Кемаль Азкан - беларускім уладам: Час падыходзіць да канца
7- 22.04.2018, 20:26
- 37,578
Міжнародныя прафзвязы паставілі Менску ультыматум.
Прайшло чатырнаццаць гадоў пасля таго, як Камісія расследаванняў МАП вынесла рэкамендацыі ўраду Беларусі, але прафзвязы дагэтуль зазнаюць пераслед і ўмяшанне ў іх унутраныя справы, піша spm-by.org.
Глабальны звяз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафзвязаў (МКП) арганізавалі супольную місію ў Беларусь, каб выказаць салідарнасць з сяброўскімі арганізацыямі і сустрэцца з прадстаўнікамі ўрада. 18 красавіка сябры місіі сустрэліся з чыноўнікамі Міністэрства працы і міністэрства замежных спраў і выказалі глыбокую ўстурбаванасць у сувязі з нападам на незалежныя прафзвязы і ціскам на прафзвязных актывістаў у Беларусі.
У жніўні 2017 года на распараджэнне ўладаў праваахоўныя органы затрымалі прафзвязных лідараў і наладзілі ператрусы ў офісах Беларускага незалежнага прафзвязу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў (БНП) і Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Абодва прафзвязы - сябры Глабальнага звязу IndustriALL і праз Беларускі кангрэс дэмакратычных прафзвязаў уваходзяць у Міжнародную канфедэрацыю прафзвязаў і яе Усееўрапейскую рэгіянальную рады (УЕРР).
Старшыню Менскай гарадской арганізацыі і галоўнага бухгалтара прафзвязу РЭП Ігара Комлік вызвалілі толькі 1 кастрычніка, пасля двух месяцаў турэмнага зняволення. Улады прадаўжаюць расследаванне крымінальнай справы, распачатай супраць лідараў прафзвязу РЭП Ігара Комлік і Генадзя Фядыніча. Іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у вялікай суме за атрыманне салідарнай дапамогі ў рамках прафзвязнага супрацоўніцтва. Абодвум лідарам пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
трываюць пагрозы і пераслед у дачыненні да шараговых чальцоў прафзвязу РЭП.
Следчы камітэт Беларусі дапытаў не менш за 550 чалавек. Характэрна, што следчых у асноўным цікавіла прафзвязная дзейнасць, а не фінансавыя пытанні прафзвязу. Кампутары ды іншае абсталяванне, а таксама дакументы, канфіскаваныя ў жніўні ў прафзвязных офісах, дагэтуль не вярнулі.
Беларускія памежнікі на падставе барацьбы з кантрабанднымі таварамі затрымліваюць актывістаў прафзвязу РЭП, якія вяртаюцца з-за мяжы, для правядзення ператрусу багажу і асабовага дагляду.
Беларускія ўлады падрываюць дзейнасць незалежных прафзвязаў у адплату за іх паспяховую барацьбу супраць новага дэкрэта, што карае беспрацоўных. Першая версія дэкрэта была скасаваная пасля масавых пратэстаў, ініцыятарамі і натхняльнікамі якіх былі незалежныя прафзвязы. Улады ўнеслі змены, але сутнасць дэкрэта засталася ранейшая - зараз цяпер прымушаюць плаціць больш высокімі тарыфамі за паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай.
Намеснік генеральнага сакратара IndustriALL Кемаль Озкан так пракаментаваў вынікі сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага ўрада:
«Мы выказалі ўстурбаванасць з нагоды цяперашняй сітуацыі з прафзвязамі і правамі працоўных у Беларусі і прапанавалі дапамогу і супрацоўніцтва, каб выправіць сітуацыю.
Ці будзе гэты крок сапраўды пачаткам доўгага шляху да паляпшэння - гэта пытанне, якое мы адрасуем ураду Беларусі.
Аднак, калі сур'ёзнага адказу не будзе, Беларусь не стане годным чальцом міжнароднай супольнасці. Час падыходзіць да канца. Наступная сесія Міжнароднай канферэнцыі працы, на якой можа быць разгледжанае беларускае пытанне, адбудзецца ў чэрвені», - заявіў прафзвязны лідар.
Адначасова з місіяй адбыліся акцыі пратэсту прафзвязаў каля пасольстваў Беларусі ў Бэльгіі, Грузіі, Кыргызстане, Украіне і Швайцарыі. Дэлегацыя прафзвязаў сустрэлася з паслом у Жэневе, які выказаў жаданне перайсці да трохбаковай сістэмы сацыяльнага дыялогу.
Чальцы прафзвязнай дэлегацыі заявілі, што перш чым пачаць дыялог, трэба стварыць умовы, пры якіх прафзвязныя актывісты не будуць баяцца судовага пераследу за прафзвязную дзейнасць. Удзельнікі прафзвязных акцыі пратэсту запатрабавалі:
• Спыніць пераслед незалежных прафзвязаў у Беларусі;
• Выконваць міжнародныя абавязанні, узятыя на сябе Беларуссю, выконваць Канвенцыю МАП № 87 аб свабодзе аб'яднання і абароне права на арганізацыю ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Камісіі расследавання;
• Спыніць масавыя допыты шараговых чальцоў РЭП і іншых незалежных прафзвязаў і закрыць крымінальную справу ў дачыненні да лідараў прафзвязу РЭП Фядыніча і Комліка.
Лісты з аналагічнымі патрабаваннямі былі перададзеныя ў пасольства Беларусі ў многіх іншых краінах.