежня 2024, Чацвер, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час дзейнічаць

9
Час дзейнічаць

5 верасня ў Менску пачнецца з’езд Партыі Беларускі Народны Фронт, на якім будзе абраны новы старшыня. Сёння на гэтую пасаду прэтэндуюць два намеснікі старшыні ПБНФ – Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч.

Сайт www.charter97.org падае два артыкула, ў якім выкладзены тэзісы праграмаў абодвух кандыдатаў.

Віктар Івашкевіч: Пераломныя моманты ў гісторыі краіны бываюць нячаста

Эканамічны крызыс высьветліў галоўныя праблемы нашай гаспадаркі. Гэта адсутнасьць свабоды прадпрымальніцкай дзейнасьці і састарэласьць асноўных фондаў прамысловасьці.

Беларускія заводы спажываюць на адзінку вырабленай прадукцыі ўдвая болей энэргіі, чым у іншых эўрапейскіх краінах. Як толькі спынілася ранейшая энэргетычная датацыя ды зьнізіліся сусьветныя цэны, беларускія тавары ўмомант сталі неканкурэнтаздольнымі. У гандлёвым балянсе зьявілася дзірка ў 600 млн. – 1 млрд. даляраў у месяц (нагэтулькі кошт імпарту перавышае кошт экспарту). Лукашэнка і К° пачалі набіраць крэдыты і ўжо напазычалі больш за 18 млрд. даляраў (6 млрд. патрэбна аддаваць ужо сёлета).

З кожным месяцам браць крэдыты ўсё больш складана, і ўлады перакладаюць цяжар на плечы простых людзей. Бюджэтнікам скарацілі заробкі, на прадпрыемствах скарачаюць працоўны тыдзень (чым таксама зьніжаюць заробкі), няспынна растуць цэны. Але эканомія бюджэтных сродкаў не вырашае галоўнага пытаньня – павелічэньня канкурэнтаздольнасьці тавараў, перавышэньня экспарту над імпартам і паступовага выхаду з крэдытнай ямы, у якую загнаў Беларусь сёньняшні рэжым.

Пытаньне можа вырашыць толькі масавы прыход заходніх інвэстараў, якія ўкладуць грошы ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў і забясьпечаць збыт беларускіх тавараў як ужо сваіх.

Каб заходнія інвэстары прыйшлі ў Беларусь, неабходны шэраг перадумоваў.

1. Ільготныя ўмовы дзеля ўсяго айчыннага бізнэсу, а ня толькі для заходніх інвэстараў (бо заходнікі добра разумеюць, што спэцыяльныя прывілеі ўлады могуць гэтаксама забраць, як і даць).

2. Празрыстая прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў з удзелам заходніх інвэстараў і пад кантролем Міжнароднага валютнага фонду (бо Лукашэнкавым абяцаньням няма веры).

3. Гарантыі ўрадаў сваіх краінаў аб бясьпецы інвэстыцыяў у Беларусь ад пагрозы валюнтарысцкіх рашэньняў уладаў Беларусі.

Тут мы выходзім на ключавую праблему. Улады Эўразвязу і ЗША дадуць такія гарантыі толькі пасьля свабодных і празрыстых выбараў прэзыдэнта і парлямэнту Беларусі.

Кіраўніцтва Партыі БНФ прапануе простую і ясную для ўспрыняцьця шараговымі выбаршчыкамі праграму выйсьця з крызысу.

1. Правесьці выбары прэзыдэнта і парлямэнту Беларусі так, каб іх прызналі свабоднымі і празрыстымі Эўразьвяз і ЗША.

2. Для спрыяньня занятасьці зьнізіць падаткі з прадпрыемстваў да 20%; адмяніць падаткі з новаўтвораных прадпрыемстваў на два гады пры ўмове стварэньня імі новых працоўных месцаў.

3. Пад кантролем новаабранага парлямэнту і пры ўдзеле МВФ распачаць шырокамаштабную прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў з удзелам заходніх інвэстараў.

4. Дамагчыся ад ЗША і Эўразьвязу пазытыўнай ацэнкі беларускага інвэстыцыйнага клімату.

5. За кошт грошай ад прыватызацыі трымаць курс беларускага рубля, забясьпечваць сацыяльную абарону ўсім жыхарам Беларусі.

6. За кошт перавышэньня экспарту над імпартам паступова падвышаць заробкі і пэнсіі. Іх рост забясьпечыць даход масе дробных прадпрымальнікаў.

Галоўнае – дамагчыся свабодных і празрыстых выбараў. Перамога дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах ва ўмовах жорсткай барацьбы Лукашэнкі за ўладу дасьць магчымасьць правесьці і парлямэнцкія выбары, прызнаныя Эўразьвязам і ЗША.

Ці можа Партыя БНФ дзеля дасягненьня гэтых мэтаў зрабіць стаўку на Аляксандра Мілінкевіча?

Я адказваю: - Не.

Бо Мілінкевіч і яго акружэньне сталі на шлях прыстасаванства да рэжыму і супрацоўніцтва зь ім. Лідэры “Руху за свабоду” заяўляюць, што перамагчы Лукашэнку немагчыма, трэба паступова яго ўцягваць у эўрапейскія праграмы супрацоўніцтва, што ў сваю чаргу, маўляў, гадоў праз 20 прывядзе да трансфармацыі “апошняй дыктатуры Эўропы” у “краіну, пераходную да дэмакратыі”.

Ці можа Партыя БНФ перакласьці адказнасьць за будучыню Беларусі на Казуліна, Саньнікава, Шушкевіча ці Статкевіча?

Я адказваю: - Не.

Бо, пры ўсёй павазе да прынцыповай пазыцыі гэтых людзей, ведаю, што яны ня маюць неабходных структураў для збору 100 тыс. подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты.

Ці можа Партыя БНФ пагадзіцца быць на другіх ролях у перадвыбарчых штабах Калякіна, Лябедзькі, іншых?

Я адказваю: - Не.

Бо іхныя партыйныя структуры слабейшыя за нашыя. А аднаўленьне гульняў з Масквой нясе небясьпеку беларускай незалежнасьці.

Менавіта Партыя БНФ і яе лідэр Лявон Баршчэўскі абавязаныя ўзяць на сябе адказнасьць памяняць у бліжэйшы час рэжым асабістай улады Лукашэнкі і вывесьці Беларусь на цывілізаваны эўрапейскі шлях.

Што дзеля гэтага трэба зрабіць?

1. Вылучыць на зьездзе Партыі БНФ 5 верасьня Лявона Баршчэўскага кандыдатам у прэзыдэнты.

2. З моманту вылучэньня пачаць прапагандаваць яго праграму выйсьця з крызысу сярод шырокага беларускага грамадзтва.

3. Пасьля агітацыйнай кампаніі ў верасьні – кастрычніку правесьці ў лістападзе Кангрэс працоўных калектываў, дзе прыняць патрабаваньні да Лукашэнкі аб сацыяльнай абароне людзей і аб правядзеньні выбараў паводле заканадаўчых нормаў, распрацаваных АДС.

4. У той жа час правесьці зьезд дэпутатаў беларускага парлямэнту 12 і 13 скліканьняў, бо толькі іх легітымнасьць прызнавалі парлямэнты Эўропы і ЗША, з мэтай патрабаваць ад Лукашэнкі свабодных выбараў, а ад Эўропы – не ісьці на згодніцкія змовы з дыктатарам.

5. У сакавіку 2010 г., калі прагназуецца абвастрэньне сацыяльна-эканамічнага крызысу ў Беларусі, выйсьці на масавыя акцыі пратэсту з патрабаваньнямі сацыяльнай абароны і свабодных выбараў як адзінага шляху пераадоленьня крызысу.

6. У красавіку – траўні 2010 г. дамагчыся прызнаньня ўсімі дэмакратычнымі арганізацыямі Лявона Баршчэўскага адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў.

7. Улетку 2010 г. пры падтрымцы ўсіх дэмакратычных сілаў распачаць шырокую кампанію за абраньне Лявона Баршчэўскага Прэзыдэнтам Беларусі.

Праца ўжо пачатая. Каманда Лявона Баршчэўскага выдала агітацыйныя матэрыялы для працоўных, стварыла аргкамітэт Кангрэсу працоўных калектываў, створаны Дэпутацкі клюб, распрацоўваецца прымальны для Партыі БНФ мэханізм абраньня адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў. Мы ня проста выказваем пажаданьні ці мары, а канкрэтна працуем. Але ўсё будзе залежаць ад рашучасьці і волі ўсіх сябраў Партыі БНФ.

Пераломныя моманты ў гісторыі краіны бываюць нячаста.

Такі быў 1918 год, калі беларускія дзеячы знайшлі ў сабе сьмеласьць і рашучасьць абвясьціць Акт 25 Сакавіка.

Такі быў 1991 год, калі Беларускі Народны Фронт на чале зь Зянонам Пазьняком сьмела і рашуча дамогся рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Такім можа стаць і 2010 год, калі Партыя БНФ на чале зь Лявонам Баршчэўскім праявіць неабходную сьмеласьць і рашучасьць і даможацца свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

З сайту Партыі БНФwww.pbnf.org

Аляксей Янукевіч: Заўсёды ёсць шанец перамагчы!

-Партыя БНФ падыходзіць да з’езду фактычна падзеленай на два лагеры. Чаму адбылося гэта размежаванне, што стала падставай для гэтага?

-Я б не сказаў, што на сённяшні момант партыя ўжо падзелена і лагеры не камунікуюць паміж сабой і раз’яднаныя, усё ж унутрыпартыйная салідарнасць ёсць. Але разам з тым ёсць, безумоўна, выразныя дзве плыні, якія стаяць на розных пазіцыях, і па маім перакананні, гэта сведчыць, што сапраўды на сённяшні момант партыя знаходзіцца ў пэўным тупіку, з якога трэба шукаць выйсце. І гэтая падзеленасць, абвостранасць партыйных дыскусій сведчыць, што існаваць так, як мы існавалі апошнія гады, немагчыма, і трэба прымаць нейкія новыя сур'ёзныя кардынальныя рашэнні.

-Чаму сітуацыя дайшла да такога стану?

-На маю думку, тут сышліся некалькі фактараў. Першы, дастаткова аб’ектыўны і роўны для ўсіх апазіцыйных сіл, апошнія гады Лукашэнка даволі эфектыўна заціскаў для нас магчымасць працы. І ў выніку здолеў выпхнуць на перыферыю палітычнага жыцця. Але ў цяперашняй сітуацыі накладаюцца яшчэ і новыя фактары, якія, магчыма, і абвастрылі настолькі гэтую сітуацыю. У сувязі з крызісам, са змяненнем палітыкі Еўропы да сённяшняй улады нібы прыадчыняецца пэўнае акно магчымасцяў для дэмакратычных сіл, паколькі і Лукашэнка больш асцярожна звяртаецца да рэпрэсій, і людзі больш гатовыя нас слухаць - няма той стабільнасці, якая была. З іншага боку, мы мусім належным чынам скарыстацца гэтым акном. Бо сітуацыя не стала лепш – сітуацыя часова, кан'юктурна, павярнулася ў спрыяльны для нас бок. І тут мы павінны прадэманстраваць нешта новае, каб заваяваць новых прыхільнікаў і адваяваць сабе новае месца на палітычным полі ў Беларусі. І гэты выклік абвастрае унутрыпалітычныя дыскусіі.

-Вы вырашылі вылучацца на пасаду старшыні Партыі БНФ. Значыць, у складанай унутрыпартыйнай сітуацыі напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі Вы маеце ўласную тактыку, стратэгію, якія будзеце прапаноўваць дэлегатам з'езду?

- Па-першае, я прапаную ўсё ж паспрабаваць (я перакананы, што мы здольныя гэта зрабіць) – узяць пад кантроль накірунак руху партыі, ажыццявіць свае ўласныя палітычныя праекты. Паколькі, па маім глыбокім перакананні, апошнія некалькі год нас проста несла па плыні, вымалёўваліся нейкія кааліцыйныя планы, унутрыапазіцыйныя справы. Мы ў іх удзельнічалі, і куды яны рухаліся - туды і мы рухаліся. Нейкую самастойную, уласную палітыку БНФ не праводзіў. Апрыёры прымалася, што тая кааліцыя, у якой мы ўдзельнічаем, - гэта самае лепшае, што можа быць.

Я прапаную выбірацца з гэтай апазіцыйнай рэзервацыі. Я прапаную мяняць прыярытэты кааліцыйнага будаўніцтва. Я лічу, што нам больш важна дамаўляцца з тымі палітычнымі сіламі, якія падзяляюць блізкія нам нацыянал-дэмакратычныя каштоўнасці (гэта Хрысціянская дэмакратыя, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, рух За свабоду», «Малады фронт», «Правы альянс» і шэраг іншых арганізацый). Я лічу, што нам больш важна з імі дзейнічаць у адным рэчышчы, чым змагацца за ўяўнае лідэрства ў коле старой кааліцыі – Аб’яднаных дэмакратычных сілах.

Я прапаную таксама змяніць прынцыпы кіраўніцтва партыі і партыйнага будаўніцтва. Я лічу, што спроба выбудаваць жорсткую партыйную вертыкаль і ачышчэнне ад тых, хто не падзяляе асноўны стратэгічны курс, якога прытрымліваецца цяперашні старшыня партыі, - гэта памылковы шлях, гэта шлях тупіковы. Нам важна шанаваць кожнага чалавека, хто падзяляе нашы ідэі і не зракаецца ад сяброўства ў партыі. Я лічу, што тая ж камісія партыйнага кантролю павінна быць скасаваная як інструмент унутраных разборак. Функцыю вырашэння канфліктаў яна, на жаль, не выканала.

-А хіба вылучэнне партыйнага кандыдата ў прэзідэнты - гэта не ўласны палітычны праект?

- На гэта конт у мяне ёсць сумневы, бо вылучэнне партыйнага кандыдата на выбары, якія абвяшчае Лукашэнка, па тых правілах, якія вызначае Лукашэнка, у той час, які выбірае Лукашэнка, - на сённяшні момант мне ўяўляецца хутчэй не ўласным палітычным праектам, а ўдзелам ў палітычным праекце Лукашэнкі. Таму я лічу, што на гэтым з’ездзе нам яшчэ рана прымаць рашэнне адносна таго, ці мусім мы жалезна байкатаваць гэтыя выбары, ці мы павінны жалезна вылучаць свайго кандыдата. Мы мусім бліжэйшыя некалькі месяцаў скарыстаць, калі размова ідзе пра падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў, каб паспрабаваць дамагчыся зменаў у арганізацыі выбарчага працэса. Нейкія фармальныя змены ў заканадаўстве для нас, безумоўна, менш цікавыя, але рэальная магчымасць, якая будзе адлюстравана і юрыдычна, і забяспечана фактычна, для нашых прадстаўнікоў удзельнічаць у працы камісій і мець дачыненне да падліку галасоў. Калі мы гэтага дамагаемся, тады, безумоўна, мы вылучаем свайго кандыдата, ідзем змагацца. Калі мы гэтага не дасягаем – у мяне ёсць вялікія сумневы адносна таго, што нам трэба ўдзельнічаць ў гэтым працэсе, таму што мы можам быць выкарыстаныя ў якасці статыстаў і спарынг-партнёраў для Лукашэнкі.

-А што наўзамен - байкот?

- Тады – няўдзел у гэтых выбарах. Зноў, калі казаць пра байкот у класічным разуменні гэтага слова, калі людзі не прыходзяць на ўчасткі і выбары не адбыліся, у нашай краіне сёння таксама немагчымы – няма механізма кантроля над яўкай выбаршчыкаў. Дамагчыся таго, каб камісія прызнала, што адбыўся байкот – гэта нерэальна. Але разумеючы, што шанцаў выйграць па цяперашніх правілах няма - нават калі людзі нас падтрымаюць, нават калі б 50 адсоткаў ці больш прагаласавала за нашага кандыдата, што таксама не будзе проста - навошта лезці ў гэты працэс? Але калі мы ідзем на выбары, мы не можам казаць людзям, што ідзем на выбары проста так. Мы павінны казаць: ёсць шанец! Калі мы разумеем, што шанцаў няма, а кажам, што шанцы ёсць, прыходзьце і галасуйце за нас, а насамрэч у выніку нічога змяніцца не можа, то гэта адкіне нас далёка назад.

-Вас заўжды вінавацяць, што будучы намеснікам старшыні БНФ, Вы адстойваеце інтарэсы руху «За свабоду». Гэтым тлумачаць і Вашу пазіцыю – не вылучаць партыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Што адкажыце на гэта?

-Гэта поўная лухта. Я думаю, што старая каманда, якая папракае мяне ў гэтым, проста не прыдумала нічога лепшага з часоў мінулых раўндаў унутрыпартыйнай барацьбы, калі хаця б фармальна можна было б навешваць сваім апанентам прыналежнасць да руху «За свабоду». Але на мяне гэта абсалютна немагчыма навесіць, бо я ніколі не меў і не маю ніякага дачынення да руху. Я ўпэўнены, што гэта спроба выкарыстаць такі ідэалагічны прыём, як стварэнне вобразу ворага, ад якога трэба ачысціцца, якога трэба перамагчы.

Мне здаецца, што сапраўды нам важна размаўляць і дамаўляцца з рухам «За свабоду». Я згодны, што не зусім нармалёвая сітуацыя, калі Юрась Губарэвіч адначасова з’яўляецца і намеснікам старшыні Партыі БНФ, і намеснікам старшыні руху «За свабоду». Але ў нас з Юрасём была размова, ён сказаў, што не плануе вылучацца на пасаду намесніка старшыні партыі на бліжэйшым з’ездзе. Таму тут таксама шум на пустым месцы.

-Як трэба ўвогуле вырашаць праблему падвойнага сяброўства: і ў партыі, і ў руху?

-Такая праблема паўстае, калі партыйнае кіраўніцтва не можа прапанаваць ясную дзейнасць сваім сябрам, якая іх натхняе і ў якой яны гатовыя ўдзельнічаць. Мы павінны разумець: у партыю людзі прыходзяць не за грошы, і не па абавязку, - яны прыходзяць каб абараняць свае каштоўнасці. І калі сябры партыі пачынаюць удзельнічаць у іншых справах, якія арганізуе іншая партыя ці грамадская арганізацыя, - значыць, партыя не выконвае тую ролю, якую павінна выконваць, не апраўдвае чаканні людзей, якія ўступілі ў партыю. Таму прад’яўляць прэтэнзіі, што ты запісаўся ў партыю, а ўдзельнічаеш у мерапрыемствах, напрыклад, руху, - гэта абсурд.

Такая праблема ёсць, і гэта сумна. Людзі і адыходзяць ад дзейнасці ў партыі. Але тут вінаваціць трэба толькі сябе. І абвінавачванні ў тым, што нашых людзей хтосьці за грошы набывае… Я лічу, гэтая вялікая непавага да нашых людзей. І абсурд: усім вядома, што калі б сябры БНФ прадаваліся - іх даўно б расцягнулі, паколькі перад кожнымі выбарамі з'яўляюцца тыя, у каго ёсць грошы і да каго такія палітычныя найміты сцякаюцца. Увесь час нашы людзі былі непрадажнымі і раптам ператварыліся ў прадажных - гэта гучыць абсалютна несур'ёзна.

-Якія станоўчыя і адмоўныя рысы Вы маглі б адзначыць у Вашага суперніка - Віктара Івашкевіча?

- Няхай бы, вядома, ён сам за сябе адказваў… Калі казаць пра станоўчыя рысы, то спадар Віктар гатовы не прымаць вельмі блізка ўсе спрэчныя моманты і не памятаць крыўду. Гэта досыць моцны плюс, паколькі дастаткова часта з-за падобных суб'ектыўных фактараў шматлікія справы і завальваюцца. Не баіцца праяўляць ініцыятыву.

