COVID-19: кіраўніцтва Балгарыі пайшло на карантын
- 11.01.2022, 19:48
- 10,938
Мера закранула прэзідэнта, старшыню Рады міністраў, міністра эканомікі і прамысловасці і кіраўніка МУС.
Кіраўніцтва Балгарыі пайшло на карантын праз кантакт з інфіцыраваным каранавірусам. Пра гэта паведаміў у аўторак, 11 студзеня, галоўны санітарны лекар краіны Ангел Кунчаў, паведамляе DW.
Мера закранула, між іншым, прэзідэнта Балгарыі Румэна Радзева, старшыню Рады міністраў Кірыла Пяткова, міністарку эканомікі і прамысловасці Карнэлію Нінову, кіраўніка МУС Бошка Рашкова, а таксама лідараў найважнейшых партый і фракцый у парламенце. Падставай паслужыў выяўлены каранавірус у старшыні Народнага сходу (парламента. - Рэд.) Ніколы Мінчава.
Працягласць ізаляцыі трэба вызначыць
У панядзелак, 10 студзеня, Мінчаў узяў удзел у амаль шасцігадзінных кансультацыях з вышэйзгаданымі палітыкамі ў пытанні аб узаемадачыненнях з Рэспублікай Паўночная Македонія.
Міністэрству аховы здароўя яшчэ трэба вызначыць працягласць ізаляцыі кожнага з палітыкаў, перадало агенцтва dpa. Гэта, між іншым, залежыць ад статусу вакцынацыі ўказаных асоб.
Узровень вакцынацыі - самы нізкі ў ЕЗ
У Балгарыі на фоне пятай хвалі каранавіруса і распаўсюджвання амікрон-варыянту расце колькасць новых інфікаваных. Паводле звестак на 10 студзеня, за дзень яно дасягнула 6761 у краіне з насельніцтвам больш за 6,9 млн чалавек. Паводле ацэнак партала Worldometer, з пачатку пандэміі ў краіне выяўлена 787178 заражаных, 31672 чалавекі памерлі з COVID-19.
Сярэдні паказчык захворвання за сем дзён склаў 517,9 новых выпадкаў на 100 000 чалавек. Два тыдні таму ён дасягаў 133,5.
Балгарыя па-ранейшаму знаходзіцца ў самым нізе спісу краін ЕЗ па ўзроўні вакцынацыі супраць каранавірусу: толькі 28,1% насельніцтва атрымалі дзве дозы вакцыны. І толькі ў 5,5% ёсць бустарная прышчэпка.