У адной з катэгорый беларусаў з'явілася магчымасць датэрмінова выйсці на пенсію
3- 14.12.2024, 13:44
- 6,802
Але пры пэўных умовах.
Падрабязнасці наконт умоваў, пры якіх бацькі дзяцей з інваліднасцю могуць датэрмінова выйсці на пенсію, агучылі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Ва ўстанове нагадалі, што для маці і бацькаў, якія выхоўвалі дзяцей-інвалідаў, прадугледжаны датэрміновы выхад на пенсію на пяць гадоў раней за дасягненне агульнавызначанага пенсійнага ўзросту. Так, маці – у 53 гады, бацькам – у 58 гадоў.
Маці могуць датэрмінова выйсці на пенсію, калі яны выхоўвалі дзяцей-інвалідаў не менш як 8 гадоў да іх паўналецця (18 гадоў), маюць 5 гадоў страхавога стажу і 20 гадоў агульнага стажу.
Бацькам датэрміновая пенсія прызначаецца, калі маці дзіцяці сфармавала права на датэрміновую пенсію і адмовілася ад яе на карысць бацькі або не паспела скарыстацца сваім правам у сувязі са смерцю.
«Са студзеня 2025 года права на пенсію дадзена таксама бацькам, якія самастойна выхавалі дзіця-інваліда без удзелу маці», – паведамілі ў прэс-службе Мінпрацы.
Умовы тыя ж: выхаванне дзяцей-інвалідаў не менш за восем гадоў да іх паўналецця (18 гадоў), пяць гадоў страхавога стажу і 25 гадоў агульнага стажу.
Ва ўстанове падкрэслілі, што ў 5 гадоў страхавога стажу не залічваюцца: час догляду малалетніх дзяцей, дзяцей-інвалідамі, інвалідаў першай групы і асобаў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту; час вучобы; службы ў войску; а таксама перыяд атрымання дапамогі ў беспрацоўі. Усе гэтыя перыяды залічваюцца ў агульны стаж.