25 снежня 2024, Серада, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не толькі даляр: Курс яшчэ адной валюты можа сапсаваць жыццё беларускім вытворцам

1
Не толькі даляр: Курс яшчэ адной валюты можа сапсаваць жыццё беларускім вытворцам

Лукашысты аблічыліся.

На гандлі Беларускай валютна-фондавай біржы ў чацвер курс беларускага рубля да даляра зноў схадзіў на гістарычнае дно. Але беларускую стабільнасць падрывае не толькі рост варожай амерыканскай валюты. Падаражанне сяброўскага юаня, на які беларускія ўлады ўскладаюць столькі надзей, у перспектыве можа стварыць не меншыя праблемы, піша «Белорусы и рынок».

Як і ў выпадку з курсам даляра, юань у Беларусі даражэе праз праблемы расейскага рубля. На мінулым тыдні, да пачатку ралі з курсамі, за 10 юаняў давалі 4,68 беларускага рубля. Да пятніцы афіцыйны курс юаня вырас да 4,90. Прычым пяць капеек ён дадаў толькі за апошні дзень, падаражэўшы на 1,13 адсотка.

Маштабы росту сціплейшыя, чым у курса даляра. Але наступствы могуць стаць як мінімум такімі ж непрыемнымі. Бо нездарма ж беларускія ўлады зрабілі такую стаўку на кітайскую валюту. Сутыкнуўшыся з заходнімі санкцыямі, афіцыйныя ўлады прыклалі шмат намаганняў, каб разлікі ў гандлі з Кітаем ішлі не ў варожых далярах, а ў сяброўскіх юанях. І дамагліся пэўных поспехаў.

У 2023 годзе дзель юаняў на гандлі БВФБ складала 15 адсоткаў. У 2024 годзе яна вырасла ўжо да 30.

«Даляр пакуль захоўвае нейкія пазіцыі, але, думаю, паступова нашы сяброўскія краіны будуць павялічваць з намі таваразврот, і мы будзем нарошчваць аб'ёмы разлікаў у нацыянальных валютах», – гаварыў у сакавіку гэтага года кіраўнік БВФБ Андрэй Аўхіменя.

Сяброўскія краіны таваразварот сапраўды павялічваюць. Кітай стаў для Беларусі другім у значэнні гандлёвым партнёрам пасля Расеі. Паводле звестак кітайскай статыстыкі, аб'ём гандлю дзвюх краінаў за мінулы год быў большы за 8,5 млрд даляраў. Амаль у тры разы большы, чым у 2020 годзе.

Вось толькі суадносіны пры гэтым былі не на карысць Беларусі. Беларускі экспарт у Кітай за мінулы год склаў 1,6 млрд даляраў. Кітайскі імпарт у Беларусь, адпаведна, 6,9 мільярдаў.

Сёлета лепш не стала. За сем месяцаў гэтага года беларускі экспарт у Кітай упаў амаль на 40 адсоткаў і склаў 1,1 млрд. А імпарт з Кітая наадварот вырас. Ён павялічыўся на 3,6 адсотка і склаў 3,5 млрд даляраў у эквіваленце.

Гэта значыць, праз падаражанне кітайскага імпарту ў выніку росту юаня Беларусь страціць значна больш, чым набудзе дзякуючы павышэнню канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў праз зніжэнне курсу беларускага рубля. Прыкладна ў 3,5 раза больш.

Пры гэтым ільвіную дзель беларускага экспарту ў Кітай складаюць калійныя ўгнаенні, прадукцыя дрэваапрацоўкі і прадукты харчавання. Гэта значыць, сыравіна і тавары, якія не патрабуюць для вытворчасці высокіх тэхналогій.

А вось з кітайскім імпартам усё роўна наадварот. Першае месца ў кітайскім імпарце займаюць машыны. На другім – маніторы і тэлевізары. На трэцім – часткі і рыштунак для машынаў і трактароў. Яшчэ Беларусь імпартуе станкі, рухавікі ўнутранага згарання, мікрасхемы і разнастайнае прамысловае абсталяванне.

Усё гэта адносіцца да таго, што называецца інвестыцыйнымі таварамі. Гэта значыць таварамі, якія неабходныя для вытворчасці. Пасля таго як Беларусь страціла заходняе абсталяванне і камплектавальнікі, усе поспехі беларускага імпартазамяшчэння залежаць ад кітайскага імпарту.

І вось гэты імпарт праз рост курсу юаня цяпер падаражэе. Адпаведна, асуджаны даражэць і ўсе беларускія імпартазамяшчальныя тавары. А гэта ўдар не толькі па беларускім спажывецкім рынку. Гэта яшчэ і канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту нанясе новыя страты.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках