26 снежня 2024, Чацвер, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэфат Чубараў: Пляму рэжыму Лукашэнкі з Беларусі будзе змыць лёгка

9
Рэфат Чубараў: Пляму рэжыму Лукашэнкі з Беларусі будзе змыць лёгка
РЭФАТ ЧУБАРАЎ
ФОТА: charter97.org/Иван Межуй

Крымскія татары маюць каласальны досвед барацьбы.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў прэзідэнт Сусветнага кангрэса крымскіх татараў, кіраўнік Меджліса крымска-татарскага народа Рэфат Чубараў.

17 сакавіка Рэфат Чубараў удзельнічаў у цырымоніі ўручэння Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча, заснаванай сайтам Charter97.org.

– Гэтай вясной споўнілася чатыры гады з пачатку незаконнай акупацыі Расеяй Крымскага паўвострава. Як змагаюцца крымскія татары, што з'яўляецца для іх арыенцірам?

– Як вы ведаеце, у 20-м стагоддзі мы перажылі найвялікшую трагедыю. У 1944 годзе, 18 траўня, паводле ўказу Сталіна крымскія татары цалкам былі дэпартаваныя са сваёй зямлі і мы 45 гадоў змагаліся за тое, каб зноў і зноў вярнуцца на сваю зямлю.

Сёння тое, што з намі адбываецца, мае вельмі шмат падобнага з тым, што было ў 1944 годзе. Проста на дварэ стаіць 21-е стагоддзе і Пуцін, у адрозненне ад Сталіна, не адважваецца пакуль яшчэ на вачах усяго свету пасадзіць сотні тысячаў людзей у цяплушкі і вывезці іх з Крыма.

Таму расейскія акупанты сёння шляхам запалохвання спрабуюць максімальна выціснуць крымскіх татараў са сваёй зямлі. І не толькі крымскіх татараў – іншых людзей таксама, калі яны застаюцца не лаяльнымі да акупантаў. Расея ператварае Крым у магутны плацдарм для далейшай сваёй агрэсіі, для застрашвання сваіх суседзяў.

Гэта плацдарм на паўднёвым флангу NATO і, зразумела, з іхняга пункту гледжання, на такім ваенным плацдарме расейцам не патрэбныя людзі, якія іх не вітаюць.

Крымскія татары маюць каласальны досвед барацьбы ў варунках розных таталітарных рэжымаў. Тое, што сёння ў гэтай сітуацыі ратуе іх і дапамагае захоўваць годнасць, – гэта ўсведамленне таго, што іхняй галоўнай мэтай з'яўляецца намер жыць на сваёй зямлі. Яны робяць і будуць рабіць усё для таго, каб заставацца ў Крыме.

Крым аб'ядноўвае нас, хоць часам мы можам быць рознымі ў сваіх палітычных поглядах. І калі гаворка ідзе пра тое, што нам варта захоўваць сябе на сваёй зямлі і аберагаць сваю зямлю ад прышлых людзей – нас гэта матывуе каласальна, практычна ўсіх, за выключэннем, можа быць, некалькіх дзясяткаў чалавек.

– Сёння ў Расеі праходзяць прэзідэнцкія «выбары». Як Вы ацэньваеце гэтае мерапрыемства?

– Сёння праводзяцца «выбары» прэзідэнта Расейскай Федэрацыі, але яны заведама з'яўляюцца злачыннымі, паколькі выбары пашыраныя на тэрыторыю іншай дзяржавы, і ў гэтых «выбарах» будуць удзельнічаць грамадзяне іншай дзяржавы, якіх прымушаюць браць удзел ва ўсім гэтым.

Меджліс крымска-татарскага народа загадзя звярнуўся да ўсіх людзей, якія жывуць у Крыме, для таго, каб яны не ўдзельнічалі ў незаконных «выбарах» і не станавіліся суўдзельнікамі злачынства, якое Пуцін і ягонае асяроддзе цяпер робяць не толькі супраць Украіны, але і супраць усяго цывілізаванага свету.

Мы штодня атрымліваем масу паведамленняў пра беспрэцэдэнтны ціск на крымскіх татараў з боку расейскіх акупантаў. Вельмі многія людзі залежаць дэ-факта ад акупацыйнай улады і змушаюцца да таго, каб яны выходзілі самі на ўчасткі і прымушалі рабіць гэта іншых.

Да такіх людзей адносяцца настаўнікі ў школах, лекары ў шпіталях, духоўныя асобы, імамы ў мусульманскіх мячэцях, бізнэсмэны, якім пагражаюць, што калі іх супрацоўнікі не выйдуць на незаконныя «выбары», то яны атрымаюць вялікія праблемы ў сваім бізнэсе.

Акупантам надзвычай важна прадэманстраваць усяму свету тое, што крымскія татары, якія байкатавалі незаконны «рэферэндум» 16 сакавіка 2014 года, нібыта «ўсвядомілі» за гэтыя 4 гады, наколькі «справядлівая» пазіцыя акупантаў ў дачыненні да людзей у Крыме, і прыйшлі галасаваць. Расейцы хочуць зрабіць такую «карцінку».

Пры гэтым ім, вядома, хацелася б, каб на ўчастках з'яўляліся больш-менш вядомыя ў крымска-татарскай супольнасці людзі і каб яны маглі быць потым паказаныя як унутры Крыма, так і за ягонымі межамі.

Хачу таксама зазначыць, што Вярхоўная Рада Украіны 1 сакавіка прыняла адмысловы зварот да парламентаў, урадаў, прэзідэнтаў краінаў, а таксама да міжнародных арганізацый.

У гэтай заяве лідараў усіх краінаў заклікаюць пазбягаць візітаў у РФ у перыяд, калі паўнамоцтвы прэзідэнта будзе выконваць тая асоба, якая будзе вызначаная ў ходзе незаконных «выбараў» на тэрыторыі Крыму, а таксама не запрашаць тую асобу, якая будзе як бы «абраная прэзідэнтам».

Хоць мы ўсе выдатна разумеем, што выбараў у Расеі няма і прызначаным прэзідэнтам Расеі зноў будзе Пуцін.

– У Беларусі 24 студзеня быў заблакаваны сайт «Хартыя-97». Як Вы ацэньваеце пазіцыю беларускіх уладаў у дачыненні да правоў чалавека і свабоды СМІ?

– Хачу пачаць з таго, што 19 снежня 2017 года адбылося галасаванне на Генеральнай Асамблеі ААН паводле рэзалюцыі наконт становішча правоў чалавека ў часова акупаваным Крыме.

Толькі жменька дзяржаваў прыняла ў гэтым пытанні бок агрэсара і акупанта Расеі, і сярод гэтай жменькі была Беларусь, паколькі яе прадстаўнік у ААН падтрымаў РФ.

Такім чынам гэты прадстаўнік дзяржавы Беларусь заявіў, што на тэрыторыі акупаванага Крыму няма ніякіх праблемаў з правамі чалавека, што ўсё там «добра».

Я гэтую сітуацыю ўспомніў для таго, каб сказаць пра тое, што дзяржава, якая тэрарызуе сваіх грамадзянаў, якая закрыла любыя магчымасці для выканання элементарных правоў чалавека, рэжым, які кідае людзей у турмы, не можа падтрымліваць іншыя дзяржавы і грамадства.

Але я хачу асабліва падкрэсліць, што мы ва Украіне, і асабліва крымскія татары, умеем праводзіць лінію паміж народам і ўладамі ў тых ці іншых дзяржавах. Мы адчуваем асаблівую сімпатыю да беларускага народа. Гэта асабліва тычыцца крымскіх татараў: у нас ёсць у Беларусі часцінка нашай душы. Часткай беларускай нацыі з'яўляюцца татары, якія там жывуць ужо стагоддзямі.

Гэта была некалі адзіная супольнасць, частка якой пасялілася на тэрыторыях ВКЛ, і мы ведаем, якой павагай карыстаюцца ў беларускай нацыі мусульмане-татары.

І таму для нас асабліва балюча, што ў 21-м стагоддзі, калі краіны аб'ядноўваюцца на аснове правоў і свабодаў чалавека і спрабуюць максімальна развіваць сваё грамадства, Беларусь воляй Лукашэнкі і ягоных сатрапаў, застаецца плямай на мапе планеты.

Але я хачу падкрэсліць, гэтую пляму будзе ўсім нам, і ў першую чаргу самому беларускаму народу, змыць лёгка, гэта адбудзецца аўтаматычна тады, калі падзе пуцінскі рэжым, калі Расея зменіцца. І таму ўсё тое, што сайт «Хартыя-97» робіць дзеля беларускага народа, і тое, што мы робім ва Украіне – усё накіраванае на тое, каб гэтыя рэжымы зніклі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках