25 снежня 2024, Серада, 20:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Час вяртаць санкцыі супраць Лукашэнкі

17
Наталля Радзіна: Час вяртаць санкцыі супраць Лукашэнкі

Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» сустрэлася з прадстаўнікамі найбуйнейшай праваабарончай арганізацыі Швецыі.

Пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі «Civil Rights Defenders» напісалі на сваім сайце.

3 траўня ў свеце адзначалі Міжнародны дзень свабоды прэсы. Аднак у многіх краінах гэтыя свабоды падрываюць, ігнаруюць і парушаюць. Журналісты падпадаюць пад нападкі, пераслед, турэмныя зняволенні і нават забойствы. Некалькі тыдняў таму ў Беларусі былі прынятыя новыя драконаўскія папраўкі ў Закон аб СМІ, якія яшчэ больш пагаршаюць становішча журналістаў.

Прадстаўнікі найбуйнейшай праваабарончай арганізацыі Швецыі Civil Rights Defenders сустрэліся з Наталляй Радзінай - беларускай журналісткай, якая не па чутках ведае, да чаго можа прывесці рэпрэсіўнае заканадаўства ў галіне СМІ. Наталля з'яўляецца галоўнай рэдактаркай сайта Charter97.org - аднаго з найстарэйшых і найбуйнейшых незалежных сайтаў у Беларусі. 24 студзеня гэтага года сайт быў заблакаваны беларускім урадам.

«Лукашэнка заўсёды змагаўся з незалежнымі журналістамі, на працягу 24 гадоў свайго кіравання ён знішчаў свабоду слова і любыя праявы іншадумства ў Беларусі. Цяпер ён спрабуе «зачысціць» інтэрнэт», - кажа Наталля.

У краіне засталося ўсяго некалькі незалежных СМІ, і ўлады пастаянна падрываюць свабоду прэсы і права на свабоду выказвання меркавання. У 2018 годзе ў (сусветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь заняла 155 месца з 180 магчымых.

На працягу доўгага часу каманда «Хартыі-97» зведвала рэпрэсіі за сваё жаданне свабодна асвятляць падзеі, што адбываюцца ў Беларусі. Яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2010 годзе сайт трапіў «пад прыцэл» Аляксандра Лукашэнкі. У той час Андрэй Саннікаў, адзін з заснавальнікаў «Хартыі-97», выступаў палітычным апанентам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.

«Дыктатар зразумеў значэнне інтэрнэту і наважыў знішчыць свабоду і тут. І пачаў з нас - самага папулярнага сайта. У 2010 годзе быў забіты заснавальнік нашага сайта Алег Бябенін, супраць сайта былі распачатыя чатыры крымінальныя справы, наша абсталяванне было канфіскаванае, мы перажылі шматлікія ператрусы, напады на рэдакцыю. Падчас аднаго з ператрусаў мяне збілі супрацоўнікі міліцыі. Урэшце у дзень выбараў 19 снежня 2010 года ўсе журналісты рэдакцыі былі затрыманыя, а я арыштаваная паводле крымінальнай справы. Але мы выстаялі і працягнулі працу з-за мяжы», - кажа Наталля.

У адказ на парушэнні правоў чалавека, учыненыя беларускім рэжымам у 2010 годзе, Еўрапейскі звяз прыняў пастанову аб увядзенні санкцый. Аднак два гады таму санкцыі былі скасаваныя без якіх-небудзь сістэмных паляпшэнняў у галіне правоў чалавека.

«Нават пасля масавых рэпрэсій супраць удзельнікаў акцый пратэсту, якія прайшлі ў Беларусі ўвесну 2017 года, не было ніякай сур'ёзнай рэакцыі Захаду. Адсутнасць рэакцыі, імаверна, з'яўляецца спробай апраўдаць беспадстаўна скасаваныя санкцыі супраць дыктатуры Лукашэнкі. Акрамя масавых арыштаў удзельнікаў мірных дэманстрацый (а вясной 2017 года былі арыштаваныя блізу 1000 чалавек), на працягу мінулага года падпала пад рэпрэсіі больш за 100 журналістаў, арыштоўвалі і штрафавалі фрылансераў, распачыналі крымінальныя справы супраць блогераў, у турмах працягваюць знаходзіцца палітзняволеныя. Урэшце быў заблакаваны сайт Charter97.org і ўводзіцца закон, які ўзмацняе цэнзуру ў інтэрнэце і прадугледжвае блакаванне нават сацыяльных сетак», - кажа Наталля Радзіна.

Праз год пасля скасавання санкцый праваабаронцы апублікавалі даклад, заснаваны на шматлікіх інтэрв'ю і апытаннях, праведзеных з беларускімі праваабаронцамі. Паводле звестак, у Беларусі не было дасягнута істотнага прагрэсу ў галіне грамадзянскіх і палітычных правоў.

«З боку міжнароднай супольнасці павінна рушыць жорсткая рэакцыя на тое, што адбываецца ў Беларусі. Але перш за ўсё нам патрэбныя канкрэтныя дзеянні - санкцыі. Яны карысныя, пасля іх увядзення ў Беларусі вызвалялі палітычных зняволеных. Як толькі санкцыі скасоўваюцца, рэпрэсіі ўзмацняюцца», - кажа Наталля.

Нягледзячы на нападкі на свабоду слова, якія мелі месца ў Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе, інтэрнэт-СМІ былі адной з нямногіх пляцовак для выказвання сваёй думкі ў Беларусі. Аднак у апошнія гады гэта прастора таксама звузілася. Былі распрацаваныя новыя рэпрэсіўныя папраўкі да Закона аб сродках масавай інфармацыі, а незалежныя сродкі масавай інфармацыі, такія як сайт Charter97.org, былі заблакаваныя ўладамі.

«Журналісты знаходзяцца пад пастаянным ціскам з боку ўладаў. Адным з прыкладаў з'яўляюцца журналісты, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, у тым ліку і беларускімі, якія працуюць з-за мяжы. Усе яны вымушаныя працаваць фрылансерамі, бо атрымаць акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў практычна немагчыма. У выніку людзі, якім было адмоўлена ў акрэдытацыі, падпадаюць пад пераслед і затрыманні на дэманстрацыях», - кажа Наталля Радзіна.

З нядаўна ўнесенымі папраўкамі ў закон аб сродках масавай інфармацыі, журналісты ў Беларусі рызыкуюць трапіць пад новае рэпрэсіўнае заканадаўства, накіраванае на далейшае абмежаванне свабоды выказвання меркавання, у прыватнасці ў інтэрнэт-прасторы.

«Папраўкі ў Закон аб СМІ прадугледжваюць больш жорсткі кантроль за інтэрнэтам і, між іншым, за каментарамі чытачоў і сацыяльнымі сеткамі», - кажа галоўная рэдактарка «Хартыі-97».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках