Андрэй Саннікаў: Вучэнні «Захад-2017» з'яўляюцца пагрозай для ўсяго рэгіёну
3- 10.07.2017, 16:19
- 23,922
Нельга заплюшчваць вочы на тое, што Лукашэнка дапамагае Расеі ў яе агрэсіўных дзеяннях.
«Даніну павагі, якую прэзідэнт Дональд Трамп аддаў польскай гісторыі, гісторыі барацьбы са злом у нацысцкім і камуністычным увасабленні і польскім змагарам за свабоду таксама важная для нас, беларусаў. Беларусі патрэбныя свабодныя выбары. Давайце не будзем наіўнымі у той час, калі Аляксандр Лукашэнка праводзіць вучэнні «Захад-2017» і ўдзельнічае ў вайсковых авантурах Расеі», - заявіў у інтэрв'ю «Польскаму радыё» (пераклад — Charter97.org) лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў.
Палітык адзначыў, што хоць у Варшаве і не згадвалі пра праблемы беларусаў, прэзідэнт ЗША казаў пра каштоўнасці, за якія яны сёння змагаюцца ў сваёй краіне.
Саннікаў папярэдзіў, што вайсковыя вучэнні «Захад-2017» з'яўляюцца пагрозай для бяспекі ўсяго рэгіёну, у тым ліку і Беларусі.
«Калі аб'яднаць пасланне Трампа аб каштоўнасцях і справаздачы аб манеўрах «Захад-2017», то становіцца зразумела, што аўтакратычны рэжым не ўмацоўвае і не падтрымлівае бяспеку. Еўропа павінна гэта разумець. Беларускі народ можа з упэўненасцю сказаць, што Аляксандр Лукашэнка не з'яўляецца гарантам стабільнасці, а, наадварот, становіцца пагрозай новай нестабільнасці ў рэгіёне. Толькі пры дэмакратычных зменах Беларусь можа ўнесці свой унёсак у рэгіянальную бяспеку», - сказаў Андрэй Саннікаў.
Палітык нагадаў, што беларусы пратэстуюць супраць вучэнняў «Захад-2017».
- Як вы ацэньваеце візіт і выступ прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Польшчы? Ці мае гэта значэнне для рэгіёну? Якое вашае меркаванне як прадстаўніка беларускай дэмакратычнай апазіцыі?
- Я думаю, што гэта была вельмі моцная, выразная прамова. Візіт быў плённым. Я магу толькі працытаваць словы польскіх чыноўнікаў аб тым, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў усё, што яны хацелі пачуць ад яго.
Даніну павагі, якую прэзідэнт Дональд Трамп аддаў польскай гісторыі, гісторыі барацьбы са злом у нацысцкім і камуністычным увасабленні, гераізму палякаў падчас вайны і польскім змагарам за свабоду таксама важная для нас, беларусаў.
Думаю, што гэта вельмі важна: барацьба за свабоду з'яўляецца пазачасавай і ідзе цяпер зусім побач з Варшавай.
- Якімі будуць вынікі гэтай сустрэчы? Напрыклад, ці будзе больш актыўнай палітыка ЗША ў рэгіёне?
- Я спадзяюся на гэта. Прэзідэнт Дональд Трамп казаў пра патрэбу больш моцнай Еўропы, пра NATO, пра важнасць 5-га артыкула і калектыўнай рэакцыі.
На Глабальным форуме ў Варшаве, арганізаваным у тым ліку Атлантычным альянсам, мы казалі пра важнасць трансатлантычнага адзінства. Я думаю, той факт, што прэзідэнт ЗША прысутнічаў на саміце «Трох мораў» таксама вельмі важны. Магу толькі выказаць шкадаванне, што саміт быў абмежаваны чальцамі Еўрапейскага Звязу, таму што я хацеў бы бачыць на ім прадстаўнікоў Украіны, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Прэзідэнт ЗША паслаў моцныя сігналы, асабліва, калі ўлічыць, што гэта было напярэдадні G-20, да першай сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Я ацэньваю гэты візіт вельмі пазітыўна, хоць мая краіна не згадвалася. Тым не менш, прынцыпы, каштоўнасці, пра якія мы хацелі б пачуць, былі згаданыя.
