Вольга Нікалайчык: Беларусы атрымалі магутны сігнал
23- 1.04.2018, 9:11
- 103,733
Лукашэнка знаходзіцца пад каўпаком і вельмі слабы.
Пра гэта сайту Charter97.org заявіла грамадская актывістка і рэжысёрка Вольга Нікалайчык, каментуючы падзеі, звязаныя са святкаваннем 100-годдзя БНР.
- Цяпер многія кажуць пра адмысловы «паслясмак» Дня Волі сёлета. А на вашу думку - што адбылося ў Беларусі 25 сакавіка?
- Я б сказала так: паміж сабой сутыкнуліся наша старажытная і моцная традыцыя і новая, подлая, тактыка ўладаў.
Традыцыі святочнага шэсця на Дзень Волі - больш за 20 гадоў. Яна ў большай ступені з'яўляецца гісторыяй нашай краіны, чым чужародная ўлада Лукашэнкі. 20 гадоў беларусы захоўваюць пераемнасць з усімі, хто змагаўся за незалежнасць нашай краіны ў мінулым і гэтым стагоддзі.
Кожны год, 25 сакавіка, ідэя незалежнай, еўрапейскай Беларусі, закладзеная бацькамі-заснавальнікамі БНР, ажывае зноў і зноў. Асабліва сімвалічна казаць гэтыя словы ў сувязі са святам каталіцкага Вялікадня, калі вернікі перажываюць сакрамэнт ўваскрэсення Хрыста. Так і ідэя нашай незалежнасці ўваскрасае кожны год увесну, у Дзень Волі.
Сёлета свята 100-годдзя БНР было асаблівым. Частка грамадства, на чале з такімі вядомымі палітыкамі, як Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, заявіла ўладам, што будзе бараніць свае каштоўнасці. На самай справе людзей, якія жадалі годна адсвяткаваць стагоддзе БНР шэсцем і канцэртам, было значна больш, чым паведамлялі некаторыя СМІ. Таму напалоханая ўлада і пайшла на аперацыю «Траянскі конь».
- Што вы разумееце пад гэтым выразам?
- Канцэрт, які праводзіўся ля Опернага тэатра, мог стаць лагічным завяршэннем шэсця. Але ўлада паспрабавала зрабіць з яго такога вось «траянскага каня», які б раз'ядноўваў настроеных супраць рэжыму Лукашэнкі людзей. А іх у нас - ужо большасць. Менавіта таму канцэрт быў «скарэктаваны» на пэўны час, а шэсце з плошчы Якуба Коласа - забароненае.
Людзі былі дэзарыентаваныя гэтым і шмат хто пайшоў адразу на канцэрт, думаючы, што там будзе сапраўднае свята. Гэта прыклад маніпуляцыі: з дапамогай кішэннай «апазіцыі» людзей прывучаюць ісці на ўгоды з сумленнем у інтарэсах улады. Які можа быць святочны канцэрт, калі прама перад ім арыштавалі 120 чалавек?
Горка было ўсведамляць, што так і не ўсе гэта зразумелі. Бо ўсё ж так проста: марш і канцэрт павінны былі аб'ядноўваць нас, а не раз'ядноўваць. Я таксама хацела прыйсці на канцэрт, але з горда паднятай галавой, прайшоўшы па праспекце Незалежнасці пад бел-чырвона-белым сцягам.
Зрэшты, скажу шчыра: ад рэжыму Лукашэнкі я іншага і не чакала. Ён не ўмее дзейнічаць прама, ісці ў бой з адкрытым забралам. Лукашэнка - васал Крамля. І з халуйскім рабалепствам капіюе рысы свайго гаспадара. Паслугач Пуціна апрыёры не можа выклікаць даверу. Я шмат разоў казала: бессэнсоўна дамаўляцца з тымі, хто адкусвае па локаць, калі яму прапанавалі палец. Лепш захаваць і тое, і тое цэлымі - спатрэбіцца для больш карысных мэтаў.
Таму я не здзівілася, калі пад маімі вокнамі яшчэ з серады пачалі з'яўляцца невядомыя тыпы ў цывільным, больш падобныя на алкаголікаў.
- Гэта вашы пляменнікі так назвалі іх?
- Дзяцей наогул цяжка падмануць. Часта яны бачаць свет больш рэальна, чым мы, дарослыя.
- А як вас затрымлівалі?
- Затрымлівалі так, што я ўсё роўна адсвяткавала Дзень Волі прама ў момант арышту.
«Дзякуючы» ім атрымалася нават эфектней, чым я чакала. Я прыехала на таксі на плошчу Якуба Коласа. Як толькі машына спынілася, мяне схапілі і пачалі запіхваць ужо ў іншую машыну. Але я паспела пракрычаць «Жыве Беларусь!» - так, што мяне пачулі многія на плошчы.
Але галоўнае - мяне пачулі на небе нашы гордыя і смелыя продкі, бацькі-заснавальнікі БНР. Для мяне гэтага было дастаткова. Думаю, што паспешная i драматычная «зачыстка» плошчы Якуба Коласа толькі дапамагла мне адсвяткаваць Дзень Волі ярка і годна.
- Што было пасля затрымання?
- У машыне мяне адразу пачалі здымаць на камеру і пытацца: «Колькі ў вас штрафаў?». Я ім адказала: «Супакойцеся, штрафаў ужо няма». Затым я паспела патэлефанаваць сваёй знаёмай, якая ішла на плошчу Якуба Коласа, і папярэдзіць яе пра «хапун». Яшчэ паспела павіншаваць Паўла Севярынца, у якога напярэдадні нарадзіўся сын.
Затым у мяне запатрабавалі адключыць тэлефон і павезлі ў РАУС Партызанскага раёна. Там мяне пратрымалі некалькі гадзін у халоднай камеры тыпу карцара - без вокнаў, нараў і санвузла. Толькі на падлозе былі невысокія дошкі. Я наладзілася быць там да панядзелка, але праз некалькі гадзінаў мяне вывелі з карцэра і адвезлі на Акрэсціна.
Там я таксама была настроена, што ўсё гэта расцягнецца надоўга. Але блізу дзевяці вечара дзверы камеры адкрыліся і гадзіны праз паўтары мяне вызвалілі, вярнуўшы і сцягі, і мегафон, і партрэты палітвязняў. Узялі, праўда, распіску ў тым, што я прыйду на суд над сабой.
- Як вы растлумачыце такое нечаканае вызваленне?
- Па-першае, я вельмі ўзрадавалася, што Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Леанід Кулакоў, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель - таксама на волі.
Мы нават паспелі з імі адзначыць Дзень Волі і юбілей БНР і абмеркаваць, чаму нас вызвалілі. Думаю, што гэты факт - наймагутнейшы сігнал для ўсіх, хто змагаецца з уладай. Лукашэнка знаходзіцца пад прыцэлам, пад каўпаком. Ён не настолькі моцны, каб рабіць тое, што ўздумаецца. Еўропа можа рэальна ўплываць на працэсы ў Беларусі. На жаль, пакуль толькі Еўропа.
Але для нас гэта, паўтаруся, важны сігнал. Калі мы выкажам больш настойлівасці, то таксама зможам далучыцца да гэтага працэсу. Трэба проста быць больш згуртаванымі, не даваць сябе раз'ядноўваць з дапамогай усякага роду «траянскіх коней». Тады мы зможам рэальна кіраваць сітуацыяй у краіне.