23 снежня 2024, панядзелак, 17:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Лукашэнка вельмі напалоханы

26
Андрэй Саннікаў: Лукашэнка вельмі напалоханы
АНДРЭЙ САННІКАЎ

У Беларусь трэба ўводзіць міратаварцаў.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у эфіры «Радыё Свабода» распавёў пра ўрокі сірыйскай рэвалюцыі, будучыню нашай краіны ў NАТО і чаму ў Беларусь трэба ўводзіць міратворцаў. Падаем вытрымкі з размовы.

Чаго напраўду баіцца Лукашэнка, заяўляючы на пасяджэнні Савета бяспекі пра «дэструктыўную рыторыку» еўрапейскіх краін у дачыненні да Беларусі? Апазіцыйны палітык мяркуе, што прычына страхаў дыктатара - падзенне рэжыму Асада:

- Які ж гэта «савет бяспекі» Беларусі? Гэта «савет бяспекі Лукашэнкі». Пасля таго, як зрынулі сірыйскага дыктатара Асада, ён баіцца за сябе, сваю бяспеку, жадае захаваць і дыктатуру, і сябе як правадыра.

Лукашэнка вельмі напалоханы, таму гучаць усе гэтыя заявы, на якія толькі мы зважаем, больш ніхто.

Свет шакаваны кадрамі з турмаў рэжыму Асада, дзе распраўляліся з іншадумцамі. Андрэй Саннікаў параўнаў лукашэнкаўскія турмы з усходнімі зінданамі:

- Ведаеце, мы бачылі жахі, якія адбываюцца ў беларускіх турмах, і працягваем іх назіраць. Таму мы, «Еўрапейская Беларусь», заўсёды падкрэсліваем, што трэба патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў без нейкіх перамоваў. Для гэтага павінен быць як мага мацнейшы ціск на дыктатуру.

Немагчыма весці гандаль наконт нейкіх асобных груп ці асоб. Вызваляць трэба ўсіх палітвязняў. У Захаду ёсць такія магчымасці, шмат досведу. Калі гэта выкарыстаць, то, мяркую, можа быць станоўчы вынік.

Лукашэнкаўскія турмы нагадваюць зінданы - самыя змрочныя ўсходнія турмы, якія, як мы ведаем, адрозніваюцца ад турмаў Еўропы вельмі жорсткім стаўленнем да апанентаў.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» мяркуе, што ў падзеях сірыйскай рэвалюцыі ёсць некалькі важных для нашай краіны аспектаў:

- Самае цікава, што я заўважыў ва ўсёй гэтай сірыйскай сітуацыі, што можа быць цікавым і для беларусаў: паўстанне пачалі літаральна крымінальнікі. Яны прызнаныя нават Масквой (не кажучы аб ЗША) міжнароднымі тэрарыстамі. Гэтая групоўка пачала паўстанне супраць дыктатара Асада і зрынула яго пры падтрымцы народа.

Што значыць гэта для нашай сітуацыі? Тыя, хто ўдзельнічаў у брудных справах Лукашэнкі, могуць заслужыць індульгенцыю ад народа, калі дапамогуць прыбраць дыктатара.

Было цікава, як гэта ўсё разгортвалася. Як народ адразу падтрымаў, толькі пачуўшы заявы аб тым, што не будзе ціску ні на рэлігійныя канфесіі, ні на жанчын. Гэта трэба было народу, добра ім успрынялася, таму была такая вялікая падтрымка паўстанцаў.

Так, гэта сапраўдная рэвалюцыя, якая зрынула подлы рэжым. Жахі, якія мы бачым у турмах шакуюць, але, падкрэслю яшчэ раз, гэта адбываецца ў турмах усіх дыктатараў.

Андрэй Саннікаў выказаў меркаванне, што ў пераходны перыяд у Беларусь трэба ўвесці міратворчы кантынгент. Гэта дапаможа стабілізаваць сітуацыю ў краіне:

- Калі злачынцы ва ўладзе зараз паднімуць паўстанне, то, думаю, што іх падтрымаюць беларусы. Там ёсць дасведчаныя людзі, якія ведаюць, што рабіць са зброяй, тыя, хто добра ведаюць планы Лукашэнкі, ягоную рэзідэнцыю і гэтак далей. Паўтаруся, яны могуць заслужыць прабачэнне беларускага народа за сваю «дзейнасць». У іх ёсць шанец.

Калі ж будзе нейкая небяспека з боку, напрыклад, Расеі, то трэба думаць пра міратворчыя сілы. Свет змяніўся, а падыходы да канфліктных сітуацый - не.

Багатыя краіны Захаду не імкнуцца прымаць прэвентыўныя захады. Прыклад - тая ж Сірыя. Колькі Барак Абама «чырвоных ліній» маляваў і нічога не рабіў? На яго сумленні — больш за паўмільёна сірыйцаў, якія загінулі ў вайне, якая пачалася ў 2011-м годзе. Маляваў ён «чырвоныя лініі» і пасля атакі з выкарыстаннем хімічнай зброі ў Сірыі. Калі б тады спынілі Асада, то, магчыма, Расея не пачала б агрэсію супраць Украіны.

Заходняму свету, які грунтуецца на дэмакратычных прынцыпах, трэба пачынаць бараніць гэтыя прынцыпы не толькі ў сваіх краінах, але і за іх межамі. Такія дыктатары, як Пуцін і Асад, вельмі добра падтрымліваюць адзін аднаго, у тым ліку зброяй. Супраць гэтага павінны быць прынятыя захады. Я кажу пра міратворчыя сілы.

Апазіцыйны палітык расказаў, пад эгідай якой арганізацыі ў Беларусь могуць быць уведзеныя міратворцы:

- NАТО, ЕЗ, затым ААН. Але ААН ужо дыскрэдытавала сябе ў справах бяспекі. Гэта ўсё паралізаваныя механізмы,. Пасля таго, як Расея скасавала ўсе дамоўленасці ў сферы бяспекі, у тым ліку - ядзернай, NАТО павінна ўзяць ініцыятыву, як гэта і было ў Прышціне (Косава), калі яны прадухілілі забойства праваслаўных сербаў у гэтым мусульманскім рэгіёне.

ЕЗ, які зараз усё больш і больш задумваецца пра свае сілы (хоць гэта цягнецца ўжо нямала гадоў), таксама можа паўплываць на гэта. Але не трэба чакаць разгляду на шырокіх форумах, такіх як Генеральная Асамблея ААН, а трэба выпрацаваць меры для прыняцця прэвентыўных крокаў.

Нядаўна фонд грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выдаў кнігу «Беларусь у НАТА». Андрэй Саннікаў распавёў, чаму нашая краіна павінна ўвайсці ў Альянс:

- У незалежнай Беларусі няма іншага шляху і спосабу забяспечыць сваю незалежнасць і бяспеку, акрамя як у NАТО. Забудзьцеся на ўсе разважанні пра тое, што «мы можам быць нейтральнымі». Адзін з артыкулаў у кнізе напісаў кіраўнік фінскага даследчага цэнтра. Фінляндыя, якая сябравала з Расеяй, была дамова аб сяброўстве з РФ, адразу ж уступіла ў NАТО, як і Швэцыя. Калі мы паглядзім на досвед гэтых краін, то нейтральнасць, якая забяспечваецца дамовай з патэнцыйным агрэсарам, вельмі дорага каштуе. Для Беларусі будзе проста немагчыма марнаваць столькі грошай на тое, што можна забяспечыць іншым шляхам, а менавіта - сяброўствам у NАТО.

Таму размовы пра нейтральнасць Балта-Чарнаморскага звязу — у мінулым. Раней можна было тэарэтызаваць, але зараз, калі мы адновім нашу незалежнасць, трэба будзе размаўляць з NАТО. Скажу, што ў нас шанцы значна лепшыя, чым ва Украіны.

Андрэй Саннікаў заклікае беларусаў ужо сёння не надаваць значэння таму, пра што думае Расея:

- Нам не трэба кіравацца тым, што думае Пуцін. Давайце жыць як беларусы і як незалежная дзяржава. Нават калі ў нас цяжкая сітуацыя з гэтым дурнем ва ўладзе, гэта не азначае, што мы павінны з гэтым змірыцца і займацца глупствам, разглядаючы, «што будзе рабіць Пуцін, калі…» Крэмль і Пуцін будуць рабіць паскудствы. А вось тое, што Беларусь у NАТО забяспечыць бяспеку для ўсяго рэгіёну - гэта факт. Менавіта гэта трэба даносіць да нашых партнёраў. Беларусь у NАТО зменіць сітуацыю ва ўсім рэгіёне.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках