Тадэвуш Гавін: У нас з «Хартыяй'97» агульныя мэты
- 8.11.2017, 14:54
- 13,231
Чаму беларускія палякі падтрымалі стварэнне ініцыятывы «Хартыя'97»?
У лістападзе спаўняецца 20 гадоў з моманту абвяшчэння грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97». 10 лістапада 1997 года быў апублікаваны дакумент, які стаў адпраўным пунктам у гісторыі ініцыятывы. Першымі пад гэтым тэкстам паставілі подпісы 100 самых вядомых у краіне палітыкаў, грамадскіх і культурных дзеячаў, журналістаў. Пазней дакумент падпісалі больш за 100 000 грамадзян Беларусі.
Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю інтэрв'ю з людзьмі, якія 20 гадоў таму стваралі «Хартыю'97». На нашы пытанні адказаў дарадца старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання ў міжнацыянальных стасунках, былы старшыня Саюза палякаў у Беларусі Тадэвуш Гавін:
- Вы адным з першых падпісалі тэкст грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97». Чаму вы ўважаеце гэты дакумент за такі важны?
- Сапраўды, я быў адным з першых, хто падпісаў гэты дакумент. Мяне прыцягнулі мэты і задачы, якія ставіць перад сабою грамадзянская ініцыятыва «Хартыя'97», людзі, якія стваралі яе.
«Хартыя'97» можа ганарыцца 20-ю гадамі добрай працы на карысць вольнай Беларусі.
- На той момант вы з'яўляліся старшынём Саюза палякаў у Беларусі. Вы палічылі, што каштоўнасці і ідэалы «Хартыі'97» перасякаюцца з інтарэсамі польскай дыяспары ў Беларусі?
- Цалкам дакладна. Тыя мэты, якія ставіў перад сабой наш Саюз, знайшлі водгук у «Хартыі'97». Падпісваючы гэты дакумент, я быў упэўнены, што ініцыятыва будзе падтрымліваць патрабаванні, якія вылучаў Саюз палякаў у Беларусі. А ў той час (як і ў гэты момант), правы і свабоды палякаў Беларусі ўсяляк ушчамляліся.
Усё пачалося ў 1995 года годзе, калі ўлады пачалі вынішчаць усякую ініцыятыву і іншадумства. Пачаліся розныя перашкоды ў развіцці польскамоўнай адукацыі. Былі сталыя спробы перашкодзіць культурнай дзейнасці Саюза, на кожным кроку ствараліся перашкоды і падкопы.
Я абсалютна ўпэўнены, што калі б «Хартыя'97» дасягнула сваіх мэтаў напоўніцу, то польская дыяспара ў Беларусі не сутыкнулася з такімі праблемамі, з якімі вымушаная мець справу цяпер. «Хартыя'97» змагалася і змагаецца за дэмакратыю, бярэ за аснову правы чалавека і правы нацыянальных меншасцяў.