Аляксей Мельнік: «У салдатаў КНДР не будзе выбару»
20- 28.10.2024, 20:15
- 33,028
Што стаіць за перакідкай паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Курскую вобласць.
Перахопленыя радыёперамовы расейцаў сведчаць, што Крэмль таемна перакідае паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у кірунку выступу, які ўтрымліваецца Украінай у Курскай вобласці РФ.
Як Расея можа выкарыстоўваць іх на гэтым кірунку? Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з ваенным экспертам, судырэктарам праграмаў знешняй палітыкі і міжнароднай бяспекі цэнтра Разумкова ў Кіеве Аляксеем Мельнікам:
– Тое, пра што папярэджвалі ўкраінская і паўднёвакарэйская выведкі, ужо знаходзіць сваё пацверджанне. Хутчэй за ўсё, гэтыя сілы будуць выкарыстаныя менавіта на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, сярод іншага – у баях пад Курскам. Гэта, скажам так, даволі лагічнае выйсце з ваеннага і ваенна-палітычнага гледзішча, паколькі, па-першае, яно дазваляе Расеі ўнікнуць магчымых наступстваў у сувязі з выкарыстаннем замежных войскаў на тэрыторыі Украіны.
Па-другое, тэрыторыя Курскай вобласці ў інтэнсіўнасці баёў мае крыху іншы характар баявых дзеянняў. Я не сказаў бы, што там лягчэй для расейцаў, але, прынамсі, гэта можа стаць першым этапам, у якім будуць апрабаваныя паўночнакарэйскія вайскоўцы. У залежнасці ад іх эфектыўнасці, будзе прымацца пастанова пра далейшае пашырэнне іх колькасці і геаграфіі выкарыстання.
– Калі гаварыць пра іх эфектыўнасць, то выданне The Wall Street Journal паведамляе, што рэжым КНДР мог накіраваць у РФ далёка не наймацнейшых сваіх салдатаў. З якімі праблемамі можа сутыкнуцца расейскае войска праз гэта?
– Я цяпер не стаў бы рабіць доўгатэрміновыя прагнозы з гэтай нагоды. Хутчэй за ўсё, мы атрымаем адказ на гэтае пытанне ў найбліжэйшы час. Што да ўзроўню падрыхтоўкі, то былі розныя паведамленні. Калі гэта рэгулярныя часткі, то іх узровень баявой падрыхтоўкі недастаткова высокі.
Але таксама былі паведамленні ці здагадкі, што нейкая частка з іх – гэта сілы спецыяльных аперацый, найбольш падрыхтаваныя, найбольш матываваныя, плюс своеасабліва матываваныя. У адрозненне ад расейскага войска, тут гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе не пра фінансавыя стымулы, а пра жорсткія рэпрэсіўныя захады.
Трапляючы ў баявую абстаноўку, у іх практычна не будзе выбару: памерці ад украінскай зброі, ад карэйскай ці чачэнскай. Але, зноў жа, трэба проста набрацца цярплівасці і паглядзець, якія будуць вынікі першых баявых сутыкненняў.
– А як наконт выбару здацца ў палон? Бо сярод украінскіх падраздзяленняў, размешчаных у Курскай вобласці, ужо распаўсюджваецца дапаможнік з камандамі, з дапамогай якіх байцы змогуць наладзіць камунікацыю з вайскоўцамі з КНДР на полі бою, каб прапанаваць ім здацца.
– Гэта, увогуле, лагічны крок – стымуляваць іх да здачы ў палон. Адзінае, мне цяжка сказаць, наколькі эфектыўныя каналы перадачы гэтых допісаў. Хутчэй за ўсё, тут трэба выкарыстоўваць такія, скажам, ужо архаічныя метады, як раскідванне ўлётак, таму што тэлеграм-каналы наўрад ці спрацуюць у гэтым плане.
Паўтаруся, што ў найбліжэйшыя дні ці тыдні мы зможам убачыць і атрымаць адказ, на гэтае пытанне ў тым ліку.