У Менскім раёне забаранілі выходзіць на лёд
5- 17.12.2024, 21:15
- 2,072
Для ведання рыбакам.
Адпаведнае распараджэнне даў Менскі райвыканкам, піша газета «Прысталiчча».
Паводле інфармацыі МНС, забарона выходзіць на лёд на вадаёмах дзейнічае, калі таўшчыня лёду складае менш за 7 см, а таксама ў перыяд «інтэнсіўнага раставання і разбурэння лёду».
Каб унікнуць няшчасных выпадкаў, ТВВОД разам з МНС і БРСМ будуць праводзіць супольныя рэйды на вадаёмах Менскага раёна.
Нагадаем рыбакам і ахвотным скараціць дарогу да патрэбнага месца «напрамкі» па лёдзе, што трэба ведаць і якімі правіламі кіравацца пры выхадзе на лёд:
за бяспечны для чалавека ўважаецца лёд таўшчынёй не меншай за 7 см;
трываласць лёду аслабленая ў вусцях і прытоках рэк, месцах хуткай плыні, крыніцаў, сцёкавых водаў, раёнах вырастання воднай расліннасці, дрэваў, кустоў і чароту;
пры тэмпературы вышэйшай за 0ºС больш за тры дні трываласць лёду памяншаецца на 25%;
трываласць лёду можна вызначыць візуальна: лёд блакітнага колеру – трывалы, трываласць белага ў 2 разы меншая, шэры, матава-белы або з жаўтлявым адценнем лёд ненадзейны;
апранаць выратавальную камізэльку трэба абавязкова.
Калі ўсё ж вы патрапілі на лёд і зразумелі, што ён занадта тонкі, вяртайцеся па сваім следзе да берагу. Размяркуйце нагрузку цела на як мага большую плошчу. Ідзіце не спяшаючыся, слізгальнымі крокамі, не адрываючы ног ад лёду.
У выпадку, калі вы праваліліся ў ваду, старайцеся не панікаваць і не рабіць рэзкіх рухаў. «Не абломвайце беражок. Калі дастаяце нагамі да процілеглага краю правалу, прыміце гарызантальнае становішча, упіраючыся ў яго нагамі, выцягнеце на лёд спачатку адну нагу, потым другую», – нагадваюць ратавальнікі.