Мы нічога не пачулі пра дэмакратычнае грамадства ў Беларусі, правы чалавека, свабоду, што там адсутнічаюць. Тым не менш, мы чулі, што Еўропа выбірае свабоду, супольнасць свабодных людзей, а Захад, Злучаныя Штаты, Еўрапейскі Звяз заснаваныя на такіх каштоўнасцях. Такім чынам ускосна было агучана пасланне.
- Што вы думаеце аб палітыцы ў дачыненні да Расеі і магчымых сцэнарах, звязаных з ёй? Мы чулі пра Расею, якая дэстабілізуе рэгіён – пра многія агрэсіўныя дзеянні, зробленыя Крамлём, але, вядома, у значнай ступені аб сітуацыі ва Украіне. Што вы думаеце на гэты конт?
- Манеўры «Захад-2017» былі згаданыя некалькі разоў абодвума прэзідэнтамі, Польшчы і ЗША, але пра іх не казалі на плошчы Красінскіх. Гэтыя вучэнні з'яўляюцца прычынай для турботы таксама і беларусаў. У суботу ў Менску правялі чарговую акцыю супраць вучэнняў.
Калі аб'яднаць пасланне Трампа аб каштоўнасцях і справаздачы аб вучэннях «Захад-2017», то становіцца зразумела, што ніводзін аўтакратычны рэжым не ўмацоўвае і не гарантуе бяспеку. Разгортванне войскаў NATO ў Польшчы сведчыць аб тым, што Захад разумее гэта і робіць захады, каб адказаць на гэтыя пагрозы.
Еўропа павінна разумець, што Лукашэнка не з'яўляецца гарантам стабільнасці, а наадварот стаў пагрозай новай нестабільнасці ў рэгіёне. Беларускі народ з упэўненасцю можа гэта пацвердзіць. Толькі з дэмакратычнымі зменамі Беларусь можа зрабіць свой унёсак у рэгіянальную бяспеку.
- Ці ёсць у вас якія-небудзь чаканні ў дачыненні да таго, як беларусам можна дапамагчы ў гэтай сітуацыі?
- Трэба старацца захаваць каштоўнасці. На мінулым тыдні ў Беларусі прайшла сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая не павінна праходзіць у краіне, дзе няма свабодных выбараў і аўтарытарны рэжым.
Упершыню такая вялікая колькасць дэмакратычна абраных парламентарыяў сустракалася з нявыбраным у адпаведнасці з законам «парламентам» Беларусі. Пастанова аб арганізацыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску адмаўляе прынцыпы АБСЕ і моцна падрывае еўрапейскія каштоўнасці.
Гэта кажа пра тое, што не засвоены некаторыя ўрокі. Напрыклад, пры такіх саступках Азербайджану рэпрэсіі там толькі ўзмацніліся. Я не думаю, што такія падзеі могуць палепшыць сітуацыю ў той час, калі ў Беларусі няма вяршэнства закона, свабодных выбараў, трываюць рэпрэсіі, парушаюцца правы чалавека.
- Што павінна быць зроблена ў такім выпадку?
- Мы намагаем, каб былі праведзеныя свабодныя выбары. Гэта вельмі лагічнае, мірнае ўрэгуляванне сітуацыі ў Беларусі. Калі ўлады ў Менску пасылаюць сігналы, што яны гатовыя да змен, то праводзім выбары. Гаворым пра сапраўдныя выбары, а не фальшывыя, якімі яны з'яўляюцца ў Беларусі больш за 20 гадоў. Я думаю, што гэта адзінае мірнае развязанне, якое дазваляе абысціся без гвалту і хаосу. Умова аб неабходнасці правядзення свабодных выбараў можа рэальна нам дапамагчы.
Сёння трэба думаць пра рэальныя рызыкі для рэгіёну. Наіўна заплюшчваць вочы на тое, што Лукашэнка дапамагае Расеі ў яе агрэсіўных дзеяннях, дазваляючы правядзенне на тэрыторыі краіны вучэнняў «Захад-2017», упускаючы ў Беларусь расейскіх жаўнераў са зброяй. Наіўна гэтага не заўважаць.
З Андрэем Саннікавым размаўляла Агнешка Камінская, партал PolskieRadio.pl