26 снежня 2024, Чацвер, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі саступае

73
Рэжым Лукашэнкі саступае

У беларусаў з'явіўся шанец здабыць свабоду і захаваць незалежнасць краіны.

Для мяне існуюць дзве Беларусі. Першая - нацыянальна свядомая, патрыятычная, з веданнем рэальнай гісторыі краіны і адказнасцю за яе будучыню. Другая - абыякавая да абстрактных ідэй, устурбаваная пераважна толькі жыццём сваіх сем'яў.

Першую Беларусь хвалюе будучыня краіны і нацыі, другую - толькі ўласны дабрабыт. І, безумоўна, першая Беларусь непараўнальна меншая за другую.

Гісторыя апошняга стагоддзя паказвае, што калі першая Беларусь не абапіраецца на падтрымку другой, то ўсе яе праекты ўпарадкавання нацыі і дзяржавы зазнаюць паразу. Як гэта было 100 гадоў таму. Тады ледзь не адзіны масавы выступ беларусаў за незалежнасць - у 1920 годзе ў Слуцкім раёне, - стаў вынікам аб'яднання нацыянальна свядомых палітыкаў і сялян, якія хацелі абараніць свае гаспадаркі ад бальшавіцкіх рэквізіцый.

У пачатку 90-х першая Беларусь здолела прыцягнуць да сябе надзеі другой, змучанай савецкім дэфіцытам неабходных рэчаў, карупцыяй і хлуслівасцю камуністычнай наменклатуры. Але, на жаль, ненадоўга.

Падчас першых і адзіных свабодных прэзідэнцкіх выбараў людзі, якія перажывалі сацыяльны шок і назіралі рост карупцыі і маёмаснай няроўнасці, чакалі ад палітыкаў зразумелых прапаноў для развязання сваіх праблем. Замест гэтага тагачасны лідар нацыянальных сіл пачаў публічную барацьбу супраць здані даўно памерлага Леніна і незразумелую тады для большасці кампанію супраць Расеі, якая ў той час яшчэ спрабавала шукаць шляхі да свабоды і, між іншым, без умоў забяспечвала Беларусь таннымі газам і нафтай.

Акрамя таго, вядучая ў той час нацыянальная партыя пачала дзіўную канкурэнцыю з грамадскімі арганізацыямі за права святкаваць пераможныя гадавіны беларускай ваеннай гісторыі. Разумею, як важна для нацыянальна свядомай меншасці, тады і цяпер, хоць на некалькі гадзін апынуцца сярод вялікай колькасці аднадумцаў, у суквецці нацыянальных сцягоў. Але занятая выжываннем большасць успрымала зацыкленасць нацыянальных палітыкаў на незразумелых яму святах, як ігнараванне імі яе болю, яе праблем. Таму на прэзідэнцкіх выбарах выбрала таго, хто казаў аб галоўным для іх. Вынік таго выбару вядомыя.

20 гадоў патрыёты ў меншасці змагаліся за дэмакратыю, супрацьстаялі спачатку спробам улады здаць краіну, потым - гандляваць яе суверэнітэтам. Але цяпер у меншасці апынуўся сам кіроўны рэжым, які ненавідзіць 80% насельніцтва. У патрыятычных сіл ёсць цяпер усе перадумовы і абавязак узначаліць пратэстную большасць. Для гэтага трэба публічна выступіць у абарону сацыяльных і палітычных правоў людзей. Ужо існуе грамадскі кансэнсус незалежнасці, дэмакратыі, неабходнасці перамен. Да таго ж, калі людзі бачаць, што вы сапраўды абараняеце іх інтарэсы, то яны ў адказ прымаюць і вашу ідэалогію.

Каб стаць рэальнай альтэрнатывай рэжыму, трэба, перш за ўсё, публічна пазначыць сябе ў гэтай якасці. Акрамя масавых пратэстных акцый, у патрыятычных сіл больш няма рэальных сродкаў для гэтага. Бо заявы ў памяшканнях ніхто не чуе. А «выбары» ўжо не цікавяць нікога, акрамя чыноўнікаў, якія арганізуюць патрэбныя лічбы.

На жаль, кіраўніцтва дазволенай апазіцыі за гады ціску ўлады не толькі страціла здольнасць супрацьстаяць ёй, але нават патрапіла пад уплыў рэжыму. Каб пазбегнуць свайго самага важнага, але небяспечнага абавязку - барацьбы за дэмакратыю і незалежнасць, кіраўнікі большасці апазіцыйных партый пачалі займацца выключна «малымі справамі», якія павінны належаць арганізацыям грамадскага сектара.

Праўда, ёсць яшчэ перыядычная імітацыя «ўдзелу» ў імітацыі «выбараў», але яе можна не ўлічваць праз нікчэмны ўплыў на сітуацыю.

«Малыя справы», накіраваныя на паляпшэнне рэжыму, не прынясуць свабоды, бо маюць дакладнае абмежаванне - улада іх церпіць, пакуль яны не пачынаюць супярэчыць яе інтарэсам. Да таго ж, калі ўсе палітыкі пойдуць у грамадскі сектар, то рэжым пачне пераследаваць грамадскіх актывістаў - створаная машына рэпрэсій не можа прастойваць.

Улада разумее небяспеку для сябе масавых пратэстных акцый. Яна не толькі рэпрэсуе іх удзельнікаў, але імкнецца дыскрэдытаваць саму ідэю пратэсту.

Як гэта не дзіўна, да кампаніі дыскрэдытацыі пратэсту актыўна далучыліся некаторыя з нацыянальна свядомай часткі грамадства. Арганізатараў выключна мірных акцый пратэсту, на якіх людзі патрабавалі свабодных выбараў і дыялогу з уладай, насуперак здароваму сэнсу сталі называць «радыкаламі», якія «гуляюць на руку Масквы».

Спустошаныя энэргетычна і ідэйна былыя нацыянальныя лідары думак гатовы задаволіцца імітацыяй «беларусізацыі ў дробязях», заплюшчыўшы вочы на рэальна катастрафічны стан дзяржавы. Дайшло да таго, што асобныя «мысляры» сталі лічыць галоўнай надзеяй на захаванне незалежнасці ненавісную для народа персону, якая свядома ператварыла нашу краіну ў філіял іншай дзяржавы, якая нясе адказнасць за катастрафічны стан мовы і засілле расейскай вайсковай прапаганды ў медыйнай прасторы Беларусі. Дзіўнае, падобнае да паталогіі імкненне заўсёды заставацца ў меншасці.

Падрыхтоўка і святкаванне 25 сакавіка, калі кіраўнікі дазволеных рэжымам партый за спінамі большасці аргкамітэта дамаўляліся з чыноўнікамі, якія толькі што апусцілі іх на «выбарах», выразна паказала рэальны стан. Для нас цяпер відавочна, што ролю адзінай рэальнай альтэрнатывы кіроўнаму рэжыму для пратэстнай большасці народа можа ўзяць на сябе толькі Беларускі Нацыянальны Кангрэс.

Мы апынуліся пад ударамі з усіх бакоў. Але не адступім, бо разумеем - калі мы не станем альтэрнатывай рэжыму ў вачах большасці, то яна знойдзе для сябе альтэрнатыву за межамі Беларусі. Тады наша краіна страціць нават фармальную незалежнасць.

Мы ніколі не змірымся з ганебнай сітуацыяй, калі беларусы застаюцца АДЗІНАЙ заняволенай нацыяй у Еўропе. Нягледзячы ні на што, мы будзем далей змагацца. Бо толькі мы яшчэ маем шанец аб'яднаць абедзве Беларусі, каб здабыць свабоду і захаваць незалежнасць нашай краіны.

Героі, якія 25 сакавіка выйшлі на плошчу Якуба Коласа, не толькі абаранілі гонар нашай нацыі. Яны не толькі паказалі Беларусі і свету хлуслівасць гульняў рэжыму з «беларусізацыяй» і «лібералізацыяй». Яны яшчэ захавалі, у гадавіну падаўлення леташняга народнага выступу за свае правы, наш шанец на народную павагу і давер. А значыць - наш шанец выратаваць сваю краіну.

Свабоду нельга дачакацца. Свабоду немагчыма выпрасіць. Свабоду можна толькі здабыць.

Мікалай Статкевіч, адзін з кіраўнікоў Рада БНК

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках