10 цікавых фактаў, якія трэба ведаць пра паўстанне Кастуся Каліноўскага
3- 21.01.2024, 15:05
- 5,296
Першы атрад беларускіх паўстанцаў здзейсніў 750-кіламетровы рэйд па Палессі і вызваліў Пружаны.
160 гадоў таму пачалося паўстанне, якое ў Польшчы называюць «студзеньскім», а ў Беларусі - паўстаннем Кастуся Каліноўскага, па імені аднаго з яго лідараў.
«Белсат» распавёў, што трэба ведаць пра тыя падзеі сёння.
1.Паўстанне на тэрыторыі Каралеўства Польскага было абвешчанае ад імя падпольнага часовага Нацыянальнага ўрада ў Варшаве спецыяльным маніфестам, датаваным 22 студзеня 1863 года. У ім пад «святы сцяг Арла, Пагоні і Арханёла» прызываліся жыхары былой Рэчы Паспалітай, знішчанай у канцы XVIII стагоддзя ў выніку падзелаў Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй. У маніфесце да барацьбы за лепшую будучыню супраць «тырана» (імператара Аляксандра II) заклікаўся і «маскоўскі народ» - «бо і сам ты бедны і забіты». Маніфест склала паэтка Марыя Ільніцкая, адна з першых змагарак за эмансіпацыю жанчын у Польшчы.
2. У Беларусі і Літве паўстанне першапачаткова рыхтавалася на красавік 1863 года. Але ў сувязі з яго пачаткам у Польшчы падпольны Літоўскі камітэт на чале з Кастусём Каліноўскім у Вільні абвясціў аб далучэнні да барацьбы з Расейскай імперыяй 1 лютага. Літоўскі камітэт назваўся Часовым правінцыйным урадам у Літве і Беларусі. Гэта быў фактычна протаўрад Літвы і Беларусі.
3. У ноч на 23 студзеня 1863 года паўстанцы здзейснілі 24 напады на расейскія гарнізоны ў Каралеўстве Польскім, але толькі 6 з іх мелі частковы поспех. З 23 студзеня сялянскія выступленні, якія набывалі характар бунту, ахопліваюць і заходнюю частку Гарадзеншчыны.
4. Нягледзячы на тое, што ў расейскай прэсе паўстанне 1863-1864 гадоў называлі словам «мяцеж» (у той час самі паўстанцы выкарыстоўвалі іншую характарыстыку - «рэвалюцыя»), загадам расейскага імператара Аляксандра II паўстанне пастанавілі ўважаць за «ваенную кампанію» (амаль як «спецыяльную»). На тэрыторыі Беларусі і Літвы за час паўстання адбыліся 1229 бітвы і сутычкі з удзелам амаль 220 паўстанцкіх атрадаў. Праз іх шэрагі, паводле расейскіх звестак, прайшлі да 77 тысяч чалавек. З іх загінулі 5934 чалавекі (больш за ўсё на Гарадзеншчыне і Ковеншчыне). Страты забітымі з расейскага боку склалі 403 чалавекі.
5. Адна з найвялікшых бітваў паўстання адбылася 6-7 лютага 1863 года каля Сямятычаў Гарадзенскай губерні (сёння - Польшча ў 30 км ад мяжы з Беларуссю). У ёй амаль 4 тысячам паўстанцаў супрацьстаялі 2,5 тысячы расейскіх салдат. Цяжкая параза ў гэтай бітве дрэнна ўзброеных добраахвотнікаў, якія супрацьстаяць рэгулярнаму войску, шмат у чым абумовіла далейшы ход паўстання, які ператварыўся ў партызанскую вайну.
6. Першым атрадам на тэрыторыі Беларусі стаў атрад Рамана Рагінскага, які ў лютым - пачатку сакавіка 1863 года здзейсніў 750-кіламетровы рэйд па Палессі, заняў Пружаны (сярод іншых буйных паселішчаў, захопленых паўстанцамі з іншых атрадаў, былі Ружаны і Горкі). Рамана Рагінскага з яго паўстанцамі схапілі сяляне ў наваколлях Жыткавічаў (сёння - горад Гомельскай вобласці) і здалі царскім уладам.
7. Найважнейшай стала праблема далучэння сялян да паўстання. На гэтую тэму ў Беларусі і Літве спрачаліся «белыя» (умераныя) на чале з Якубам Гейштэрам і «чырвоныя» (радыкальныя) на чале з Кастусём Каліноўскім. «Белыя» імкнуліся зрабіць паўстанне чыста «шляхецкім», каб не дапусціць радыкальных саступак сялянам у выпадку іх удзелу ў барацьбе. Таму на пачатку паўстання ад яго адхілілі Кастуся Каліноўскага, які з паплечнікамі выпускаў для сялян газету «Мужыцкая праўда» ад імя «Яські-гаспадара з-пад Вільні» (з лета 1862 года да лета 1863 года ўбачылі свет 7 нумароў).
8. Самая вядомая бітва на тэрыторыі сённяшняй Беларусі - Мілавідская - адбылася 3 чэрвеня 1863 года. У ёй аб'яднаныя атрады з Меншчыны і Гарадзеншчыны на чале з палкоўнікам Аляксандрам Лянкевічам нанеслі паражэнне расейскім войскам, якія страцілі 10 чалавек забітымі і 40 параненымі. У 1933 годзе на месцы пахавання 18 паўстанцаў, якія загінулі ў той бітве, паставілі мемарыяльную капліцу.
9. У чэрвені 1863 года, пасля распачатых генерал-губернатарам Міхаілам Мураўёвым па мянушцы «Вешальнік» шырокіх рэпрэсій, Кастусю Каліноўскаму ўдалося вярнуць кантроль над Літоўскім камітэтам, у структуры якога ўваходзілі спачатку амаль 3 тысяч чалавек. Каліноўскі абвясціў сябе дыктатарам, але час быў страчаны - вельмі шмат паўстанцаў ужо трапілі за краты, а на тэрыторыю Беларусі і Літвы былі накіраваныя больш за 120 тысяч салдат. Каліноўскі рыхтаваў новае паўстанне на вясну 1864 года, але быў схоплены ў ноч на 29 студзеня 1864 года ў Вільні па даносу здрадніка Вітольда Парфіяновіча. Таго, хто ў сваіх паказаннях згадаў і паўстанцкі пароль:
- Каго любіш?
- Люблю Беларусь!
- То ўзаемна!
10. Ахвярамі рэпрэсій у Беларусі сталі 12 483 чалавекі, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле або спагадзе паўстанню і выселеныя ўглыб Расеі. У Беларусь і Літву пераехалі тысячы расейскіх чыноўнікаў і настаўнікаў, якіх заахвочвалі да перасялення высокімі заробкамі і невялікімі коштамі канфіскаваных у паўстанцаў маёнткаў. Але паўстанне стала штуршком для фармавання цэлага «пакалення 1863-га», якое ўсвядоміла сваё дачыненне да беларускага народа. Сярод іх – паэты Францішак Багушэвіч і Альгерд Абуховіч, бібліяфіл Зыгмунт Чаховіч, які паўплываў на светапогляд Янкі Купалы, і многія іншыя. У жылах многіх беларускіх дзеячаў цякла кроў удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, як у братоў Луцкевічаў, якія стаялі ля вытокаў БНР, Клаўдыюша Дуж-Душэўскага, стваральніка нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, Уладзіміра Караткевіча, аўтара вядомых «Каласоў пад сярпом тваім» і іншых.