23 снежня 2024, панядзелак, 21:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За год машына страціла амаль палову кошту»

105
«За год машына страціла амаль палову кошту»

Уладальнікі электракараў у Беларусі сутыкнуліся з праблемай.

Уладальнікі электракараў у Беларусі кажуць, што патрыманыя «электрычкі» не карыстаюцца вялікім попытам і моцна страчваюць у кошце, піша «Наша Ніва».

Tesla таннее на вачах?

Tesla model 3 2020 года выпуску ў снежні 2023 года ў Беларусі ў сярэднім каштавала $32 тысячы. Праз год сярэдні кошт знізіўся да 23 тысячаў даляраў.

Tesla model X 2020 года за год патаннела з 62 тысячаў даляраў (снежань 2023 года) да 52 тысячаў даляраў. Але калі ўзяць больш доўгі перыяд, тое падзенне будзе яшчэ больш прыкметным.

Так, напрыклад, чатырохгадовыя (2018 г.в) Tesla model X у Беларусі ў снежні 2022 года прадаваліся ў сярэднім за 70 тысячаў даляраў. Цяпер жа чатырохгадовую (2020 г.в) Tesla model X аддаюць у сярэднім за 55 тысячаў, а машына 2020 года выпуску за два гады патаннела роўна ў 2 разы.

Характэрна, што ў папярэднія гады сама Tesla неаднаразова змяншала кошты на новыя аўто, каб рабіць іх больш канкурэнтаздольнымі. Кампанія Ілана Маска магла сабе гэта дазволіць, таму што стартавы адсотак маржы быў даволі высокім. Мяркуецца, што маржа Tesla застаецца адной з самых высокіх у аўтамабільнай прамысловасці.

Такія дзеянні амерыканскага аўтавытворцы выклікалі абурэнне пакупнікоў, якія паспелі набыць аўто са старымі коштамі, бо гэта аўтаматычна азначала, што іх машыны таксама страчваюць у кошце дадатковыя пару тысячаў даляраў. Не ў захапленні ад рэгулярных дысконтаў ад Tesla таксама лізінгавыя кампаніі і ўладальнікі аўтапракатаў, бо рэшткавы кошт гэтых машынаў зніжаецца занадта моцна.

«Кітай» таксама не ўтрымаў цэннік

З кітайскімі «электрычкамі» сітуацыя выглядае яшчэ больш драматычна.

Напрыклад, Zeekr 001, які нарабіў шуму ў аўтамабільным асяроддзі, у траўні 2023 года прадаваўся новым за 74–75 тысячаў даляраў. Цяпер кошты новага Zeekr 001 у залежнасці ад камплектацыі вагаюцца ў межах 43–57 тысячаў даляраў.

Гадавалыя аўто з прабегам цяпер прадаюць з коштамі ад 36 300 да 45 500 даляраў.

Іншы яскравы прыклад – BYD Song Plus EV. Увесну 2023 года гэтыя электрычныя красаверы прадаваліся з коштамі ад 39 да 41 тысячы даляраў.

Цяпер новыя BYD Song Plus EV даступныя з коштамі ад 24 500 да 29 500 даляраў.

Адметна, што патрыманых BYD Song Plus EV амаль няма ў продажы. А кошты гадавалых аўто з прабегам пачынаюцца з 20 тысячаў даляраў, што крыху больш за 50% ад кошту, які трэба было заплаціць за гэтае аўто год таму, калі яно было новым.

Усе электрамабілі таннеюць, але не ўсе так хутка

Так, напрыклад, электрычныя Nissan Leaf 2020 выпуску за год страцілі блізу 15%. У снежні 2023 года за такія аўто ў сярэднім прасілі $20 638, а цяпер $17 750.

А што з аўто на традыцыйным паліве?

BMW 5 серыі 2019 года ў снежні 2023 года каштавала ў сярэднім 35680 даляраў. Праз год кошт не толькі не змяніўся, але нават крыху падрос. Цяпер сярэдні кошт такіх машынаў складае 36162 даляры.

BMW X3 2020 года выпуску за год страціў у кошце ўсяго 6%. Мінулым летам у сярэднім за гэтую машыну прасілі 43 650 даляраў, а цяпер 41 089.

Характэрна, што электрычныя BMW i3 страчваюць у кошце значна больш актыўна, чым аўто той самай маркі з рухавікамі ўнутранага згарання.

Так, напрыклад, BMW i3 2019 года выпуску страціла за год 14% ад леташняга кошту – 23 600 даляраў супраць 20 322.

Не страчваюць у кошце такія аўто, як Ford Mustang. Год таму сярэдні кошт Mustang 2019 года выпуску склаў 29 077 даляраў. За год машына пастарэла і вырасла ў кошце, цяпер за іх у сярэднім просяць $32 657.

Што можа спыніць гэты працэс?

Для таго каб патрыманыя электрамабілі перасталі хутка таннець, прынамсі павінны перастаць змяншацца кошты новых аўто ў гэтым сегменце.

Па-другое, павінен быць добры попыт на такія аўто на другасным рынку, што таксама пад пытаннем, асабліва калі гаворка ідзе пра машыны кітайскіх брэндаў. Кітайскія аўтавытворцы хуткімі тэмпамі выпускаюць новыя мадэлі і робяць рэстайлінг праз 2-3 гады знаходжання на канвееры. Прычым новая ці абноўленая мадэль, як правіла, пачынае прадавацца танней, чым папярэдняя. Натуральна, што гэта будзе негатыўна адбівацца на кошце патрыманых машынаў.

Напісаць каментар 105

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках