28 снежня 2024, Субота, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - «Чарнобыльскі шлях»

30
Сёння - «Чарнобыльскі шлях»

Збор удзельнікаў прызначаны на 14 гадзін ля кінатэатра «Кастрычнік».

Традыцыйная акцыя «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваная да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС дазволеная сталічнымі ўладамі, але з іх ініцыятывы ў гэтым годзе пройдзе з некаторымі зменамі, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Час збору людзей скарацілі з гадзіны да 30-ці хвілін. Дадатковай складанасцю арганізатары шэсця называюць аплату паслуг міліцыі. Кіраўніцтва сталічнай міліцыі са свайго боку паабяцала, што атрыманыя грошы пералічаць у адзін з дзіцячых дамоў.

Шэсце адбудзецца ў нядзелю, 26-га красавіка. Збор удзельнікаў прызначаны а 14-й гадзіне каля кінатэатра «Кастрычнік».

Адтуль шэсце рушыць да помніка «Ахвярам Чарнобыля» ў Менску - Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў, дзе ўскладуць кветкі, запаляць свечкі ды ўшануюць памяць ахвяр і ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы хвілінай маўчання. Дэманстрацыя ў гэтым годзе пройдзе пад лозунгам «Не - расейскай ядзернай пагрозе».

Мітынг арганізатары праводзіць не будуць. Заяўнікі «Чарнобыльскага шляху» Юрась Губарэвіч, Ілля Дабратвор, Дзмітрый Кучук, Віталь Рымашэўскі ды Аляксей Янукевіч паведамілі, што адмова ад яго зусім не азначае, што словы ўдзельнікаў шэсця не будуць пачутыя. Рэзалюцыя ўдзельнікаў маніфестацыі 26 красавіка рыхтуецца. Пра гэта заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, паведамляе «Радыё Свабода».

«Яе праект будзе раздадзены ў друкаванай форме падчас збору ўдзельнікаў. І мы плануем прагаласаваць за рэзалюцыю перад пачаткам руху калоны. Спадзяемся, што яе падтрымаюць.

Асноўны лозунг года: «Не - расейскай ядзернай пагрозе!» гэта і пагроза, звязаная з атамнай энэргетыкай, і з расейскай вайсковай прысутнасцю ў Беларусі, і з расейскім ядзерным шантажом усяго вольнага свету, які ўсё часцей і часцей гучыць з вуснаў не толькі расейскіх публіцыстаў , але і палітыкаў, прычым высокага ўзроўню. Таму мы заклікаем усіх прыходзіць і прыносіць адпаведныя лозунгі, плакаты і транспаранты», - сказаў ён.

Прадстаўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч у каментары charter97.org заклікаў разам выступіць супраць трох беларускіх «Чарнобыляў»: экалагічнага, палітычнага і сацыяльнага.

«Чарнобыльскі шлях важны для кожнай беларускай сям'і, бо за амаль 30 гадоў, якія прайшлі з моманту Чарнобыльскай катастрофы, нічога ў плане стаўлення ўлады да грамадства не мяняецца. У савецкі час, у першыя гады пасля Чарнобыля, «Чарнобыльскі шлях» асацыяваўся выключна з экалагічнай катастрофай, з тымі праблемамі і хваробамі, якія абрынуліся і на жыхароў забруджанай зоны, і на ліквідатараў, і на іх сямейнікаў. Гэта стала довадам таго, што тая, савецкая ўлада, абыякава ставілася да грамадзян. Улада не распачала патрэбных захадаў для таго, каб захаваць жыццё і здароўе людзей.

Пераемнікам савецкай улады стаў рэжым Лукашэнкі, таму акрамя «экалагічнага Чарнобыля» сёння можна казаць пра «палітычны Чарнобыль». Гэта выяўляецца ў тым, што беларускія грамадзяне пераследуюцца за свае погляды, не маюць магчымасці ўплываць на ўладу і выбіраць яе. А ўлада, адпаведна, грамадства не чуе і не жадае браць у разлік.

Апошнія гады яшчэ можна казаць і пра «Чарнобыль сацыяльны». Ён выяўляецца ў апошніх заканадаўчых ініцыятывах улады, калі яна запусціла руку ў кішэні самых малазабяспечаных слаёў насельніцтва. Праз устойлівы эканамічнага крызіс пагаршаецца становішча пенсіянераў - а гэта асноўная апора сённяшняга рэжыму. Людзі, якія губляюць працу або вымушаныя шукаць новую працу праз малыя заробкі, ператвараюцца ў нашай краіне ў «дармаедаў» і зноў штосьці павінны дзяржаве. Усе гэтыя з'явы аб'ядноўвае тое, што ўлада не падкантрольная і неадказная перад беларускім грамадствам. Таму калі мы заклікаем людзей выходзіць на Чарнобыльскі шлях, мы адначасова гаворым пра ўсе тры нашыя «Чарнобылі»: і пра экалагічны, і пра палітычны, і пра сацыяльны», - сказаў палітык.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках