СМІ: Манафорт плаціў экс-канцлеру Аўстрыі за лабізм?
- 24.02.2018, 18:59
- 15,392
У расследаванні ФБР згадваецца «Габсбургская група» палітыкаў.
Сярод еўрапейскіх палітыкаў, якім заплаціў былы паліттэхнолаг Партыі рэгіёнаў і экс-кіраўнік перадвыбарнага штаба прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Пол Манафорт, можа быць былы канцлер Аўстрыі Альфрэд Гузенбаўэр.
Пра гэта паведамляе аўстрыйскае выданне Kurier.
У абвінаваўчым заключэнні ФБР супраць Манафорта не называюцца імёны еўрапейскіх палітыкаў, якім Манафорт заплаціў больш за 2 млн даляраў за "выказванні больш зручнай для Украіны пазіцыі".
Аднак там згадваецца "Габсбургская група" палітыкаў, якая актыўна ўзаемадзейнічала з Манафортам у 2012–2013 гадах, на чале з "былым еўрапейскім канцлерам".
Аўстрыйскія СМІ ў суботу паведамілі, што гаворка ідзе пра Альфрэда Гузенбаўэра, які быў канцлерам Аўстрыі ў 2007–2008 гадах. Пры гэтым кандыдатуры іншых "былых еўрапейскіх канцлераў" былі адкінутыя з прычыны адсутнасці актыўнасці з іх боку ў кантэксце Украіны ў 2012–2013 гадах.
Сам Гузенбаўэр адхіляе сваю магчымую датычнасць да лабіравання інтарэсаў Януковіча.
"Я не вёў ніякай дзейнасці на карысць Януковіча або Партыі рэгіёнаў", – заявіў ён, настойваючы, што яго цікавасцю ў 2012–2013 гадах было збліжэнне Украіны з Еўропай.
"Я ўдзельнічаў у публічных мерапрыемствах у Парыжы, Брусэлі і Берліне, каб забяспечыць падпісанне Пагаднення пра асацыяцыю паміж Украінай і Еўразвязам", – заявіў экс-канцлер і дадаў, што пасля адмовы Януковіча ад падпісання асацыяцыі ён згарнуў сваю актыўнасць.
Гузенбаўэр пацвердзіў, што пасля гэтага двойчы ці тройчы сустракаўся з Манафортам на мерапрыемствах, у тым ліку ў Вашынгтоне, аднак адмовіўся размаўляць на тэму атрымання сродкаў ад яго.
Як вядома, Манафорт з'яўляецца цэнтральнай фігурай у расследаванні спецыяльнага дарадцы Роберта Мюлера пра магчымую змову паміж камандай Дональда Трампа і Расеяй, збольшага праз шматлікія сувязі Манафорта з расейцамі і ягоную працу з экс-прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам.