«Польскае радыё»: Беларускія апазіцыянеры просяць дапамогі ў прэзідэнта і прэм'ер-міністра Польшчы. Гаворка ідзе пра партал «Хартыя-97»
4- 27.03.2019, 13:18
- 42,109
Сайт Charter97.org з'яўляецца бясспрэчным лідарам супраціву расейскай інфармацыйнай агрэсіі.
Лідары беларускай апазіцыі (у тым ліку Станіслаў Шушкевіч, які падпісаў Белавежскія пагадненні), звяртаюцца па дапамогу да прэзідэнта Польшчы Анджэю Дуды і прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага.
Беларускі незалежны партал «Хартыі-97», рэдакцыя якога праз рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў сёння знаходзіцца ў Варшаве, мае праблемы з фінансаваннем і можа вымушана спыніць сваю дзейнасць, піша «Польскае радыё».
«Мы звяртаемся да вас з просьбай дапамагчы ў справе падтрымкі інтэрнэт-партала «Хартыя-97». Просім вашай дапамогі, каб захаваць гэты ўнікальны медыярэсурс, які эфектыўна супрацьстаіць расейскай прапагандзе ў Беларусі. Мы ўпэўненыя, што гэта будзе служыць бяспецыі незалежнасці не толькі беларускага, але і польскага народа», - гаворыцца ў лісце, пад якім падпісаліся першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідар прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, старшыня партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, паэт і лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, сустаршыня партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Павел Севярынец, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.
«Сёння Беларусь знаходзіцца ў складаным становішчы. Цяпер нашая краіна ў выніку папушчальніцтва і садзейнічання кіроўнага рэжыму апынулася ў расейскім інфармацыйным полі. На беларускае грамадства штохвілінна абрынаецца магутны струмень маскоўскай прапаганды.
У інтэрнэт-прасторы бясспрэчным лідарам супраціву інфармацыйнай агрэсіі з'яўляецца легендарная «Хартыя-97» - першы і, нягледзячы на спробы рэжыму заблакаваць яго, самы папулярны беларускі грамадска-палітычны сайт. Але цяпер падтрымка з боку Польшчы памяншаецца да памераў, пры якіх выкананне рэдакцыяй сайта сваёй місіі робіцца немагчымым. Страта ключавога апірышча супрацьстаяння інфармацыйнай агрэсіі ў сеціве ў час, калі пагроза нашай незалежнасці значна ўзрастае, можа прывесці да цяжкіх наступстваў для нашай краіны», - гаворыцца ў лісце.
Сharter97.org працуе ў трох моўных версіях - ангельскай, беларускай і расейскай. У мінулым годзе сайт святкаваў сваё 20-годдзе. У Беларусі рэдакцыя «Хартыі-97» неаднаразова зазнавала рэпрэсіі і ператрусы. Галоўная рэдактарка Наталля Радзіна была арыштаваная КДБ пасля выбараў 2010 года. Ёй давялося ўцякаць з краіны. Затым да яе далучылася частка рэдакцыі. Заснавальнік сайта Charter97.org Алег Бябенін быў знойдзены павешаным падчас выбарчай кампаніі 2010 года - яго сябры не вераць, што гэта была натуральная смерць.
«Хартыя-97» нязручная для Крамля, а таксама для Аляксандра Лукашэнкі, менавіта таму сайт быў заблакаваны ў Беларусі ў пачатку мінулага года. Тым не менш, сайт быў настолькі папулярны, што адваяваў вялікую частку аўдыторыі. Абысці блакаванне можна, выкарыстоўваючы проксі-сэрверы. У сваёй рэзалюцыі Еўрапейскі парламент заклікаў лукашэнкаўскія ўлады разблакаваць сайт Charter97.org, а таксама спыніць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ.
Пасля 2014 «Хартыя-97» надае шмат увагі не толькі сітуацыі ў Беларусі, але і ва Украіне, Расеі і палітыцы Захаду, што вельмі важна, бо расейская прапаганда ўзмоцнена працуе ў Беларусі.