Наталля Радзіна - беларускім бізнэсоўцам: Можа, годзе сядзець у турмах?
39- 5.09.2018, 11:27
- 55,765
Можа, годзе аддаваць усё заробленае ўладам?
Сітуацыю ў беларускіх незалежных медыях тэлеканал “Белсат” абмеркаваў з галоўнай рэдактаркай сайту Charter97.org Наталляй Радзінай. Падаем стэнаграму размовы.
- Ні для каго не сакрэт, што ў Беларусі адбываецца атака на незалежныя медыі. Заблакаваныя навінавыя старонкі, гучная "справа БелТА", затрыманні журналістаў, бясконцыя штрафы. Разам са мной у студыі знаходзіцца галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна. Добры вечар!
- Добры вечар!
- Я прагледзеў справаздачу, якую апублікавала Amnesty International, і на першай старонцы адразу згадваецца "Хартыя-97", тое, што яна заблакаваная ў Беларусі. Там таксама напісана, што Вам прыходзяць асабовыя пагрозы.
- Так, гэта ўсё ёсць сёння. Мне сапраўды пагражалі забойствам кагадзе. Атака на свабоду слова ў Беларусі пачалася ў студзені сёлета, чарговая сур'ёзная хваля, калі быў заблакаваны сайт "Хартыя-97". І я тады папярэджвала, калі не будзе журналісцкай салідарнасці, то гэтая атака прадоўжыцца.
Паглядзіце, што адбылося за апошнія паўгода. Былі прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія ўзмацнілі цэнзуру ў інтэрнэце, пачалі распачынацца крымінальныя справы супраць рэдактараў нават памяркоўных медыяў і незалежных блогераў, прайшлі ператрусы ў рэдакцыях некалькіх вядучых незалежных медыяў, якія, у прынцыпе, стаяць не на самых крытычных пазіцыях у дачыненні да ўлады. 18 журналістаў былі затрыманыя, пайшлі пагрозы забойства мне, і сёння мы бачым, што ўлады выкарыстоўваюць яшчэ адзін метад ціску на журналістаў - гэта фінансавае здушэнне. 3 верасня я была вымушаная звярнуцца да чытачоў з просьбай дапамагчы сайту "Хартыі-97" фінансава, падтрымаць яго і распавяла пра сітуацыю, якая сёння складваецца з усімі незалежнымі медыямі Беларусі.
Ёсць некалькі такіх магчымасцяў знішчыць медыі: гэта забойствы і арышты журналістаў, крымінальныя справы, ператрусы ў рэдакцыях, блакаванне і закрыццё выданняў, а таксама фінансавае здушэнне. “Хартыя-97" прайшла праз усе гэтыя этапы, і цяпер мы бачым, што з падачы ўлады пачаўся апошні. Міжнародныя фонды пачалі адмаўляць нам у фінансавай дапамозе. І такая сітуацыя сёння ва ўсіх беларускіх незалежных медыях. Усе знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы і ў кожны момант могуць закрыцца.
Чаму гэта адбываецца? Трэба казаць пра гэта, патрэбная дыскусія. Чаму на фоне гучных заяў аб нейкай барацьбе, якая сёння нібыта вядзецца з расейскай, з пуцінскай прапагандай, медыі на постсавецкай прасторы застаюцца кінутымі, нікому не патрэбнымі і з цяжкасцю працягваюць сваю працу.
Прычым, гаворка ідзе аб лідарах, бо “Хартыя” – гэта медыя-лідар у Беларусі. Учора мяне ўзрушыла, што адначасова разам з намі аб фінансавых цяжкасцях абвясціла найбольш вядомая і найстарэйшая расейская незалежная "Новая газета". Я надоечы была ў Кіеве і сустракалася з кіраўніцтвам крымска-татарскага тэлеканала ATR, які сёння вяшчае на акупаваны Крым, і высветлілася, што яны таксама ледзь сточваюць канцы з канцамі. Такая ж сітуацыя, я ведаю, у расейскага заблакаванага сайта "грані.ру", такая ж сітуацыя ў армянскіх медыяў, даслоўна сёння да мяне звярнулася галоўная рэдактарка Гала ТВ Карына Аруцюнян і сказала: "Мы напраўду маем такія ж праблемы, як і вы. Нам таксама адмаўляюць фонды". Чаму гэта адбываецца?
- Чаму донары праводзяць такую палітыку ў дачыненні да беларускіх, украінскіх і расейскіх СМІ?
- Я бачу на прыкладзе Беларусі такую тэндэнцыю. Нам жа сталі адмаўляць у падтрымцы фонды, якія павінны падтрымліваць дэмакратыю, у той час, калі пачалося так званае паляпшэнне стасункаў Захаду з рэжымам Лукашэнкі. І мы бачым, што цяпер адбываюцца бесперапынныя ваяжы еўрапейскіх чыноўнікаў у Менск, і паралельна з Лукашэнкам сустракаюцца і кіраўнікі вось гэтых самых фондаў, якія павінны падтрымліваць дэмакратыю. Яны сустракаюцца з дыктатарам. Ён ім цісне руку, ён ім за нешта дзякуе. За што ён ім дзякуе?
