Разблакаванне «Хартыі» як першы крок да свабоды
56- Наталья Радина
- 6.02.2018, 9:10
- 72,722
Мы вельмі шмат што можам.
Ведаеце, што я зразумела ў гэтыя дні? Наколькі важны і моцны голас аднаго чалавека.
Нам жа што ўбівалі ў галаву ўсё жыццё спачатку за «саўком», а потым за Лукашом? Што чалавек маленькі, ён «шрубка» і нічога не вызначае. Маўляў, ну пакуль нас не мільён ці хаця б не 100 тысяч, ніхто нас не пачуе, ні на што мы не паўплываем.
Дык вось, забудзьцеся на гэтую лухту. Пры блакаванні «Хартыі» кожны чытач, які знайшоў спосаб абыходу і прарваўся праз блакаду – абуў у лапці усіх цэнзараў з ААЦ, КДБ ды іншых спецслужбаў.
Кожны, хто падтрымаў «Хартыю» словам у інтэрв'ю СМІ, у сацсетках, напісаў ліст у рэдакцыю (а такіх людзей тысячы!) - сказаў цвёрдае і прынцыповае «не» асабіста Лукашэнку і ягоным апрычнікам.
Кожны ўдзельнік пікетаў у падтрымку «Хартыі», якія цяпер праходзяць у розных краінах, заяўляе свету, што Беларусь мае быць і будзе вольнай.
Людзі, мы - сіла. Мы вельмі шмат можам. Не толькі дамагчыся разблакавання нашага агульнага сайту, але і скінуць гэтае калгаснае ярмо з шыі і зажыць нарэшце па-людску.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org