У Ноўгарадзе знайшлі мошчы беларускай святой Харыціны
9- 31.10.2024, 20:07
- 4,148
Мяркуецца, што яна паходзіла з роду літоўскіх князёў, сваякоў Міндоўга.
Пры рэстаўрацыі царквы апосталаў Пятра і Паўла ў Вялікім Ноўгарадзе знайшлі мошчы Харыціны, «князёўны літоўскай», паведамляе мясцовая епархія РПЦ. Цяпер мошчы захоўваюцца ў Спаскім саборы Свята-Юр'ева манастыра.
Беларуская праваслаўная царква нагадвае, што яе імя ўключанае ў спіс беларускіх святых.
Харыціна жыла ў XIII стагоддзі. Верагодна, нарадзілася на тэрыторыі Беларусі. Мяркуецца, што яна паходзіла з роду літоўскіх князёў, сваякоў Міндоўга, які якраз ствараў ВКЛ («родам была каралеўства Літоўскага»).
Разам з бацькамі перасялілася ў Полацак, а пасля патрапіла ў Ноўгарад, была ігуменняй кляштара. Памерла ў 1281 годзе. Яе мошчы доўга шукалі.