У Беларусі запускаюць самую «дальнабойную» маршрутку
25- 21.12.2024, 15:11
- 22,804
Стала вядома, адкуль і куды яна паедзе.
Аператар рэйсавых маршрутных таксі «Атлас» абвясціў пра запуск новага бесперасадачнага маршруту праз усю краіну: ад Гародні да Віцебска. Пра гэта паведамляе Blizko.by са спасылкай на перавозніка.
Паездка паміж двума «несуседнімі» абласнымі гарадамі для пасажыра часцяком ператвараецца ў складаны лагістычны квэст.
Гэта альбо перасадка ў Менску (яшчэ трэба знайсці і зручную стыкоўку), альбо шматгадзінная паездка на цягніку, кажа аператар.
Некалі практычна ўсе абласныя цэнтры паміж сабой звязвалі і прамыя аўтобусныя маршруты, але паступова яны зніклі. Цяпер жа гэтая традыцыя адраджаецца.
З 3 студзеня стартуе, напэўна, самы доўгі ўнутрыдзяржаўны аўтобусны маршрут: «Гародня – Віцебск». Увогуле гэта больш за 600 кіламетраў дарогі, гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Новы маршрут дазваляе дабрацца без перасадак і да іншых важных гарадоў у дзвюх абласцях. Аўтобус, сярод іншага, заязджае ў Ашмяны, Смаргонь, Вілейку, Мядзел, Нарач, Полацк і Наваполацк. А вось у Ліду маршрутка заязджаць не будзе.
Сэрвісы на пракладку маршрутаў паказваюць, што такі маршрут доўжыцца 630 кіламетраў. Чысты час язды без уліку прыпынкаў складае блізу 8,5 гадзіны, з прыпынкамі можа заняць да 10 гадзінаў.