«Я ішоў на працу, а апынуўся там»
15- 21.12.2024, 11:42
- 13,724
Аднаго з пацярпелых пры пажары ў віцебскім ГЦ «Беларусь» паспелі патрымаць у ізалятары.
На мінулым тыдні ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску адбыўся пажар. Пасля гэтага адзін з пацярпелых, правёў двое сутак у ізалятары часовага ўтрымання, паведамляе тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».
Гаворка ідзе пра Паўла Клімянка, уладальніка пункта «Рэаніматар», які займаецца рамонтам тэлефонаў. У сваіх сацсетках мужчына выклаў відэа, дзе расказаў, што яго затрымалі па дарозе на працу ў панядзелак, 16 снежня. У ізалятары ён правёў два дні.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Віцебск, я гуляю!», на Клімянка склалі адміністрацыйны пратакол за «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў» (арт. 24.3 КаАП). Што менавіта яму ставілася ў віну, невядома.
– У сераду я быў асуджаны і недзе ў абед выйшаў на волю, атрымліваецца. І гэта вельмі моцна тармазнула працэс [аднаўлення пункта]. Нават нягледзячы на тое, што ў гэты час мая жонка і супрацоўнік вельмі моцна дапамагалі з усякімі дробязямі і буйнымі справамі, усё моцна задоўжваецца, – расказаў Клімянок, не ўдакладніўшы прычыну затрымання.
Раней уладальнік «Рэаніматара» ужо апісваў наступствы пажару для свайго бізнэсу. Паводле словаў Клімянка, тэхніка на 90% уцалела, але «пракапцілася, пахне гарэлым пластыкам». Цяпер ён збіраецца адчыняць майстэрню ў іншым месцы – у ГЦ «Мега».
Таксама Клімянок падзяліўся парадамі, у якім выглядзе «дакладна не варта заходзіць у ІЧУ». Яго затрымалі ў зімовых чаравіках, штанах і паліто.
– Я ішоў на працу, а апынуўся там. Чаравікі цёплыя, зімовыя без шнуркоў – усё афігенна, расшнуроўвацца не трэба, усё цёпла. Штаны зімовыя – ну такое. Я ўпадабаў бы «тэрмуху», фліс… Паліто? Вельмі нязручна, калі спіш і халоднай шконцы без матраца, а на падлозе.
Нагадаем, вечарам 20 снежня таксама стала вядома, што адну пацярпелую пры пажары ў віцебскім ГЦ «Беларусь» перавезлі на лячэнне ў Менск. Жанчына знаходзіцца ў цяжкім стане, яе падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.