Людзі не адрозніваюць вершы ChatGPT ад паэзіі Шэкспіра і Байрана
8- 16.11.2024, 10:07
- 2,944
Вынікі даследавання ўразілі навукоўцаў.
Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе Scientific Reports, дэманструе няздольнасць чытачоў адрозніць вершы, створаныя штучным інтэлектам і чалавекам. Большасць удзельнікаў эксперыменту аддалі перавагу творам ШІ.
Даследнікі Браян Портэр і Эдуард Мачэры з кафедры гісторыі і філасофіі навукі Універсітэта Пітсбурга (ЗША) пратэставалі здольнасць 1634 удзельнікаў адрозніваць паэзію, створаную ШІ, і напісаную чалавекам-паэтам.
Удзельнікам у выпадковым парадку прапанавалі дзесяць вершаў: пяць, напісаных вядомымі паэтамі, уключаючы Уільяма Шэкспіра, лорда Байрана, Эмілі Дзікінсан і Томаса Эліёта, і пяць вершаў, згенераваных ChatGPT3.5 у стылі гэтых паэтаў. Удзельнікі часцей схіляліся да думкі, што вершы ШІ напісаў чалавек, а пяць твораў, якія яны ўважалі за найменш падобныя да чалавечых, належалі сапраўдным паэтам.
У другім эксперыменце іншая група з 696 удзельнікаў ацэньвала вершы паводле 14 характарыстыкаў, такіх як якасць, прыгажосць, эмоцыі, рытм і арыгінальнасць. Удзельнікаў выпадковым чынам размеркавалі на тры групы, якім паведамілі, што вершы напісаны чалавекам, створаны ШІ ці не падалі ніякай інфармацыі пра аўтарства.
Удзельнікі, якія ведалі пра аўтарства ШІ, ацанілі вершы ніжэй паводле ўсіх крытэрыяў. Затое група без інфармацыі пра паходжанне твораў аддала перавагу згенераваным вершам.
Даследнікі тлумачаць вынікі прастатой і даступнасцю вершаў ШІ у параўнанні з творамі класікаў. Чытачы памылкова ўспрынялі гэтую лёгкасць разумення як прыкмету чалавечага аўтарства.