27 снежня 2024, Пятніца, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наважвайцеся!

20
Наважвайцеся!
ЮРЫ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

У беларусаў ёсць два выйсці.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org распавёў вядомы беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, каментуючы распачатую год таму барацьбу беларусаў з дэкрэтам аб «дармаедах»:

- Як вы цяпер, праз год, ацэньваеце Марш абураных беларусаў у Менску, і наступныя акцыі ў рэгіёнах?

- Гэта была вельмі важная і станоўчая падзея ў тым сэнсе, што пэўная частка людзей прачнулася і зразумела, што з імі чыніць гэтая злачынная ўлада. У гэтым - велізарны і немінучы плюс Маршаў абраных беларусаў.

З іншага боку, досыць вялікая колькасць «сонных» выклікае ў мяне жаданне звярнуцца менавіта да іх.

Быць на баку тых людзей, якія выходзяць на акцыі - больш разумна, чым сядзець і чакаць, што вас гэта не закране. Бо - закране!

Узгадайце, як на вельмі многіх мітынгах ідзе народ калонай з бел-чырвона-белымі сцягамі, а па другім баку, ціхусенька хаваючыся «на ўсялякі выпадак», ідуць тыя, хто можа і хацелі б далучыцца - але ім страшнавата стаць у шэрагі пратэстоўцаў.

І таму яны нібы ідуць, але так, каб іх, крый Божа, не кранулі. Не, людцы! Вас крануць, прычым крануць найперш. Ва ўсе часы ў гісторыі «краналі» найперш тых, што вагаецца. Перш за ўсё імкнуліся напалохаць масу, якая яшчэ не наважылася на пратэст, і менавіта яна знаходзілася заўсёды пад больш моцным ударам, чым смелыя, якія сталі ў першы шэраг.

Таму ў сучаснага беларуса два выйсці: альбо горда стаць у калону з тымі, хто ідзе, альбо сысці да тых, хто падпявае нашай уладзе і ліжа яе з усіх бакоў. Але тады гэтыя людзі павінны ўяўляць сабе, як на іх паглядзяць іх дзеці ды іх унукі.

А паглядзяць яны на тых, хто здрадзіў сваім дзецям і нічога за гэта не атрымаў. Ордэнаў ім не дадуць. Грошы яны нейкія запрацуюць? Запрацуюць яны шэлегі, за якія прадаюць будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў.

У краіне існуе пакуль яшчэ не вельмі шматлікая група людзей, якіх можна ўжо назваць нацыяй. І будучыня - менавіта за гэтымі людзьмі. Кожны сядун на канапе пакуль можа паспець далучыцца да групы людзей будучыні. Для гэтага трэба разумець вельмі простую рэч: каб здабыць будучыню, гэтую ўладу трэба спыніць. Таму я цалкам з тымі людзьмі, якія збіраюцца выходзіць на пратэсты.

А тым, хто яшчэ не наважыўся, я хачу сказаць: важцеся! Наважвайцеся быць у сваім лёсе не аб'ектам, а суб'ектам. Толькі тады вы станеце людзьмі і атрымаеце бясцэнны дар - вызначаць свой лёс самім.

- А якім было вашае асабістае, суб'ектыўнае, уражанне ад удзелу ў Маршы абураных беларусаў?

- Кожны раз, калі апынаешся ў групе аднадумцаў, калі пачынаеш адчуваць локаць людзей поруч, якія ахвочыя засланіць табе спіну і змагацца за тое ж, што і ты - у гэты момант ахоплівае велізарная натхненне. Гэта не параўнаць з тым, што адчуваюць у калоне амонаўцаў, пустыя вочы якіх мы бачым на фота.

Гэта не даступна спазнаць тым, хто не быў з намі. Ты пачынаеш адчуваць, што змагаешся за сваю будучыню. Гэта ўсё дае каласальнае натхненне. Гэта адбіваецца і на далейшым лёсе і далейшай творчасці людзей, калі казаць пра мастакоў, музыкаў, рэжысёраў, журналістаў.

Звярніце ўвагу: з уладай не працуюць таленавітыя людзі. А шмат жа хто з іх быў таленавіты, пакуль не прыйшоў ва ўладныя калідоры. І раптам - іхні талент пачаў кудысьці знікаць. Чаму? Бо яны не адчуваюць гэтага адзінства з людзьмі, з народам, з нацыяй.

Гэта пачуццё, якое ахоплівае, калі апынаешся ў такой калоне, як 17 лютага, яно вяртае табе творчыя сілы. Яно робіць цябе амаль звышчалавекам. Як нідзе, ты разумееш, што здабыў надзею, самапавагу, пачуццё ўласнай годнасці. Ты разумееш: тут і цяпер ты - чалавек. А гэта ні з чым не параўнальна. Гэта неймавернае адчуванне.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках