Кіраўнік МЗС Літвы: Блакаванне «Хартыі-97» - гэта ўдар па свабодзе слова
2- 26.04.2018, 12:56
- 39,444
У дачыненнях Літвы і Беларусі ёсць пытанні, якія перашкаджаюць прагматычнаму супрацоўніцтву.
Пра гэта міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў у эксклюзіўным інтэрв'ю Сharter97.org.
- Як на сёння складаюцца дыпламатычныя стасункі Літвы з Беларуссю?
- Стасункі на лініі Менск - Вільня я б назваў прагматычнымі, але, вядома, гледзячы ў якім пытанні. Што да АЭС у Астраўцы наша пазіцыя па-ранейшаму застаецца востра негатыўнай, з аргументацыяй наконт гэтай праблемы мы азнаёмілі як нашых рэгіянальных партнёраў, так і Еўрапейскі Звяз. Ва ўсіх астатніх галінах, такіх як транспарт і лагістыка, перавозка грузаў праз нашы парты - тут усё ідзе прагматычна.
- Аднак нядаўна Беларусь уручыла ноту амбасадару Літвы ў сувязі з апублікаванай інфармацыяй аб нібыта праблемах пры ўтылізацыі радыеактыўных адкідаў на Ігналінскай АЭС.
- Ніякага інцыдэнту там напраўду не было. Беларускі бок спрабуе прадэманстраваць, што ў нас такія ж праблемы пры закрыцці атамнай станцыі ў Ігналіне, як у іх пры будаўніцтве АЭС у Астраўцы. І што? Нічога. Мы ўсё высветлілі, далі тлумачэнні што ніякіх інцыдэнтаў не было. У адрозненне ад беларускага боку, дзе да нас паступае інфармацыя аб парушэннях і праблемах падчас будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы.
- Такіх спробаў «забалбатаць праблему» з боку Менска можа быць больш?
- Гэта залежыць ад таго, якой тактыкі яны (у Менску - рэд.) будуць прытрымлівацца, згодна з воляй Крамля будуючы сваю АЭС у Астраўцы. Атамная станцыя ў Астраўцы - гэта расейскія грошы і тэхналогіі, плюс імкненне экспартаваць энэргію ў краіны Захаду, але ні Літва, ні Польшча яе імпартаваць не маюць намеру.
Такі маштабны і дарагі праект як АЭС, усё далей і далей штурхае Беларусь у абдымкі Крамля, пазбаўляючы Менск самастойнасці. У нас у Літве супраць Беларусі нічога няма, больш за тое, для нас важнае пытанне эканамічнага дабрабыту і росквіту гэтай краіны.
- Некалькі месяцаў таму ўлады Беларусі заблакавалі на сваёй тэрыторыі наш сайт Charter97.org, абмежаваўшы права грамадзян на інфармацыю.
- Асабіста мне вельмі сумна, што Менск наважыў нанесці такі ўдар па свабодзе слова. Маё міністэрства выказвалася ўжо ў гэтым пытанні, і больш за тое, мы адпаведна прарэагавалі. Мы ацэньваем такую дзейнасць Беларусі негатыўна, сваё стаўленне мы стараемся максімальна дэклараваць.