Разам з тым, у спадара Віктара са старой каманды найбольшая схільнасць неадэкватна ацэньваць сітуацыю. Сёння, калі адбываюцца сходы, калі ён кажа, што ў нас у АДС канкурэнтаў няма, што мы жалезна перамагаем у працэдуры вылучэння адзінага кандыдата, што ідзем на гэтыя выбары, каб ламаць сітуацыю, перамагаць - па-мойму, гэтыя заявы не засноўваюцца на рэальнай ацэнцы сіл. На апошнім партыйным з'ездзе спадар Віктар вылучаўся на пасаду старшыні партыі - ён набраў 26 галасоў больш з 220 дэлегатаў. А напэўна ж збіраўся перамагаць. Баюся, што такі ж жаласны вынік чакае і саму партыю, калі паверыць яго заклікам.

- Як Вы асабіста расцэньваеце свае шанцы быць абраным старшынём партыі?

- Свае шанцы я ацэньваю сапраўды высока. Але мы мусім разумець, што вялікае значэнне будзе мець, які Сойм абяруць дэлегаты з'езду. Стратэгічныя рашэнні прымае ўсё ж Сойм. І для мяне важна, каб мяне падтрымалі не толькі на пасаду старшыні, але і каб дэлегаты падтрымалі спіс сяброў Сойма, які я і мая каманда будзе прапаноўваць. Тады гэта будзе азначаць, што сапраўды можна праводзіць выразную адзіную лінію, тую новую лінію, якую я прапаную.

Калі Сойм будзе парытэтным і не будзе відавочнай перавагі, то будзе значна складаней праводзіць паслядоўную палітыку.

-Як моцна будзеце прапаноўваць абнавіць Сойм?

- Прыкладна напалову. Прычым не абавязкова за кошт маладых сяброў - проста за кошт пэўнай ратацыі, хоць сапраўды прапаную і некалькі новых маладых людзей. Для мяне асноўны крытэр у гэтым пытанні - што гэтыя людзі актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці партыі і здольныя выпрацоўваць новыя ідэі. Вельмі важна, каб любыя рашэнні прымаліся тымі, хто практычна будзе ўдзельнічаць у іх рэалізацыі.

- Калі Вас не абяруць - што тады?

- Калі мяне не абяруць, гэта будзе азначаць, што перамог курс старой каманды. І я сапраўды перакананы, што гэта будзе азначаць, што ў вельмі хуткім часе Партыя БНФ ці зусім растворыцца ў аморфнай кааліцыі АДС і цалкам страціць свой твар, ці зойме нішу дысідэнцкую, нішу партыі адной акцыі, як гэта адбываецца сёння з Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй. Уся іх дзейнасць фактычна абмяжоўваецца акцыямі на "Дзяды" і дагляданнем за Курапатамі. Уплыву на палітычную сітуацыю яны не маюць абсалютна ніякага.

--Але ёсць і яшчэ адна пагроза - што вынікам вераснёвага з'езду можа паўтарыцца раскол, як дзесяць год таму. Якой Вам бачыцца будучыня ПБНФ? -

-Шчыра, то такое немагчыма. Усё ж у 99-м партыя была больш масавай і рэальна можна было калоцца на дзве часткі. На сённяшні момант - калі канфрантацыя зойдзе занадта далёка - партыя, я баюся, не то каб расколецца, яна разваліцца на кавалкі: хтосьці сыйдзе ў рух "За свабоду", хтосьці сыйдзе з палітыкі, хтосьці - у АГП. Я баюся, што гэта будзе проста канец. Вядома, хацелася б гэтага пазбегнуць. Мяне сёння турбуюць заявы некаторых прадстаўнікоў старой каманды ў рэгіёнах: калі вы пераможаце - мы сыйдзем. Мяне гэта сапраўды турбуе. Спадзяюся, адказнасці за партыю хопіць усім, каб годна правесці з'езд.

Гутарыў Юрый Коба, "Беларускі партызан"

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках