Аркадзь Бабчанка: Усе райхі разбураюцца
10- 4.11.2024, 16:54
- 22,924
Тэхніка, якую дапамог набыць вядомы журналіст, ужо ваюе на тэрыторыі РФ.
Вядомы журналіст, пісьменнік і валанцёр Аркадзь Бабчанка, які разам з эстонскім фондам «SAB UA» дапамагае Узброеным сілам Украіны, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі адправіў блізу двухсот аўтамабіляў і мноства іншай тэхнікі проста на фронт.
У інтэрв'ю сайту Charter97.org ён расказаў аб тым, як пачынаў з закупкі адзення і бронекамізэлек для УСУ, а цяпер дайшоў да паставак браняванай тэхнікі.
У размове Аркадзь Бабчанка таксама падзяліўся меркаваннем аб расейскай сістэме, якая, паводле ягоных слоў, "крышталізавалася" ў новы райх, а таксама ацаніў перспектывы рэакцыі Захаду на ўдзел Паўночнай Карэі ў вайне:
- За гэтыя тры гады мы недзе так мільёны на тры еўраў адправілі разнастайнай дапамогі. Пачыналі мы, натуральна, як і ўсе - з бронекамізэлек, шкарпэтак, зімовага адзення, абутку і ўсяго такога. А з часам дайшлі да гусенічнай браняванай тэхнікі, зараз вось Humvee купляем, напрыклад. За гэты час мы адправілі больш за дзве сотні аўтамабіляў.
Мы не закупляем самыя танныя машыны для пяхоты, якія два тыдні пражывуць, месяц - і ўсё. Нашы аўто ідуць да адмыслоўцаў, байцоў «Азова», марскіх пяхотнікаў, выведцы - ім патрэбныя больш спецыфічныя аўтамабілі, таму мы купляем добрыя, коштам ад 5-7 тысяч еўраў, а «хуткія» могуць і па 18 тысяч еўра каштаваць. У кожны аўтамабіль мы закладваем груз - дроны, медыкаменты, запасную гуму, насілкі. Нядаўна загружалі «хуткую» пад завязку - важыць больш за чатыры тоны, але важней, каб тэхніка дайшла да патрэбных хлопцаў.
І вось такіх машын мы адправілі блізу двух сотняў, кошт адной такой загружанай машыны можа спакойна даходзіць да 50 тысяч еўраў. Таксама мы адпраўляем грузавікі Saurer. Здаецца, ужо павыкуплялі ўсё ў Еўропе. Калі браць па Эстоніі, то мы сапраўды павыкуплялі ўсе Unimog, адправілі два Sisu фінскіх, гэта такі двухскладовы гусенічны плывучы ўсюдыход. Мы адпраўлялі ва Украіну лодкі на паветранай падушцы, снайперскія комплексы. Былі яшчэ пэўныя рэчы, пра якія я зараз не буду казаць, але ў цэлым да халеры ўсяго было.
На гэты момант, я думаю, што мы цяпер з'яўляемся самым буйным фондам у Эстоніі, пры тым, што нас усяго 4-5 чалавек.
- Раней у сваім блогу вы часта пісалі, што «будзеце вяртацца ў Расею на «Абрамсе». Цяпер тэхніка, набытая вамі і фондам SAB UA, апынулася ў Курскай вобласці РФ. План мінімум выкананы?
- Ну, «Абрамс» мы яшчэ не купілі, але на шляху да гэтага, дынаміка мяне задавальняе. Сам я ва Украіну паехаць не магу - як грамадзяніна Расеі не пускаюць. Як толькі вайна пачалася, я першую машыну пагнаў, у мяне яшчэ правоў не было, мяне тады і завярнулі. Мне як грамадзяніну Расеі трэба атрымаць візу, а пасольствы грамадзян РФ падчас вядзення баявых дзеянняў не прымаюць. Трэба нейкае кумаўство разводзіць, недзе праз знаёмых заходзіць.
Мне гэтага і рабіць не хочацца, і на халеру ўжо і не трэба зараз, таму што салдат з мяне аб'ектыўна ніякі. Мне ўжо 50 гадоў, ногі ўсё пераламаныя, пазваночнік увесь у пратрузіях, 50 метраў прабягу і ўпаду. Але за гэтыя тры гады я знайшоў сваю нішу - высвеілілася, што я ўмею нядрэнна здабываць грошы, каб закупляць гэтую гусенічную тэхніку і адпраўляць яе ва Украіну. Таму я на сваім месцы, а мая тэхніка зараз у Курску.
Вось літаральна ўчора хлопцы з 501-га батальёна паведамілі, што машыну нашу адну падбілі, якраз у Курскай вобласці. Дзякуй Богу, што ўсе жывыя, але машыне гамон, будзем шукаць замену. Так што так, план мінімум ужо выкананы, прынамсі, нашы машыны ў Курскай вобласці ўжо ёсць.
- Як чалавек, які столькі часу назірае за пуцінскай Расеяй, скажыце, якія сёння там болевыя кропкі? На што сёння ціснуць?
- Там няма ніякіх болевых кропак больш. Усё, райх крышталізаваўся, райх нават не ў стадыі раскладання, наадварот, яны зараз толькі ў стадыі ўзмацнення. Пуцін прыдумаў проста, на маю думку, ідэальную схему для вядзення вайны. Расейцаў агулам гэтая вайна не кранае, яны бачаць яе толькі па тэлевізары. У Белгарад там часам нешта прылятае, але і хрэн з ім, самае галоўнае - Масква, Пецярбург, буйныя такія гарады. Вось іх гэтая вайна ўвогуле не тычыцца.
Кошты выраслі? Ну так, сапраўды, выраслі, але нейкія кітайскія машыны яны тамака ў крэдыт сабе могуць дазволіць. Масква гэта ўвогуле горад-сад зараз стаў, там ніякі, не ведаю, умоўны Сінгапур і побач не валяўся і паводле камфорту, і паводле сэрвісу, і паводле чаго хочаце. Там шкло, мармур, грошай вагоны, а ўсю навалач яны вычысцілі.
Хто хоча - едзе ваяваць за грошы, калі памірае, то сям'я, лічы, забяспечаная да канца жыцця. На грошы ад нафты можна наймаць на вайну ўсіх гэтых паўночных карэйцаў. І ў такім стане яны вайну могуць весці гадамі, калі нічога не зменіцца.
- Што павінна змяніцца, каб гэтыя болевыя кропкі ўсё ж такі з'явіліся?
- Абавязкова калі-небудзь што-небудзь зменіцца, усе райхі разбураюцца. Ну як разбураюцца... Прынамсі — яны спаўзаюць да стану таго ж Ірана ці Паўночнай Карэі. Зноў жа, возьмем Іран - 40 гадоў пад санкцыямі, нічога акрамя пяску і нафты, але нічога, рэжым аятол цалкам сабе ўстойлівы, усе пратэсты задушвае спакойна. А зараз пачнецца вайна з Ізраілем, дык там патрыятызм увогуле ўзрасце.
Паўночнакарэйскі рэжым - там наогул 70 гадоў траву ядуць, дохнуць з голаду, але нічога, рэжым існуе. Так што дыктатуры - гэта значна больш устойлівыя штукі, чым нам хацелася б. Каб Японія перастала быць дыктатурай або Трэці Райх спыніў існаванне, спатрэбіліся Хірасіма з Нагасакі і Другая сусветная вайна.
- У вайну найбліжэйшым часам павінны будуць уступіць паўночнакарэйскія вайскоўцы. Ці прачнецца Захад? Ці прыйдзе разуменне, што нельга патураць тыранам?
- Нейкія дзеянні яны будуць рабіць, там Паўднёвая Карэя накіруе кагосьці са сваіх ва Украіну. Але якіх іншых дзеянняў вы чакаеце? Санкцыі, якія можна было ўвесці, яны ўведзены. Што засталося ў Захада? Абвяшчаць двум ядзерным дзяржавам, абсалютна прыдуркаватым, якія да гэтага рыхтаваліся на працягу 70 гадоў, ядзерную Трэцюю сусветную вайну? Гэта рабіць ніхто не будзе. Нейкія крокі будуць рабіцца, але люфт застаўся ўжо вельмі невялікі.
- Што ў рамках гэтага люфта можна зрабіць?
- У ЗША будуць выбары прэзідэнта. Калі Трамп прыйдзе, то ніхто і рабіць нічога не будзе. Калі застануцца там дэмакраты з Камалай, то дадуць дальнабойную зброю, дазволяць біць за 300 кіламетраў. Магчыма, можа так будзе.