Беларусы масава байкатавалі спектакль Ярмошынай
19- 18.11.2019, 14:00
- 65,172
Назіральнікі паведамілі рэальныя паказчыкі прыходу на ўчастках.
Паводле звестак назіральнікаў кампаніі «Права выбару», на пяці з дзявяці акругаў, дзе працавалі назіральнікі, «выбары» не адбыліся. Самае вялікае разыходжанне ў афіцыйным прыходзе і тым, што зафіксавалі назіральнікі, - 35% - зафіксаванае ў Магілёўскай Ленінскай акрузе №84, паведамляе tut.by.
- За час назірання выяўленае 731 парушэнне, пададзеныя 622 скаргі, 341 - толькі за ўчорашні дзень. З участкаў былі выдаленыя 97 назіральнікаў. Асноўныя зафіксаваныя парушэнні: адсутнасць адкрытага падліку галасоў, масавае выдаленне назіральнікаў і забарона рабіць копію пратаколаў - гэта наўпроставае парушэнне Выбарчага кодэкса. Гэта не давалі рабіць, часам нават з выкарыстаннем фізічнай сілы [да назіральніка], - заявілі каардынатары кампаніі.
Прадстаўнікі кампаніі назіралі за выбарамі на ўсіх участках дзявяці акругаў ва ўсіх абласных цэнтрах, Менску і Бабруйску.
Некаторыя парушэнні на выбарчых участках зафіксавалі і журналісты. У нядзелю карэспандэнт тэлеканала «Настоящее время» Серж Харытонаў на ўчастку №20 Заслаўскай выбарчай акругі №77 у Менскім раёне падчас падліку галасоў зафіксаваў, як камісія высыпала са скрыні для датэрміновага галасавання складзеныя пачкі бюлетэняў.
- Адзін з трох назіральнікаў на гэтым участку заявіў, што ў яго ёсць падазрэнні аб завышэнні прыходу.
На відэа, якое зняў сам назіральнік, ён нагадвае старшыні камісіі, што бюлетэні з датэрміновага галасавання і асноўнага дня трэба лічыць асобна, у той час як камісія змесціва ўсіх скрынь проста высыпала на адзін стол.
- Паасобку? Блін, што ж мы нарабілі. Трэба было асобна, - уздыхае старшыня камісіі. - Ну што ж, будзем мінусаваць па выніках: будзем агульны падлік рабіць і датэрміновыя.