Расея прадасць Кітаю рудні найбуйнейшага ў свеце вытворцы ўрану
6- 17.12.2024, 17:45
- 8,680
Яны знаходзяцца ў Казахстане.
Найбуйнейшы ў свеце вытворца ўрану, дзяржаўная кампанія Казахстана «Казатампрам», заявіла аб выхадзе кампаніі Uranium One Group з супольных прадпрыемстваў у краіне. Uranium One Group уваходзіць у склад расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Расатам».
Пра гэта паведамляе Reuters.
«Казатампрам» з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам урану і мае самую вялікую базу яго запасаў. У 2023 годзе на яго прыпадала 20% сусветнай здабычы першаснага ўрану. Аднак кампаніі бракуе ўласных магутнасцей па перапрацоўцы ўрану.
Раней дзелі 6 з 14 радовішчаў кампаніі належалі «Расатаму». Аднак праз санкцыі група Uranium One Group прадала сваю 49,979%-ю долю ў рудніку «Зарэчнае» кампаніі SNURDC Astana Mining Company Limited, канчатковым бенефіцыярам якой з'яўляецца Кітайская дзяржаўная кампанія развіцця ядзерных уранавых рэсурсаў.
Акрамя гэтага Uranium One Group прадасць 30% кампаніі China Uranium Development Company Limited, канчатковым бенефіцыярам якой з'яўляецца Кітайская генеральная ядзерная энэргетычная карпарацыя. Варта заўважыць, што Кітай з'яўляецца найбуйнейшым пакупніком казахстанскага ўрану.
Таксама вядома, што пасля продажу дзеляў «Расатам» усё яшчэ будзе мець дзелі ў радовішчах «Казатампрама», сукупныя запасы якіх складаюць 255 000 тон. Сюды ўваходзіць Будзёнаўскае радовішча, адно з найбуйнейшых у свеце, якое «Расатам» набыў па дамове, што была раскрытая ў 2023 годзе.