Беларускія плыўцы зарабілі неблагія прэміяльныя на чэмпіянаце свету
4- 17.12.2024, 20:25
- 2,868
У скарбонцы нашай краіны два бронзавыя медалі.
Стаў вядомы памер прэміяльных на чэмпіянаце свету ў плаванні на кароткай вадзе (25 м), які прайшоў у сталіцы Вугоршчыны.
Так, паводле пратаколу World Aquatics, кожны ўдзельнік фіналу ЧС у плаванні атрымлівае ўзнагароду ад $2–10 тыс. За золата належыць бонус памерам $10 тыс., срэбра ацэньваецца на $8 тыс., бронза – на $7 тыс.
Прызавы фонд аднаго фіналу на восем спартоўцаў – $45 тыс. Такім чынам, за 45 галоўных заплываў арганізатарам давялося аддаць больш як $2 млн.
Таксама на ЧС у Будапешце заахвочвалі тых, хто паставіў сусветны рэкорд. Ім асобна выплачваўся бонус памерам $25 тыс.
Дадаткова можна было атрымаць $10 тыс. за «двайную карону», калі спартовец браў золата на этапе Кубка і чэмпіянату свету ў 2024 годзе.
World Aquatics дала справаздачу пра рэкордныя выплаты усім плыўцам за мінулы год. Так, 319 спартоўцаў атрымалі больш як $7,1 млн прызавых.
На чэмпіянаце свету на кароткай вадзе ў Будапешце беларусы заваявалі два медалі. Бронзу нашай краіне прынеслі Ілля Шымановіч (100 м брасам) і Настасся Шкурдай (200 м на спіне).
Цікава, што больш за ўсіх зарабіла Аліна Змушка. З двума чацвёртымі месцамі і адным сёмым яна на трох дыстанцыях брасам узбагацілася на $15 тыс.
Усяго на $1 тыс. менш у Іллі Шымановіча. Апроч бронзы на стометроўцы брасам, ён фінішаваў пятым і восьмым у фіналах.
Настасся Шкурдай з бронзай на дыстанцыі 200 м на спіне і пятым вынікам на стометроўцы атрымала $12 тыс.
Рыгор Пякарскі прыйшоў шостым на дыстанцыі 50 м батэрфляем і стаў багацейшым на $4 тыс. Такім чынам, агульны прызавы фонд беларусаў склаў $45 тыс.