Выраб вакцын ад ковіда ў Расеі абрынуўся на 97%
10- 9.08.2022, 21:01
- 8,130
У РФ пікавы прырост ковіда з сакавіка гэтага года.
Пасля таго як пандэмія "знікла" з расейскага парадку дня на фоне вайны ва Украіне, дзяржава практычна перастала запытваць вакцыны ад каранавіруса. У выніку іх выраб абрынуўся на 97%, высветліў "«Коммерсантъ».
Паводле ацэнак аналітычнай кампаніі RNC Pharma, за 6 месяцаў у краіне вырабілі толькі 2,34 млн доз «Спутніка V» супраць 85,5 млн за аналагічны перыяд 2021-га. Агулам летась вырабілі 102,3 млн доз, вынікае са звестак рэестра Росздравнадзора – пры гэтым значная частка гэтай вакцыны ўжо выкарыстаная, бо паводле афіцыйнай статыстыкі прышчэпку ёю зрабілі 75 млн расейцаў.
У графіцы на партале дзяржаўных закупак гаварылася, што ў 2022 годзе планавалася вырабіць 56,6 млн доз «Спутніка V» на 31 млрд рублёў. У тым ліку 30,77 млн доз лёгкай версіі. Аднак на пачатак жніўня распрацоўнік асноўнай расейскай вакцыны, цэнтр імя Гамалеі, размясціў толькі тры кантракты на выраб толькі 653,9 тысячы доз «Спутніка V» і адзін – на выраб 6,9 млн доз аднакампанентнага «Спутніка Лайт».
Звесткі Росздравнадзора таксама пацвярджаюць, што масавы выраб вакцыны спыніўся: з пачатку гэтага года ў цывільнае абарачэнне ўвялі толькі 25 сэрый "Спутніка V", з іх 20 вырабіў беспасярэдне цэнтр імя Гамалеі. Кожная сэрыя змяшчае ад 10 тысяч да 30 тысяч доз.
Што да дзвюх іншых зарэгістраваных у Расеі вакцын, "ЭпіВакКароны" і "КовиВака", за паўгода першая не паступала ў цывільнае абарачэнне наогул, а аб'ём вырабу другой склаў толькі 2,85 млн доз.
Дырэктар развіцця RNC Pharma Мікалай Бяспалаў мяркуе, што партнёры цэнтра імя Гамалеі прыпынілі выраб вакцыны праз адсутнасць заявак ад дзяржавы. Крыніца ў Міністэрстве аховы здароўя пацвердзіла, што дзяржава перастала закупляць "Спутнік V" дзеля зніжэння захворвання. Пры гэтым цэнтр імя Гамалеі мае самую маленькую вытворчую пляцоўку.
Раней паведамлялася, што ў расейскіх паліклініках скончыўся лёгкі варыянт вакцыны. Зрабіць рэвакцынацыю Міністэрства аховы здароўя прапануе першым кампанентам "Спутніка V".
Пры гэтым у краіне назіраецца моцны скачок захворвання на каранавірус: штодня выяўляюць ужо па 20 тысяч хворых, а тыднёвыя паказчыкі дасягаюць 100 тысяч выпадкаў, чаго не было з сакавіка. Паводле звестак справаздачы федэральнага аперацыйнага штаба барацьбы з інфекцыяй, узляцела і колькасць шпіталізацыі: рост склаў 27,7% у пераліку на 100 тысяч жыхароў.
На гэтым фоне павышаецца попыт на прышчэпкі - у асобных рэгіёнах ужо ў тры разы. Бяспалаў не выключае ўзнікнення пільнага дэфіцыту вакцын у выпадку працягу росту захворвання. Генеральны дырэктар DSM Group Сяргей Шуляк таксама нагадаў, што для аднаўлення вытворчасці спатрэбіцца як мінімум месяц, бо такі час неабходны для вырошчвання адэнавірусных вектараў.