27 снежня 2024, Пятніца, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Час вярнуць санкцыі супраць Лукашэнкі

33
Мікалай Статкевіч: Час вярнуць санкцыі супраць Лукашэнкі
ФОТА: РІА "НОВОСТИ"

Рэжым выдаў праўду пра сваё становішча.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, каментуючы масавыя арышты ўдзельнікаў акцыі пратэсту на Дзень Волі ў Менску:

- У юбілейны Дзень Волі Беларусь і свет убачылі, наколькі несвабодная наша краіна. І ўзровень гэтай несвабоды пакуль толькі расце. Узровень рэпрэсій з боку беларускага рэжыму ўвесь час прагрэсуе.

Улады баяліся масавага шэсця ад плошчы Якуба Коласа, таму напярэдадні свята пайшлі на некаторыя «саступкі»: дазволілі нам адную з частак праграмы, а менавіта - канцэрт.

Але дзень 25 сакавіка стаў яшчэ адным момантам праўды: з удзельнікамі традыцыйнага святочнага шэсця жорстка расправіліся, а гледачоў на канцэрце паставілі ў зневажальныя ўмовы і рамкі.

Я вельмі ўдзячны тым людзям, тым патрыётам Беларусі, якія дайшлі або спрабавалі дайсці да плошчы Якуба Коласа ў Менску, каб прадэманстраваць сваю волю да свабоды. Гэтая яшчэ раз паказвае, што дух свабоды, дух БНР, у Беларусі яшчэ жыве. І пакуль хаця б адзін чалавек у краіне змагаецца за свабоду - гэты дух жывы.

Я рады, што канцэрт каля Опернага тэатра прайшоў паспяхова. Думаю, мы ўсе павінны быць удзячныя той таленавітай маладзі, якая здолела арганізаваць выдатную імпрэзу. Але пры гэтым хачу далучыцца да слоў Уладзіміра Някляева: «Аднымі канцэртамі мы Беларусь свабоднай не зробім».

- Як думаеце, чаму вас і вашых калегаў з БНК вызвалілі ўвечары таго ж дня?

- 25 сакавіка ўлада паказала сваю фізічную сілу, але разам з тым удала і сваё бяссілле.

Рэжым Лукашэнкі выдаў праўду пра сваё становішча: у яго няма рэсурсаў на доўгачасовыя рэпрэсіі. Увечары 25 сакавіка ўлады павінны былі вызваліць амаль усіх затрыманых напярэдадні ці ў Дзень Волі.

Гэта пацвярджае тэзіс: можна быць альбо дыктатарам, альбо проськай. На двух крэслах уседзець не атрымаецца. Лукашэнка баіцца сваіх жа дзеянняў, і мы зноў гэта ўбачылі. Рэпрэсіі супраць удзельнікаў свята давялося часткова згарнуць, памятаючы пра тое, што давядзецца зноў прасіць грошы. Таму дыктатура не такая моцная, як здаецца на першы погляд, калі вымушаная касаваць свае ж пастановы.

Дзень 25 сакавіка паказаў, што ёсць пратэстная, народная апазіцыя, якую прадстаўляе Беларускі Нацыянальны Кангрэс. І ёсць афіцыйна дазволеная уладай «апазіцыя».

Таксама 25 сакавіка чарговым разам праявілася тое, пра што можна было здагадвацца і раней: некаторыя СМІ, якія працуюць з тэрыторыі Беларусі і называюць сябе «дэмакратычнымі», у многіх сітуацыях пераходзяць на бок улады. Іх паводзіны выклікаюць пачуццё глыбокай гідлівасці.

- Брутальны разгон мірнай акцыі на Дзень Волі паўтараецца другі год запар. Якая рэакцыя Захаду была б найбольш адэкватнай у гэтай сітуацыі?

- Я не спадзяюся на імклівую рэакцыю еўрабюракратаў. Думаю, што лепш апеляваць да грамадзянскіх інстытутаў і арганізацый заходняга грамадства, якія пасля могуць паўплываць і на палітыкаў.

Ад еўрапейскай супольнасці я чакаю як мінімум салідарнасці з нашай краінай і хоць бы сімвалічнага непрымання беларускай улады. 25 сакавіка паказала, што надышоў час вярнуць хоць бы тыя сціплыя захады супраць рэжыму Лукашэнкі і яго самога, якія гучна звалі санкцыямі. Хоць яны шмат у чым былі сімвалічнымі, але надавалі маральную падтрымку тым, хто змагаецца ў Беларусі.

Розныя сілы, якія ўваходзяць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, будуць звяртацца - кожны праз свае каналы - да міжнароднай супольнасці, каб давесці да яе звесткі бясспрэчнага факту - 25 сакавіка беларускія ўлады ўжывалі катаванні да арыштаваных. БСДП (Народная Грамада), напрыклад, будзе звяртацца да міжнароднай сацыял-дэмакратыі.

- Якія канкрэтныя факты вы можаце падаць?

- Ёсць вельмі шмат зафіксаваных фактаў, найперш - з РАУС Савецкага раёну Менску. Так, дзяўчатам-праваабаронцам заломлівалі пальцы, каб зняць адбіткі, цягалі за валасы, каб сфатаграфаваць.

Актывіста БСДП (Народная Грамада) Сяргея Спарыша закавалі ў кайданкі, каб ён не мог паварушыцца, і паклалі на асфальт у халоднае надвор'е. Ён праляжаў так чатыры гадзіны, а супрацоўнікі РАУС станавіліся на яго нагамі.

Гэта называецца - катаванні. І мы гэта так не пакінем. Усе гэтыя факты будуць старанна зафіксаваныя. Разумею, што цяпер улада дасць нам толькі фармальны адказ. Але калі сітуацыя зменіцца, сведчанні аб злачынствах змогуць «загаварыць» зноў. А перамены непазбежна прыйдуць, і справядлівасць будзе адноўленая.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках