«Замест ШІ змагаемся за бульбу!»
9- 17.12.2024, 15:49
- 6,070
Як улады саступілі ў бітве за галоўны беларускі прадукт.
Урад Беларусі ўвёў на тры месяцы ліцэнзаванне на вываз бульбы за межы краіны. «Гэта што, выходзіць, у нашай «квітучай» краіне ўжо і бульбы не стае?» - задаецца пытаннем чытачка сайта Charter97.org:
- А як жа шматлікія выхвалянні наконт таго, што маем урадлівыя глебы ды іншыя спрыяльныя варункі для вырошчвання? Што мы загацім усю Еўропу бульбай і навучым свет, як вырошчваць і гатаваць бульбу. Тут жа згадаліся кніжкі пра тысячы страў з бульбы. І тут вось табе і маеш.
У краіне няма бульбы! Мусіць, усю перапрацавалі на гарэліцу «Бульбаш». Вось мне толькі ў галаву не лезе, як у мяне з адной соткі вырасла 6 мяхоў. А ў «самага дасведчанага гаспадара краіны» зноў няўрод.
Вось дзе ўжо недалуга: за яйкі браўся — малако знікала, за малако браўся – яйкі знікалі. А пойдзеш у краму купіць бульбачкі, дык ажно за два рублі, і тая то гнілая, то малая, то неядомая. А як у нашым мястэчку базар пойдзеш, то бульбы — якой хочаш.
Ну і трэба ж яшчэ слова моднае прыцягнуць — ліцэнзаванне, нібыта нанатэхналогіі ладзяцца прадаваць або нейкія распрацоўкі ў свеце медыцыны. Пакуль свет займаецца ўдасканаленнем штучнага інтэлекту, мы змагаемся за прысутнасць бульбы на нашых сталах.
Ура, таварышы, ура!