Я ведаю даўно, што беларускія ўлады ўвесь час заклікаюць еўрапейскіх чыноўнікаў, у тым ліку кіраўнікоў фондаў, спыніць падтрымку сайту “Хартыі” ды іншых незалежных медыяў. Склалася сітуацыя, калі фонды, якія павінны падтрымліваць дэмакратыю, сёння больш падтрымліваюць дыктатуру. Гэта проста факты. Мы бачым, што сёння ў Беларусі атрымліваюць фінансавую дапамогу ад Еўразвязу збольшага так званыя GONGO – квазінезалежныя арганізацыі, якія створаныя самімі ўладамі. Мы бачым, што значна скарочаная падтрымка праваабарончым арганізацыям. Арганізацыям, якія сапраўды займаюцца абаронай правоў чалавека. Незалежным медыям, якія спрабуюць асвятляць сітуацыю ў краіне з незалежных, не праўладных пазіцый.
- Але хіба на Захадзе не бачаць гэтай сітуацыі? Яны не бачаць, не разумеюць, што ёсць грамадзянская супольнасць, сфармаваная дзесяцігоддзямі ў Беларусі, якая супраціўляецца аўтарытарнаму рэжыму? Яны гэтага не разумеюць, не бачаць? Ці гэта проста такая іх палітыка?
- Сёння такая палітыка Еўразвязу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, але прабачце, гэта няўрадавыя фонды, якія існуюць таксама на ўнёскі і ахвяраванні. Іх місія падтрымліваць дэмакратыю. А яны сёння... Я заўважыла, што шмат якія кіраўнікі фондаў, я не кажу пра ўсіх, ператварыліся ў чыноўнікаў. Яны рэальна чыноўнікі, бюракраты. Ты ім распавядаеш, праз што прайшоў, праз што прайшлі журналісты, як мы працуем, у якіх варунках, што ў Беларусі адбываецца, наколькі цяжка наогул журналістам у краіне. Ім гэта не цікава, яны гэтага не разумеюць. Гэта, агулам, для іх не важна. Людзі гэтым не жывуць. Я не ведаю, з чым гэта звязана.
- Я разумею, чаго дамагаюцца беларускія ўлады. Для іх самае галоўнае, каб было адно афіцыйнае меркаванне – іхняе меркаванне. І ніякай альтэрнатывы не можа быць. А чаго такім чынам дамагаюцца гэтыя заходнія арганізацыі? Яны маюць стратэгіі развіцця, дзейнасці і гэтак далей. Тады якая стратэгія?
- Я хачу падзякаваць Польшчы і Літве, якія сёння дапамагаюць сайту "Хартыі" ды іншым беларускім незалежным медыям. Чамусьці ў Польшчы ў мяне такіх праблем не ўзнікае. Тут улады выдатна разумеюць, наколькі важная свабода слова ў Беларусі. Іншая рэч, што сёння польскай дапамогі нам не дастаткова, цалкам яна не кампенсуе ўсе нашыя выдаткі, якія сёння і так сціснутыя і, увогуле, невялікія з улікам нашай працы і велізарнай аўдыторыі сайту. Сёння стаіць пытанне, чаму не дапамагаюць іншыя дзяржавы, чаму такая палітыка фондаў. Можа быць, надышоў час абмеркаваць гэта?
Цяпер шмат гаворыцца аб барацьбе з пуцінскай прапагандай, але Пуцін фінансуе свае медыі. Паглядзіце, што ў Беларусі ёсць велізарны медыя-гігант “Спутнік”, і гэты спрут увесь час разрастаецца. Бесперапынна, ледзь не штодня з'яўляюцца прарасейскія новыя сайты. Працуюць усе расейскія тэлеканалы, ідзе апрацоўка мазгоў беларусаў. І ў той жа час беларускія незалежныя медыі, якія адзіныя бароняць ідэю суверэнітэту Беларусі, апынаюцца ў стане выжывання. Гэта трэба абмяркоўваць. Чаму так у Расеі адбываецца з незалежнымі медыямі, чаму ва Украіне, у Арменіі, у Азербайджане? Чаму гэта агульная праблема на ўсёй постсавецкай прасторы? Чаму медыі, якія людзі любяць, якія паважаюць, апынуліся ў такой сітуацыі?
Ніякай рэальнай барацьбы з расейскай прапагандай не адбываецца. Гэта проста балбатня. Можа, трэба мяняць кіраўнікоў гэтых фондаў? Можа, трэба ствараць новыя фонды?
- А з кім тады размаўляць?
- Гэта трэба абмяркоўваць з кіраўніцтвам Еўразвязу.
- Але калі яны не бачаць гэтай сітуацыі, якая адбываецца? Калі яны самі прымаюць гэтыя пастановы?
