25 снежня 2024, Серада, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскі гарвыканкам забараніў Санта Клауса і хваёвыя калядныя вянкі

41
Берасцейскі гарвыканкам забараніў Санта Клауса і хваёвыя калядныя вянкі

Іх прызналі «элементамі чужой нам культуры».

Берасцейскі гарвыканкам накіраваў у крамы, рэстараны і кавярні прадпісанні датычна навагодняга аздаблення. У дэкоры вітаюцца толькі «элементы славянскага паходжання». Агаворваецца, што яны не павінны супярэчыць «гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа». Элементы і вобразы, «не ўласцівыя нашым нацыянальным традыцыям», рэкамендуецца выключыць.

Супрацоўніца адной з крамаў ананімна расказала BGmedia, што ёй патлумачылі чыноўнікі ўправы ідэалогіі гарвыканкама: «З размовы я зразумела, што Дзед Мароз і Снягурка – так, а вось Санта Клаус – ужо пад забаронай. Нават сані і алені, на якіх ён ездзіць, могуць выклікаць падазрэнне».

Жанчына кажа, што фігуркі казачных персанажаў у Беларусі не вырабляюць, таму іх замаўляюць у Кітаі: «Кітайцы робяць так, што не заўсёды адразу адрозніш, дзе Санта, а дзе наш Дзед Мароз: ёсць там барада, няма барады. Так, уласна, няма паміж імі ніякай асаблівай розніцы». Новыя правілы ўпрыгожвання яна называе прыцягнутымі за вушы.

Дарэчы, з «замежнымі ўплывамі» змагаецца і Мінкульт. Установа склала плэйліст для фонавай музыкі на Каляды і Новы год. У ім ёсць песні сучасных айчынных і расейскіх выканаўцаў, а таксама савецкія кампазіцыі. А папулярныя калядныя мелодыі замежных выканаўцаў рэкамендавана не ўключаць.

Дыджэй берасцейскага рэстарана кажа, што кліенты на карпаратывах часта просяць паставіць Happy New Year у выкананні ABBA ці Hark The Herald Angels Sing, I'M Dreaming of White Christmas і іншыя сусветныя хіты: «Але мне ўжо кіраўніцтва сказала гэтым не захапляцца. Маўляў, калі ўжо вельмі просяць, уключы, але разава. А прыярытэт павінен аддавацца кампазіцыям накшталт «Белы снег» у выкананні Таісіі Павалій або «Снег кружыцца» ў выкананні «Самацветаў».

Паводле ягоных словаў, галоўным патрабаваннем называюць песні на расейскай мове. А вось па-ўкраінску – ужо нельга.

У школах і дзіцячых садах ёсць свае забароны. Наталля, маці школьніцы, расказала журналістам, што ў класе яе дачкі заўсёды ў снежні рабілі хваёвыя калядныя вянкі. Але цяпер іх прызналі «элементамі чужой нам культуры». Берасцейка сказала, што гэта «маразм нейкі».

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках