29 снежня 2024, Нядзеля, 10:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чарнобыльскі шлях» - 26 красавіка а 14:00

7
«Чарнобыльскі шлях» - 26 красавіка а 14:00
Фота: bymedia.net

Збор удзельнікаў - ля кінатэатра «Кастрычнік».

Сёння адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная правядзенню «Чарнобыльскага шляху», які павінен адбыцца ў наступную нядзелю 26 красавіка а 14:00. На прэс-канферэнцыі прысутнічаў увесь склад аргкамітэта акцыі: прадстаўнік руху салідарнасці «Разам» Ілля Дабратвор, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, прадстаўнікі руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які і распавёў падрабязнасці charter97.org.

- Сёння мы ўдакладнілі маршрут правядзення шэсця. Усе дамоўленасці ўжо падпісаныя, усе неабходныя ўзгадненні пройдзеныя. Мы заклікаем усіх далучыцца да правядзення Чарнобыльскага шляху. Мы сустракаемся каля кінатэатра «Кастрычнік» і неўзабаве пасля 14:00 пачнецца шэсце. Мы пройдзем да Чарнобыльскай капліцы, без мітынгу на плошчы Бангалор. Там адбудзецца ўскладанне кветак, запальванне свечак і пройдзе хвіліна маўчання ў памяць аб ахвярах і ліквідатарах Чарнобыльскай катастрофы. Такі фармат мы абралі па просьбах удзельнікаў папярэдніх акцый, якія адмаўляліся ад зневажальнай працэдуры праходжання праз рамкі-металадэтэктары, як гэта было ў мінулым годзе. Па сутнасці, правядзенне мітынгу там было немагчымым, бо праз вялікую колькасць удзельнікаў, працэдура асабістага дагляду на плошчы Бангалор доўжылася больш, чым адведзены на мітынг час. Прыносьце кветкі, свечкі і бел-чырвона-белыя сцягі.

- Пра што вы будзеце гаварыць з удзельнікамі акцыі ў гэтым годзе?

- У гэтым годзе ў нас два галоўныя лозунгі: «Не расейскай ядзернай пагрозе!» І абарона беларусаў ад наступстваў Чарнобыля. Расейская ядзерная пагроза - гэта пагроза знішчэння Беларусі, у тым ліку, праз будаўніцтва атамнай станцыі на нашай зямлі і праз узнікненне новых расейскіх вайсковых баз. Нават без знаходжання там ядзернай зброі, Беларусь становіцца патэнцыйным аб'ектам для нанясення ядзернага ўдару ў выпадку вайны з Расеяй. А Расея сёння варагуе з усім светам. Ну а наступствы Чарнобыльскай атамнай катастрофы, сёння, на жаль, адчувае кожны беларус. Хоць бы таму, што нас кормяць забруджанымі прадуктамі, вырашчанымі ў Чарнобыльскай зоне. У пачатку, перад шэсцем будзе прынятая рэзалюцыя супраць будаўніцтва АЭС, супраць расейскіх вайсковых базаў, супраць вырабу забруджаных радыяцыяй прадуктаў харчавання.

- Учора вы сустракаліся з гарадскімі ўладамі. Ці задаволеныя вы вынікам?

- Учора мы былі вымушаныя ўкласці дамову з Менгарвыканкамам. На сустрэчы я асабіста выказаў новаму начальніку міліцыі, генерал-маёру Аляксандру Барсукову, што з практыкі мінулых гадоў, асноўнай пагрозай для бяспекі ўдзельнікаў акцый у Беларусі з'яўляюцца самі міліцыянты, і пацверджанні гэтаму ёсць у справаздачах міжнародных праваабаронцаў. Там апісваецца гвалт з боку міліцыі і прыводзяцца прыклады незаконных затрыманняў. На што Барсукоў сказаў, што ён у гэтым не ўдзельнічаў, бо ён з'яўляецца новым начальнікам, і, маўляў, цяпер будзе ўсё па-іншаму. Таксама ён зрабіў заяву аб тым, што ўсе пералічаныя грошы, а гэта амаль 14 мільёнаў, пойдуць на рахунак дзіцячага дома. Цяпер засталося гэта пасля праверыць.

Мы вельмі рады, што мы дамагліся дазволу на правядзенне акцыі і яна пройдзе пры добрым надвор'і. Настрой добры, і мы ўсіх клічам далучыцца да нас, прыходзіць са сваімі сем'ямі, з дзецьмі, бо Чарнобыль - гэта наша агульная бяда, наша агульная нацыянальная боль. Масавыя акцыі нашай краіне патрэбныя, трэба трымацца разам і разам зрабіць крок да таго, каб абараніць нашу краіну ад вонкавай пагрозы і новых катастроф у будучыні. Асабліва ў такі час, як цяпер.

Прадстаўнікі руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч заклікае разам выступіць супраць трох беларускіх «Чарнобыляў»: экалагічнага, палітычнага і сацыяльнага.

- Чарнобыльскі шлях важны для кожнай беларускай сям'і, бо амаль 30 гадоў, якія прайшлі з моманту Чарнобыльскай катастрофы, нічога ў плане стаўлення ўладаў да грамадства не мяняецца. У савецкі час, у першыя гады пасля Чарнобыля, Чарнобыльскі шлях асацыяваўся выключна з экалагічнай катастрофай, з тымі праблемамі і хваробамі, якія абрынуліся і на жыхароў забруджанай зоны, і на ліквідатараў, і на чальцоў іх сем'яў. Гэта стала доказам таго, што тая, савецкая ўлада, абыякава ставілася да грамадзян. Улада не распачала неабходных захадаў для таго, каб захаваць жыццё і здароўе людзей. Пераемнікам савецкай улады стаў рэжым Лукашэнкі, таму акрамя «экалагічнага Чарнобыля» сёння можна казаць пра «палітычны Чарнобыль». Гэта выяўляецца ў тым, што беларускія грамадзяне пераследуюцца за свае погляды, не маюць магчымасці ўплываць на ўладу і выбіраць яе. А ўлада, адпаведна, грамадства не чуе і не жадае браць у разлік. І цягам апошніх гадоў яшчэ можна казаць і пра «Чарнобыль сацыяльны». Ён выяўляецца ў апошніх заканадаўчых ініцыятывах улады, калі яна запусціла руку ў кішэні самых малазабяспечаных слаёў насельніцтва. Праз сталы эканамічны крызіс пагаршаецца становішча пенсіянераў - а гэта асноўная апора сённяшняга рэжыму. Людзі, якія губляюць працу, або вымушаныя шукаць новую працу праз малыя заробкі, ператвараюцца ў нашай краіне ў «дармаедаў» і зноў штосьці вінныя дзяржаве. Усе гэтыя з'явы аб'ядноўвае тое, што ўлада не падкантрольная і не адказная перад беларускім грамадствам. Таму калі мы заклікаем людзей выходзіць на Чарнобыльскі шлях, мы адначасова гаворым пра ўсе тры нашы «Чарнобылі»: і пра экалагічны, і пра палітычны, і пра сацыяльны, - сказаў палітык.

- Як настроены арганізатары акцыі, чаго чакаеце ў гэтым годзе?

- Цяжка прадказаць, колькі будзе ўдзельнікаў, але мяркуючы паводле прагнозаў, надвор'е не стане перашкодай. Хутчэй людзям можа перашкодзіць выйсці і не выказаць свой пратэст публічна атмасфера страху і абыякавасці. Бо менавіта гэтыя фактары і прымушаюць людзей трываць усё, што адбываецца ў краіне. Але мы спадзяемся на тое, што людзі ўсё ж возьмуць удзел у гэтай акцыі, бо гэта, як раз, легальная магчымасць выказаць свой пратэст, паказаць, што мы ўсе - разам, што мы памятаем пра нашае гора і што мы пратэстуем супраць іншых праблем, палітычных.

Нагадаем, 10 красавіка ў Менгарвыканкам была пададзеная заяўка на правядзенне «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка. Арганізатары папрасілі гарвыканкам дазволіць правядзенне акцыі ў ў наступным фармаце: збор каля кінатэатра «Кастрычнік» з 14 да 15 гадзін і шэсце па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Адшуканне палеглых», размешчанай побач з паркам Дружбы Народаў без мітынгу. Адказ ад Менгарвыканкама быў атрыманы 17 красавіка з невялікімі зменамі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках