Як Лукашэнка і краіны Захаду дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі
36- 30.01.2024, 17:33
- 39,934
Факты, якія вас здзівяць.
Чаму санкцыі супраць Расеі, уведзеныя Захадам, абыходзяцца? Якую ролю ў гэтым адыгрывае рэжым Лукашэнкі? Якія еўрапейскія краіны сталі лідарамі ў парушэнні абмежавальных захадаў?
На гэтыя пытанні ў сваім дакладзе адказваюць экспэрты з Нарвежскага Хельсінкскага камітэта ў супрацоўніцтве з кампаніяй аналізу рызык Corisk, юрыдычнай фірмай Wikborg Rein і Еўрапейскім кансалтынгавым агенцтвам Rud Pedersen.
Экспэрты перадалі даклад грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", якая пераклала яго з англійскай на беларускую мову. Сайт Charter97.org пазнаёміўся з працай і сабраў самыя цікавыя факты.
Поўную версію даклада можна прачытаць праз спасылку.
Аўтары дакладу мяркуюць, што РФ здольная працягваць вайну ва Украіне шмат у чым дзякуючы заходнім тэхналогіям, якія яна атрымлівае ў абыход санкцый. Экспэрты падаюць звесткі, што Турцыя і Казахстан з'яўляюцца ключавой брамай для плыні санкцыйных тавараў у Расею.
"Яшчэ больш дзіўна, што вялікая колькасць тавараў ваеннага прызначэння адпраўляюцца з Еўропы ў Расею наўпрост", - гаворыцца ў рабоце.
Крыніцамі асабліва буйных прамых паставак санкцыйных тавараў з'яўляюцца некалькі краін Захаду, а менавіта Польшча, Нямеччына і Літва, прычым апошняя часткова пастаўляе санкцыйныя тавары праз Беларусь.
Аналітыкі гавораць аб небяспецы таго, што заходняя санкцыйная кааліцыя можа "раскалоцца і стаміцца".
“Менавіта гарманізацыя захавання патрабаванняў мае ключавое значэнне. ЕЗ, Вялікабрытанія і ЗША адыгрываюць вядучую ролю ў гэтай працы”, - адзначаюць экспэрты.
Аўтары дакладу падкрэсліваюць асаблівую ролю рэжыму Лукашэнкі ў абыходзе антырасейскіх санкцый.
“Хоць санкцыі ў дачыненні да Беларусі былі ўзмоцненыя, у пэўнай ступені прыведзеныя ў адпаведнасць з санкцыямі ў дачыненні да Расеі, а апошнія санкцыі былі ўведзеныя ў жніўні 2023 года, паміж санкцыйнымі рэжымамі ўсё яшчэ існуюць адрозненні.
Наш аналіз паказвае, што Беларусь застаецца каналам для транспартавання некаторых санкцыйных тавараў ваеннага прызначэння з краін Захаду ў Расею”, - гаворыцца ў дакладзе.
Многія тавары, якія трапілі пад санкцыі, апынаюцца ў Расеі праз краіны Еўразійскага эканамічнага саюза.
“ЕЗ варта разгледзець магчымасць пашырэння цяперашняга рэжыму ліцэнзавання тавараў вайсковага і падвойнага прызначэння, уключыўшы ў яго значна большую групу тавараў, неабходных для вядзення вайсковых дзеянняў, у тым ліку - лічбавыя кампаненты. Такія абмежаванні могуць значна ўскладніць доступ Расеі да некаторых ключавых тэхналогій”, - прыходзяць да высновы экспэрты.
Адным з развязаннем праблемы аўтары дакладу бачаць ва ўвядзенне рэжыму квот на гандаль з краінамі-сябрамі ЕАЭС і некаторымі іншымі дзяржавамі, якія могуць пастаўляць санкцыйныя тавары ў РФ.
Ці шкодзяць санкцыі простым расейцам і беларусам?
Аналітыкі адказалі і крытыкам санкцый. Асабліва тым, хто гаворыць, што абмежавальныя меры могуць шкодзіць насельніцтвам краін, супраць якіх яны ўведзеныя.
Даследаванне Гутмана, Ноенкірха і Ноймаера 2019 года (Gutmann, Neuenkirch & Neumeier 2019), на якое спасылаюцца аўтары дакладу, паказвае, што эканамічныя санкцыі не абавязкова прыводзяць да пагаршэння гуманітарнай сітуацыі ў краіне, супраць якой яны накіраваныя. Даследчыкі не знаходзяць пацвярджэння негатыўнаму ўздзеянню санкцый на эканамічную сітуацыю, палітычныя і грамадзянскія правы ці асноўныя правы чалавека.
Даследаванне паказвае, што ўздзеянне санкцый мае больш дыферэнцыраваны і складаны характар, чым прынята меркаваць. Абмежавальныя захады могуць мець сапраўды станоўчае ўздзеянне на насельніцтва краін, супраць якіх уводзяць санкцыі.
Менавіта беспакаранасць, на думку групы экспэртаў, паслужыла нагодай для больш агрэсіўных дзеянняў РФ.
Адсутнасць рашучай палітычнай і прававой рэакцыі на парушэнні правоў чалавека падчас вайны ў Чачэніі надало смеласці Уладзіміру Пуціну, развязаўшы рукі для нападу на Грузію ў 2008 годзе і Украіну ў 2014-м.
Якія механізмы выкарыстоўвае Расея для абыходу санкцый
Аўтары дакладу падалі, звесткі, якія паказваюць вялікую ролю Турцыі ў абыходзе санкцый супраць РФ.
Даследчыкі выявілі анамальны экспарт заходніх тавараў у восем краін-суседак Расеі, былыя савецкія рэспублікі, а таксама Турцыю, які перавышае гадавы тэмп росту на 20%.
Усяго за 15 месяцаў з сакавіка 2022 года да траўня 2023 года 21 заходняя краіна перавысіла дапушчальны аб'ём экспарту на суму 18,7 млрд еўраў, што паказвае на значныя аб'ёмы непрамога экспарту ў Расею.
Нямеччына выдзяляецца на фоне астатніх, бо на яе дзель прыпадае амаль чвэрць усяго залішняга экспарту заходніх тавараў у краіны, якія мяжуюць з Расеяй. Літва і Польшча таксама ў значнай ступені спрыялі залішнім продажам цераз трэція краіны.
Малюнак 3 дэманструе аб'ёмы празмернага заходняга экспарту ў краіны-суседкі Расеі, пачынаючы з сакавіка 2022 года. Звесткі тут разбітыя такім чынам, каб паказаць краіну-імпарцёрку і краіну-памочніка, якая выконвае ролю пасярэдніка.
Больш за ўсё залішняга экспарту заходніх тавараў прыпадае на Казахстан, амаль трэць ад агульнага аб'ёму за 15 месяцаў. Турцыя займае другое месца - больш за 5 мільярдаў еўраў.
Аўтары даклада звяртаюць увагу на Беларусь: ацэнка празмернага экспарту і ўскосных парушэнняў праз нашу краіну складае 1,4 мільярда еўраш. Аднак гэтыя звесткі, магчыма, істотна заніжаныя.
“Гэта звязана з тым, што з сакавіка 2022 года санкцыі дзейнічаюць і ў дачыненні да самой Беларусі, што на пачатковым этапе прывяло да зніжэння экспарту заходніх тавараў у краіну і значна ўскладніла ацэнку стабільных паказчыкаў для параўнання. Гэтыя мытні кажуць, што рэальныя паказчыкі непрамога гандлю заходнімі таварамі праз Беларусь значна вышэйшыя”, — гаворыцца ў дакладзе.
На малюнку 8 паказана, што Польшча і Нямеччына лідары ў пастаўках санкцыйных тавараў у Расею сярод краін ЕЗ, але значныя аб'ёмы таксама пастаўляліся з Літвы і Беларусі, мікразвесткі гэтых краін паказваюць, што літоўскія экспарцёры адпраўлялі значную колькасць санкцыйных тавараў у Расею праз Беларусь.
Таксама высокія паказчыкі паставак заходніх тавараў зафіксаваныя з Фінляндыі, Латвіі і Эстоніі.
У дакладзе гаворыцца, што краіны Паўночнай Еўропы ў асноўным ажыццяўляюць непрамы экспарт у Расею па паўночных маршрутах, пры гэтым Казахстан і Кыргызстан з'яўляюцца важнымі ўдзельнікамі такога гандлю.
Вялікабрытанія і краіны Паўднёвай Еўропы для непрамога экспарту ў асноўным выкарыстоўваюць маршруты праз Турцыю.
Гэтыя мытні сведчаць аб значным аб'ёме экспарту заходніх тавараў у Расею па паўночных маршрутах Фінляндыі, краін Балтыі і Беларусі, дзе афіцыйнымі экспарцёрамі выступаюць кампаніі-рэзідэнты гэтых краін. Кампаніі, зарэгістраваныя ў такіх краінах, як Казахстан, выконваюць важную пасрэдніцкую функцыю - яны падаюць замежную валюту расейскім імпарцёрам.
Многія тавары ідуць у Расею наўпрост
Факты ўказваюць на тое, што некалькі краін-чальцоў ЕЗ дапускаюць прамы экспарт санкцыйных тавараў у Расею са сваёй тэрыторыі.
Што тычыцца гандлёвых агентаў і кампаній, якія афіцыйна гандлююць з расейскімі імпарцёрамі, то большасць з іх зарэгістраваныя ў Фінляндыі і Нарвэгіі, крыху менш у Турцыі і Швайцарыі, далей Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Кыргызстан, Кіпр, Кітай, Узбекістан, Беларусь і Эстонія.
Замежныя гандлёвыя агенты звычайна выконваюць ролю апошняга звяна ланцугу паставак у Расею, паколькі расейскія імпарцёры не могуць набыць замежную валюту, неабходную для ўгод з рэзідэнтамі Фінляндыі або Нарвэгіі наўпрост.
Аўтары даклада падаюць прыклады 10 угод, калі санкцыйныя тавары ідуць напрост у Раскю.
1. Прамысловае абсталяванне коштам 2,4 млн даляраў ЗША было дастаўленае наўпрост ў горад Чэлябінск (Расея). Яно было адпраўленае з краіны ў Паўночнай Еўропе і зроблена там жа. Прададзена рэзідэнтам Швайцарыі.
2. Транспартнае абсталяванне коштам 350 000 даляраў ЗША было дастаўлена наўпрост у аэрапорт Ноўгарада (паўночна-захад Расеі). Яно было адпраўленае з краіны ў Паўночнай Еўропе і зроблена там жа. Прададзена рэзідэнтам гэтай жа краіны.
3. Транспартнае абсталяванне коштам 341 000 даляраў ЗША было адпраўленае з Таліна (Эстонія) у Санкт-Пецярбург (Расея). Экспарцёр зарэгістраваны ў Эстоніі, правёў мноства экспартных угод з санкцыйнымі таварамі, працуючы з расейскімі кампаніямі. Знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з траўня 2023 года.
4. Нафтапрадукты з Паўночнай Еўропы коштам 282 000 даляраў ЗША былі адпраўлены з Літвы ў Расею. Экспарцёр зарэгістраваны ў Турцыі.
5. Вырабы прамысловага прызначэння з Паўночнай Еўропы на суму 267 000 даляраў ЗША былі адпраўленыя на поўдзень Расеі. Экспарцёр зарэгістраваны ў Грузіі.
6. Аўтазапчасткі з Паўночнай Еўропы на суму 191 000 даляраў ЗША былі адпраўленыя з Менска ў Расею. Экспарцёр зарэгістраваны ў Кыргызстане.
7. Абсталяванне для аэрапортаў з Паўночнай Еўропы коштам 80 000 даляраў ЗША было дастаўлена паветраным транспартам з аэрапорта Вільнт (Літва) у аэрапорт Масквы (Расеі). Экспарцёр зарэгістраваны ў Турцыі.
8. Абсталяванне для энэргетычнай галіны з Паўночнай Еўропы коштам 80 000 даляраў ЗША было дастаўленае з Літвы ў Маскву. Экспарцёр зарэгістраваны ў Турцыі.
9. Транспартнае абсталяванне коштам 11 200 даляраў ЗША было наўпрост адпраўленае з краіны паходжання ў Паўночнай Еўропе ў горад Кранштат (Расея). Экспарцёр зарэгістраваны ў Турцыі.
10. Лічбавае абсталяванне на суму 6 000 даляраў ЗША было адпраўленае з Вантаа (Фінляндыя) у Санкт-Пецярбург (Расея). Экспарцёр зарэгістраваны ў Эстоніі. Знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з траўня 2023 года.
Парушальнікаў санкцый чакае Гаага?
Адмысловае месца экспэрты надаюць магчымай адказнасці юрыдычных і фізічных асоб, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Аўтары даклада згадалі ордэр на арышт Пуціна за злачынствы супраць чалавечнасці ад Міжнароднага крымінальнага суда, а таксама іншыя расследаванні злачынстваў РФ.
"Ордэры на арышт і расследаванні маюць дачыненне і да кампаній, якія могуць стаць суўдзельнікамі злачынных дзеянняў Расеі, калі будзе ўстаноўлена, што яны актыўна дапамагалі і матэрыяльна спрыялі ўчыненню такіх злачынстваў", – пішуць экспэрты.
Не выключана, што дзеянні асоб, якія маюць дачыненне да парушэнняў санкцый супраць Расеі, будуць разглядацца як дапамога і спрыянне ваенным дзеянням РФ, такім чынам — і яе ваенным злачынствам.
Экспэрты мяркуюць, што ўжо ёсць прэцэдэнты, калі за такія дзеянні надыходзіць адказнасць. Паказальным прыкладам з'яўляецца справа супраць французскай кампаніі Lafarge, якая працягвала сваю дзейнасць у рэгіёнах, захопленых тэрарыстычнай арганізацыяй ІДІЛ у 2013-2014 гадах. У 2016 годзе кампанію абвінавацілі ў фінансаванні тэрарызму і суўдзеле ў злачынствах супраць чалавечнасці (дапамаганні і падбухторванні).
Яшчэ адзін прыклад - расследаванне французскай пракуратуры ў дачыненні да банка BNP Paribas. У 2017 годзе супраць іх выставілі абвінавачанні ў суўдзеле ў генацыдзе тутсі ў Руандзе, сярод іншага — 1,3 мільёна даляраў ЗША былі пераведзеныя банкам BNP Paribas паўднёваафрыканскаму гандляру зброяй для фінансавання набыцця зброі асобамі, якія маюць дачыненне да генацыду, у парушэнне эмбарга. Сцвярджаецца, што BNP Paribas санкцыянаваў перавод сродкаў рэжыму хуту ў чэрвені 1994 года. Пастанова аб справе дагэтуль не прынятая.
Ёсць таксама прыклады прысудаў супраць фізічных асоб, прызнаных вінаватымі ў сур'ёзных парушэннях правоў чалавека праз парушэнні санкцый.
Справа ў Нідэрландах з'яўляецца адным з наглядных прыкладаў. Там судзілі грамадзяніна Нідэрландаў за суўдзел у ваенных злачынствах праз продаж зброі Ліберыі ў 1999-2003 гадах. Быў устаноўлены факт парушэння санкцый ААН і ЕЗ.
Абвінавачаны быў уладальнікам і прэзідэнтам дзвюх лесанарыхтоўчых кампаній у Ліберыі. Паводле версіі пракуратуры, абвінавачаны быў замешаны ў продажы зброі ў Ліберыю праз свае кампаніі ў парушэнне эмбарга на пастаўкі зброі. Такім чынам ён стаў суўдзельнікам ваенных злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем гэтай зброі. Пасля некалькіх раўндаў апеляцый, якія закончыліся разглядам справы ў Вярхоўным судзе Нідэрландаў, у снежні 2018 года гэты чалавек быў нарэшце прызнаны вінаватым (праўда, завочна, паколькі ён уцёк у Паўднёвую Афрыку) і прысуджаны да 19 гадоў турэмнага зняволення за незаконнае абарачэнне зброі і саўдзел ваенных. злачынствах у сілу яго "актыўнага і свядомага ўкладу ў ваенныя аперацыі".
Парушэнне санкцый б'е і па рэпутацыі кампаній. У жніўні 2023 года адно з вядучых заходніх навінавых выданняў паведаміла, што нямецкія дэталі былі выяўленыя ў расейскай ракеце, якая некалькімі месяцамі раней забіла 23 мірныя ўкраінцы, што вымусіла генеральнага дырэктара кампаніі-вытворцы звярнуць увагу на магчымыя наступствы для кампаніі.
У дачыненні да любой кампаніі можа пачацца расследаванне. СМІ, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія валодаюць усё больш дасканалымі інструментамі для раскрыцця карпаратыўнай дзейнасці ў сферы інвестыцый ці гандлю, могуць умяшацца ў кожны момант.
Рэпутацыя не толькі прыцягвае ці адштурхвае кліентаў, але і вызначае, ці зможа кампанія прыцягнуць таленавітых супрацоўнікаў у будучыні. Больш за тое, укладчыкі, інвестары і акцыянеры звяртаюць усё больш увагі на рэпутацыю кампаній, на іх стандарты этыкі і выкананне заканадаўства.
Працяглая прысутнасць на расейскім рынку выклікала значныя складанасці для заходніх карпарацый. Кампаніі зазнаюць ціск і будуць вымушаныя сысці, адначасова рызыкуючы стаць ахвярамі несправядлівага ці гвалтоўнага захопу сваіх актываў Расеяй, як гэта адбылося з Danone і Carlsberg.
“Вайна ва Украіне - гэта самая важная бітва за будучыню Еўропы, якая была пасля 1945 года. Цалкам натуральна чакаць, што санкцыі таксама стануць больш строгімі. Недастаткова будзе сказаць "мы не ведалі" ці "правілы былі незразумелыя", калі кампаніі сутыкнуцца ў будучыні з наступствамі парушэнняў санкцый”, - рэзюмуюць аўтары дакладу.