У Беларусі забаранілі ездзіць на летняй гуме
24- 1.12.2024, 13:13
- 3,898
З сённяшняга дня.
Нагадваем: з 1 снежня да 1 сакавіка ў Беларусі забароненая язда на летняй гуме. Гэта прапісанае ў пункце 207-1 ПДР. Што можа быць за невыкананне правіла?
Калі ДАІ спыніць аўтамабіль з шынамі не па сезоне, то кіроўца можа атрымаць папярэджанне або штраф да 1 базавай адзінкі (40 рублёў). Пры паўторным парушэнні цягам года аддаць давядзецца ад 2 да 5 базавых адзінак (80—200 рублёў).
Язда на ўсесезонных шынах у нашым рэгіёне таксама не забароненая. Увогуле, выбіраць можна покрыўкі з малюнкам горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай усярэдзіне яе альбо з пазначэннямі «М+S», «M&S», «M.S», «MS» або «All seasons». Правіла датычыцца ўсіх аўто агульнай масай да 3,5 т, легкавых і груза-пасажырскіх аўтамабіляў звыш 3,5 т, а таксама аўтобусаў да 5 т.
І не забудзьцеся: інспектары ДАІ глядзяць і на пратэктар. Яго рэшткавая вышыня малюнка павінна быць не меншай за 4 мм. «Шына ўважаецца за непрыдатную да эксплуатацыі, калі з'явіўся адзін індыкатар зносу, размешчаны па дне канаўкі пратэктара, пры раўнамерным зносе або два індыкатары ў кожным з двух сячэнняў - пры нераўнамерным зносе бегавой дарожкі», - прадпісана ў ПДР.