25 снежня 2024, Серада, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар Мартаў: Лічбы Міністэрства аховы здароўя ніколі не супадаюць са звесткамі з месцаў

1
Лекар Мартаў: Лічбы Міністэрства аховы здароўя ніколі не супадаюць са звесткамі з месцаў
УЛАДЗІМІР МАРТАЎ
ФОТА: АЛЯКСАНДР ВЕЛЕДЗІМОВІЧ

Вядомы віцебскі лекар - пра новую тактыку фальсіфікацыі звестак уладамі.

Былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай дапамогі Уладзімір Мартаў падзяліўся з “Філінам” меркаваннем аб новай кавіднай статыстыцы ўладаў, аб будучым заводзе вакцын пад Віцебскам і гатоўнасці краіны да новых магчымых хваль каранавіруса.

- Афіцыйная статыстыка ў апошнія дні ставіла рэкорд за рэкордам. Колькасць зарэгістраваных выпадкаў перавысіла 8 000, пасля чаго ў Міністэрстве аховы здароўя заявілі аб рэзкім спадзе. Ваша меркаванне на гэты конт?

- Пачынаючы з мінулага тыдня сапраўды быў заўважаны выбухны рост колькасці хворых. Такога яшчэ ніколі не было, а гэта ўжо пятая хваля. Гэта было відаць няўзброеным вокам: з аповядаў сяброў, родных, калег-лекараў. Гэта было прыкметна і, адпаведна, міністэрства пачало мяняць лічбы.

Што адбудзецца зараз - учора, сёння, заўтра - цяжка сказаць. Па-першае, ведамства памяняла правілы дыягностыкі. І калі вы, напрыклад, ставіце зараз дыягназ "ковід" на вока, то я не ведаю, як гэта будуць лічыць у Міністэрстве аховы здароўя.

Па-другое, лічбы міністэрства ніколі не супадалі з лічбамі з месцаў. Напрыклад, калі я яшчэ працаваў загадчыкам, аднойчы ў мяне было сем памерлых за дзень. Быў такі перыяд. А міністэрства падавала, што сем чалавек памерла ў краіне.

Зразумела, што на нейкім этапе ўсе гэтыя лічбы карэктаваліся. Таму ніякага дачынення да статыстыкі гэтыя лічбы не маюць. Гэта ўвогуле нельга назваць статыстыкай. Але тое, што яны паказалі выбухны рост - так, адбілі. Бо людзі бачаць, што адбываецца з імі і іх асяроддзем.

Гэта пры тым, што тэстаў рабілася нават яшчэ да загада (ставіць дыягназ без тэста - Ф.) недапушчальна мала, і большая частка ковіду, я думаю, была проста не дыягнаставаная. Напрыклад, мая сваячка перахварэла, зрабіла тэст, які быў дадатным. А сімптомы былі зусім не характэрныя, не ковідныя. І калі чалавек прастыў, перанёс, перакашляў на нагах, заразіў іншых і пры гэтым не здаваў тэст, нідзе ён не будзе ўлічаны.

У першую хвалю "карона" была вельмі характэрнай, былі бачныя дыягназы. А зараз гэта выглядае, як ВРВІ, як банальная прастуда. А гэта напраўду "омікрон".

Дарэчы, тэсты калі і робяцца, яны ў кожным выпадку не даюць стоадсоткавы вынік. Калі ў кагосьці дадатны тэст, а ў вас адмоўны, і вы жывяце ў адной сям'і, у адной кватэры, зразумела, што дзесьці атрымалася няправільна.

Я ўжо не раз казаў: калі ёсць задача выявіць інфекцыю, узяць пад кантроль, падумаць над тым, што з ёй рабіць далей - гэта адны дзеянні. Але калі стратэгія - халера з ім, пройдзе само, то пачынаецца лакаванне рэчаіснасці, узвядзенне прыгожага фасада.

- Пад Віцебскам пачалі будаваць завод вытворчасці вакцыны ад COVID-19. Паведамляецца, што ўжо ў наступным годзе Беларусь мае намер атрымаць і выпусціць уласны прэпарат. Наколькі рэалістычныя такія планы, ці ёсць у нас патрэбныя рэсурсы для гэтага?

- Гэтую навіну звязвае адразу некалькі момантаў. У Беларусі сапраўды ёсць нядрэнныя фармацэўтычныя магутнасці. Шмат вытворчасці лекаў. Якасць мы цяпер не будзем абмяркоўваць, яе можна паляпшаць. У нас ёсць кадры — чатыры медуніверсітэты, ёсць каму думаць, каму вырабляць.

Другі момант - ці можна стварыць вакцыну? Стварыць вакцыну - не фокус, у Расеі іх стварылі некалькі. Але толькі пра “Спадарожнік” вядома, што гэтая вакцына эфектыўная, хаця і з ёй былі пытанні пры рэгістрацыі ў Еўропе і ў САЗ.

Іншыя расейскія вакцыны былі прафнепрыдатнымі. Гэта было проста высмоктванне грошай: падчас стварэнняў і засваення грошай удзельнічалі службоўцы. Такія вакцыны таксама можна стварыць.

Якая будзе вакцына ў нас, сказаць складана. Такі момант: вось калі існуе міністэрства ці нават Рада міністраў, ці ўзроўнем вышэй, якое займаецца такой вось статыстыкай, то потым гэтыя ж людзі выйдуць і скажуць: "Мы стварылі вакцыну". Ну зразумела, што гэта самыя сумленныя людзі, якім трэба верыць на слова.

- У самым пачатку вы сказалі пра пятую хвалю. Ці былі мы гатовы да яе, улічваючы тое, што папярэднія хвалі запатрабавалі немалых выдаткаў?

- Да першай хвалі ніхто не быў гатовы, ні ў адной краіне. Усе сустрэлі эпідэмію па-рознаму. Мы, у тым ліку, па-рознаму шукалі шляхі, знаходзілі іх. У нас, паўтаруся, інтэлектуальныя і тэхнічныя рэсурсы ёсць. І мы першую хвалю нейкім чынам прайшлі. Нас накрыла з галавой, кагосьці змыла, нехта загінуў, нехта быў пакалечаны. Потым мы атрэсліся і ў нас была паўза, якая доўжылася прыкладна 2-2,5 месяца.

Пасля прыйшла другая хваля, і калі мы пачалі з ёй працаваць, высветлілася, што ніякай падрыхтоўкі да яе няма. Мы выдаткавалі ў першую хвалю грошы, якія нам выдалі на год - іншых грошай нам не далі.

Матэрыялы і лекі заканчваюцца, апаратура старая, яе ніхто не пераглядаў. Як, напрыклад, кіслародныя станцыі ў маім аддзяленні, якія за гэтыя два месяцы можна было перагледзець, ацаніць, паправіць. Ніхто гэтым не займаўся. Падрыхтоўкі да другой хвалі не было, і яна прайшла горш за папярэднюю.

Але, зноў жа, калі ў нас такі фасадны характар аховы здароўя, нам галоўнае прыгожая статыстыка, якую трэба падаць наверх, атрымліваецца, што і далей будзе ўсё адно, як мы будзем рыхтавацца. Халера з ім! Любая пандэмія пройдзе. Яна можа забраць на тысячу жыццяў больш, а можа і на тысячу менш. Але мы пра гэта, мяркуючы з усяго, не ўстурбаваныя.

Агляд і рамонт абсталявання, папаўненне лекаў, грошы - верхавіна айсберга. Трэба сесці, падумаць. І калі мы думаем, што гэта сур'ёзная інфекцыя, то мы прыкладаем вялізныя намаганні. Напрыклад, у першую хвалю каранавірус быў прызнаны асабліва небяспечнай віруснай інфекцыяй. Гэта, па-першае, было вельмі важная пастанова. За ім было вельмі шмат іншых. А зараз у нас пра гэта забыта, хаця пастанова не скасаваная. Маскі мы то ўводзім, то касуем, не выконваюцца абмежаванні, што, між іншым, незаконна.

І калі ў першую хвалю мы прызналі, інфекцыю асабліва небяспечнай, што гэта сур'ёзная справа, то ў наступныя хвалі не бачна, што мы ўспрымаем гэта сур'ёзна. А гэтую хвалю мы і зусім сустракаем з аптымістычным настроем, маўляў, само пройдзе, усе павінны перахварэць, нічога страшнага. (Напраўду, гэта няпраўда, мы яшчэ не ведаем усіх наступстваў, калі ўсе перахварэюць).

Адпаведна, калі усё не так страшна, то можна не турбавацца, не прыкладаць ніякіх інтэлектуальных намаганняў для развязання гэтага сур'ёзнага выкліку. Для нас гэта не выклік, абсалютна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках