Польшча анулявала паўтары сотні карт паляка за парушэнні
10- 18.12.2024, 19:15
- 9,556
З пачатку 2024 года краіна выдала 15 тысяч карт паляка.
Дзяржаўныя органы Польшчы могуць пазбавіць людзей карты паляка, піша Most са спасылкай на Rzeczpospolita.
Часцей за ўсё карту паляка здаюць самастойна тыя, хто атрымлівае сталы дазвол на жыхарства або польскае грамадзянства. У гэтым выпадку карта паляка проста не патрэбная. Але здараецца, што карты паляка анулююць за парушэнні.
157 карт паляка анулявалі за тое, што для іх атрымання выкарыстоўваліся фальшывыя дакументы, а таксама з прычын, звязаных з бяспекай. Яшчэ ў чатырох чалавек карты паляка забралі за «паводзіны, нявартыя Польскай Рэспублікі і паляка».
145 замежнікаў адмовіліся ад карт паляка самі. Хутчэй за ўсё большасць такіх выпадкаў звязаная з ціскам на людзей у Беларусі. Карту паляка забаронена мець беларускім дзяржслужбоўцам. Таксама вядома пра выпадкі, калі працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў прымушалі адмовіцца ад гэтага дакумента, пагражаючы звальненнем.
З пачатку 2024 года Польшча выдала 15 тысяч карт паляка. Усяго ж за ўвесь час дзеяння дакумента было выдадзена больш за 206 тысяч карт паляка.