- Я думаю, яны змогуць убачыць гэтую праблему, калі мы будзем пра гэта казаць. Таму што нельга гэтую праблему замоўчваць. Маюць некаторыя людзі такую рысу: “Давайце мы прамаўчым. Калі мы скажам, можа быць яшчэ горш". Спадарства, горш ужо не будзе. Бо калі мы цяпер, напрыклад, не выратуем сайт "Хартыі", далей тое ж самае будзе і з іншымі незалежнымі медыямі.
Надоечы я бачыла фармуляр заяўкі аднаго заходняга фонду, які раней дастаткова актыўна дапамагаў беларускім незалежным медыям, і ў ім з'явілася новае пытанне: “Як да вашага праекту паставяцца цэнтральныя і мясцовыя ўлады ў Беларусі?" Гэта што? Яны пытаюцца ў дыктатара, ці можна дапамагаць заяўнікам? Гэта ўжо граніца.
- А можа, гэта і ёсць іхняя новая стратэгія, нібы памірыць паміж сабой апазіцыю і тых, хто крытычна да іх ставіцца, з тымі, хто сёння стаіць пры стырне ў краіне, пасадзіць іх за адзін стол размаўляць.
- Я магу сказаць, наадварот, учора праваабаронцы абвясцілі, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася, і мы бачым, што адбываецца са свабодай слова, яна знішчаецца на пні. Узяліся за ўсіх. Закрываюць не толькі "Хартыю", наступным можа быць tut.by, БелаПАН, “Белсат". "Белсат" і так пераследуюць бесперапынна, вы ж плаціце нейкія шалёныя, велізарныя штрафы.
- Так, толькі з пачатку гэтага года мы заплацілі 28 тысяч даляраў штрафаў.
- Гэта велізарная сума.
- Хіба беларускія ўлады не бачаць расейскую прапаганду - "Спутнік" і розныя СМІ, якія ствараюцца цяпер? Хіба беларускія ўлады не разумеюць гэтай праблемы? Мне здаецца, акурат на апошняй Радзе, калі Лукашэнка сабраў новых кіраўнікоў сваёй тэлевізіі, "Советской Белоруссии”, ён ім акурат ставіў задачу “выбіваць" гэты расейскі змест.
- Я бачу адваротнае. Бо беларусы не сталі пасля блакавання сайта "Хартыі" чытаць беларускія афіцыйныя сайты. Мы як былі найбольш папулярныя ад усіх афіцыйных сайтаў разам узятых, так і застаемся. Бо (дзякуй нашым чытачам) беларусы абыходзяць блакаванне і хочуць свабоднай незалежнай інфармацыі. Я бачу толькі тое, што Лукашэнка, знішчаючы незалежныя беларускія медыі, сёння працуе на Маскву.
Узгадайце, што адбывалася ва Украіне. Хеўра Януковіча знішчала незалежныя медыі акурат у Крыме і на Данбасе. Адбывалася гэта відавочна на замову з Крамля. Тое, што робіць сёння Лукашэнка, знішчаючы незалежныя медыі, пераследуючы журналістаў - цалкам паўтарае той сцэнар, які Крэмль разыгрываў ва Украіне перад акупацыяй тэрыторый. І таму гэта ўсё можа сёння адбыцца ў Беларусі.
Дзякуй вам за запрашэнне ў эфір. Я хацела б скарыстацца выпадкам і звярнуцца да чытачоў сайта "Хартыі", падзякаваць усім за падтрымку. Паверце, для нас гэта неверагодна важна. Проста да слёз. Я разумею, як усім цяжка, але паверце мне, мы працуем для вас. Вось ужо 20 гадоў мы працуем для вас і давайце падтрымліваць адзін аднаго. Бо, нарэшце, мы маем разам змяніць сітуацыю.
Хацела б таксама звярнуцца да беларускіх бізнэсоўцаў. Можа, годзе сядзець у турмах? Можа, годзе аддаваць усё заробленае ўладам? Можа, варта сёння дапамагчы тым людзям, якія спрабуюць змяніць сітуацыю ў краіне, у тым ліку, дапамагчы вам спакойна працаваць у Беларусі?
Хацелася б таксама звярнуцца да беларускай дыяспары. Дапамажыце сёння фінансава незалежным медыям і дапамажыце ім палітычна, звяртайцеся да ўрадаў сваіх краін і заклікайце іх звярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі, на сітуацыю з незалежнымі медыямі, далучайце іх да справы Беларусі.
Паверце мне, у нас усё атрымаецца і мы абавязкова пераможам.
- Шчыра дзякую. Няма чаго больш дадаць. Мы размаўлялі ў "Гарачым каментары" з Наталляй Радзінай, галоўнай рэдактаркай сайта “Хартыя -97”. Шчыра дзякую за гутарку.
3 верасня галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна заявіла аб пагрозе працы інфармацыйнага рэсурсу праз значнае скарачэння фінансавання і заклікала чытачоў дапамагчы сайту.
АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:
РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:
Назва банка:Bank Millennium S. A.
Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa
IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123
SWIFT: BIGBPLPW
Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»
Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe
Звязацца з намі можна праз адрас [email protected]