Брамнік каманды Беларусі ў футболе зацікавіў клуб з Гішпаніі
4- 26.11.2024, 20:19
- 4,000
Хлопцу ўсяго 21 год, а ён ужо двухразовы чэмпіён краіны.
Галкіпер менскага «Дынама» і нацыянальнай каманды Беларусі Фёдар Лапавухаў трапіў у сферу інтарэсаў гішпанскага «Вальядаліда».
Паводле звестак інфармаванай крыніцы, каманда з Ла Лігі гатовая заплаціць за футбаліста $200 тыс. Пры гэтым паведамляецца, што «Дынама» хоча зарабіць на гэтым трансферы не менш як $500 тыс.
Таленавітага брамніка звязваюць адразу з некалькімі клубамі. Так, у розных медыя пішуць пра цікавасць з боку бельгійскага «Гента», дацкага «Капенгагена» і маскоўскага «Спартака».
«Вальядалід» – каманда з гішпанскай Ла Лігі (першага дывізіёну чэмпіянату Гішпаніі). У сёлетнім сезоне клуб знаходзіцца на апошнім месцы з 9 баламі пасля 14 матчаў. У іх актыве ўсяго 2 перамогі і 9 паразаў.
Галкіпер стаў двухразовым чэмпіёнам Беларусі ў складзе менскага «Дынама» ў 2023 і 2024 гадах.
Таксама ў футбаліста багаты досвед у камандзе Беларусі. У чэрвені 2021-га яго выклікалі ў юніёрскую каманду да 19 гадоў, у сакавіку 2023-га – у моладзевую.
Дэбют у складзе моладзевай адбыўся 15 чэрвеня 2023 года ў гульні з камандай Расеі.
Да галоўнай каманды краіны Лапавухаў дабраўся ўжо ў 2024-м, калі на 10 хвілінаў выйшаў у няўдалым таварыскім матчы з Ізраілем (0:4).
Усяго ў Лапавухава шэсць афіцыйных сустрэчаў у Лізе нацый, тры матчы на нуль і чатыры прапушчаныя мячы.