Беларусам пачнуць прыходзіць «лісты шчасця» і за паркоўку
8- 11.12.2024, 11:28
- 4,736
Запушчана новая сістэма аўтаматычнага кантролю.
У сераду, 11 снежня, Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла аб тым, што па ўсёй Беларусі пачала работу сістэма фіксацыі парушэнняў правілаў спынення і стаянкі транспарту.
Як растлумачылі ў МУС, гэту сістэму запусцілі ў рамках рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
Мяркуючы з каментара прадстаўніка галоўнай управы ДАІ МУС Ганны Банадык, у аўтаматычным рэжыме кантроль за паркоўкай вядзецца толькі ў вызначаных інспекцыяй месцах. Там ужо ўсталявалі «спецыяльныя тэхнічныя сродкі» (магчыма, гаворка ідзе пра дарожныя камеры і датчыкі).
Са слоў прадстаўніцы ДАІ, зона ахопу гэтых "спецсродкаў" будзе паступова пашырацца. Найперш на кантроль плануюць браць тыя ўчасткі, дзе прыпаркаваныя з парушэннем Правілаў дарожнага руху (ПДР) аўтамабілі "ствараюць пагрозу бяспецы руху", а таксама "негатыўна ўплыўваюць на прапускную здольнасць вуліц і дарог".
Актуальнасць гэтай праблемы, паводле слоў Банадык, падвышаецца зімой, калі на дарогі ў вялікай колькасці выязджае спецтэхніка для ўборкі снегу і апрацоўкі дарог супрацьгалалёднымі матэрыяламі, а прыпаркаваныя ў неналежных месцах аўто становяцца для іх непераадольнай перашкодай.
Нагадаем, за спыненне або стаянку з парушэннем дзейных Правілаў дарожнага руху прадугледжаны штраф на 1 базавую адзінку (40 рублёў сёння). Для грузавікоў, аўтобусаў, трактароў, самаходных машын і прычэпаў гэты штраф складае 5 базавых адзінак (200 рублёў).
Акрамя таго, за неправамерную стаянку на месцы, спецыяльна выдзеленым для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў, можна паплаціцца штрафам на 2 базавыя адзінкі (80 рублёў).