Еўрадэпутатка заклікала вярнуць персанальныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
14- 29.08.2018, 10:42
- 33,008
Цяперашнія пераследы журналістаў у Беларусі - вынік адсутнасці рэакцыі з боку ЕЗ на блакаванне сайта «Хартыя-97».
Дэпутатка Еўрапейскага парламента ад Вялікабрытаніі Джулі Вард накіравала афіцыйны ліст галоўным дыпламатам Еўразвязу: вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ у замежнай палітыцы і бяспецы Федэрыцы Магерыні і еўракамісару ў палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханэсу Хану.
Дэпутатка заклікае «вярнуць персанальныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і замарозіць праграмы фінансавай дапамогі» з боку ЕЗ.
Папраўкі ў закон аб СМІ, і нядаўнія арышты журналістаў tut.by і БелаПАН - гэта наўпроставы вынік «адсутнасці належнай рэакцыі» з боку Еўракамісіі на блакаванне сайта «Хартыя-97» раней у гэтым годзе.
Падаем тэкст ліста Джулі Вард:
«Паважаная высокая прадстаўніца Магерыні,
Паважаны камісар Хан,
Я пішу вам, каб выказаць сваю ўстурбаванасць з нагоды сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі і са свабодай прэсы.
Як вам вядома, прадстаўнікі беларускіх уладаў нядаўна правялі серыю ператрусаў і арыштаў журналістаў, якія падазраюцца ў несанкцыянаваным доступе да матэрыялаў дзяржаўнага навінавага агенцтва.
Арыштам папярэднічалі ператрусы, падчас якіх было канфіскавана прафесійнае абсталяванне.
З наступных паведамленняў восем журналістаў былі выпушчаныя з-пад арышту. Аднак абвінавачванні не былі знятыя, і некаторым журналістам пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Гэтыя трывожныя падзеі працягваю тэндэнцыю пастаянных парушэнняў свабоды СМІ беларускімі ўладамі. Пераследы журналістаў пачаліся раней у гэтым годзе з блакавання незалежнага навінавага інтэрнэт-сайта Charter97.org.
Мне, як і многім іншым, здаецца, што беларускія ўлады адчулі сябе беспакаранымі ў выніку пасіўнасці, выяўленай Еўрапейскай камісіяй у дачыненні да першай хвалі парушэнняў свабоды прэсы. Адсутнасць належнай рэакцыі з боку Еўрапейскай камісіі заахвоціць беларускія ўлады на далейшае паслабленне свабоды прэсы ў краіне шляхам увядзення жорсткіх паправак у закон аб СМІ. Незалежныя блогеры і журналісты-фрылансеры зазнаюць пераслед беспрэцэдэнтных маштабаў.
Таму, я заклікаю вас спыніць гэта непрымальнае маўчанне і тэрмінова выпусціць заяву, якая асуджае цяперашнія пераследы журналістаў, вярнуць персанальныя санкцыі супраць рэжыму, і замарозіць праграмы фінансавай дапамогі, якую атрымлівае кіраўніцтва Беларусі цяпер.
Буду чакаць вашага адказу, гатова падаць усялякую дадатковую інфармацыю.
Шчыра Ваша,
Джулі Вард
Дэпутатка Еўрапейскага парламента»