Аляксей Мельнік: Імавернасць таго, што Іл-76 быў збіты расейскай ракетай — высокая
20- 25.01.2024, 17:08
- 45,318
Украінскі лётнік назваў асноўныя версіі прычын катастрофы расейскага самалёта.
У Белгародскай вобласці ўпаў расейскі транспартны самалёт Іл-76. Мінабароны РФ заявіла, што самалёт, на якім нібыта знаходзіліся ўкраінскія ваеннапалонныя, збілі УСУ. Украіна не пацвярджае гэтую інфармацыю.
Сайт Charter97.org папрасіў украінскага лётчыка і вайсковага эксперта Аляксея Мельніка прааналізаваць відэа і фота з месца падзення самалёта, якія ёсць у адкрытым доступе:
- На мой погляд, ёсць дакладнае відэа падзення самалёта. На падставе гэтага відэапацвярджэння можна зрабіць адназначныя высновы аб тым, што самалёт быў збіты ў паветры. Ёсць відэафіксацыя выбуху ракеты і прыкметы таго, што некіравальны самалёт упаў на зямлю. У працэсе гэтага падзення ў яго адвалілася нейкая частка, як мяркуецца, рухавік.
Гэта практычна 100% пацвярджэнне таго, што адбылося разбурэнне канструкцыі самалёта ў паветры ў выніку трапляння ў яго ракеты.
Ёсць таксама факт пажару на месцы яго падзення. Мусіць, вельмі вузкія адмыслоўцы могуць ацаніць колькасць паліва, якое магло быць на борце, што пацягнула яго ўзгаранне. Гэта відавочныя факты і высновы.
Ідзём далей. З усім тым, што паказвае расейскі бок буйным планам з месца падзей, трэба быць вельмі асцярожнымі. Месца здарэння ачапілі расейскія вайскоўцы. У гэтым выпадку ў публічны доступ трапляюць толькі тыя кадры, якія ўпісваюцца ў легенду, выбудаваную ўжо афіцыйным кіраўніцтвам Расеі. Нават калі мы ўбачым нейкую частку фюзеляжа са слядамі пашкоджання ці парэшткі чалавечых целаў, то не факт, што гэта менавіта гэты Іл-76.
Паўтаруся, ужо ёсць афіцыйная расейская легенда, якая будзе, вобразна кажучы, ляпіцца з гэтых «пацвярджэнняў».
Давайце ўспомнім малайзійскі «Боінг» рэйса МН-17. Колькі было хлусні і спроб адвесці следства ў бок? Там ішло міжнароднае расследаванне. Зразумела, што Расеі трэба было паднапружыцца, каб пераканаць сапраўдных незалежных экспертаў у іх версіі.
Тутака ж сітуацыя для Расеі спрашчаецца шматкроць. Ніякіх незалежных экспертаў, а іх спецыялісты пацвердзяць ўсякую версію.
Яшчэ адзін прыклад - самалёт з Прыгожыным. Такая ж гісторыя. Мы павінны гэта ўсё трымаць у розуме, калі згаджаемся з нейкай расейскай версіяй або спробай зрабіць уласныя высновы.
- Тады якія асноўныя версіі вы б цяпер агучылі?
- Пачнём з выключэння версіі, якая зараз вылучаецца. Я катэгарычна выключаю версію таго, што Украіна магла наўмысна запусціць ракету па самалёце з украінскімі ваеннапалоннымі. Калі б была інфармацыя аб тым, што гэты самалёт перавозіць украінскіх ваеннапалонных, то я на 100% упэўнены, што гэтая аперацыя была б скасаваная нават у самы апошні момант.
Аднак трэба заўважыць, што калі мы разглядаем версію ўкраінскай ракеты, то ці была гэтая інфармацыя ва ўкраінскага разліку супрацьпаветранай абароны? Яна магла не дайсці. Праблемы каардынацыі і ўзаемадзеяння, на жаль, існуюць не толькі ў нашага супраціўніка.
Падкрэслю, Украіна не магла свядома знішчыць самалёт з украінскімі ваеннапалоннымі. На гэтым трэба акцэнтаваць увагу, бо Расея робіць гэта асноўнай версіяй. Яна зусім непраўдападобная.
Дадам яшчэ, што Расея не абавязкова рыхтавала гэтую правакацыю. Хутчэй за ўсё, яны скарысталіся здарэннем, а цяпер спрабуюць атрымаць максімум.
Ці магла гэта быць расейская ракета? Суцэль. Ёсць пацвярджэнні таго, што прыблізна ў той жа самы час у Белгарадзе абвяшчалася ракетная трывога. Там актыўна працавала расейская СПА. Высокая імавернасць таго, што расейская СПА магла выпусціць ракету альбо памылкова па гэтай цэлі, альбо па іншай цэлі, а ракета можа сама захапіць іншую цэль. Асабліва такую вялікую, як транспартны самалёт, нават калі яе запускалі, напрыклад, па нейкім беспілотніку ці ўкраінскай ракеце.
Такія выпадкі таксама неаднаразова ў гісторыі бывалі. Імавернасць таго, што Іл-76 быў збіты менавіта расейскай ракетай - высокая. Ці атрымаем мы адказ на гэтае пытанне? Хутчэй за ўсё, не.
Калі б на месцы працавалі незалежныя эксперты, то ракету С-300, якая магла знішчыць цэль на гэтай далёкасці з расейскай тэрыторыі, лёгка адрозніць ад іншых ракет.