Le Monde: Афрыканскія хунты засумняваліся ў хаўрусе з РФ
8- 21.12.2024, 19:43
- 9,494
Пасля таго, як Пуцін «кінуў» Асада.
Пасля падзення рэжыму Башара Асада ў Сірыі хаўрусныя Расеі афрыканскія хунты занепакоеныя, ці не кінуць іх на волю лёсу гэтак жа, як гэта адбылося з сірыйскай дыктатурай. Аб гэтым піша французская газета Le Monde.
Выданне зазначае, што зараз Расея спрабуе дамовіцца з новымі ўладамі Сірыі аб захаванні сваіх баз хоць у нейкім выглядзе і адначасова перакідвае частку маёмасці ў Лібію. Там у Крамля наладжаныя добрыя стасункі з маршалам Халіфам Хафтарам, які кантралюе палову краіны.
Раней сірыйскія і лібійскія базы былі важнымі прамежкавымі пунктамі для сувязі Расеі з яе афрыканскімі хаўруснікамі на поўдзень ад Сахары - у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Малі, Буркіна-Фасо і Нігеры.
У апошнія месяцы амерыканцы ўзмацнілі ціск на маршала Хафтара, каб пераканаць яго не пашыраць супрацоўніцтва з Масквой. Магчымая страта баз у Сірыі зробіць Лібію яшчэ больш важнай для Расеі.
Але апроч лагістычных праблем у Лібіі, у Расеі пачынаюцца палітычныя праблемы з хаўруснікамі ў Афрыцы. Падтрымоўваныя Масквой афрыканскія хунты ўважліва сачылі за падзеямі ў Сірыі і за рэакцыяй РФ на іх, піша Le Monde. І ўсе яны прыйшлі да падобнай высновы: Крэмль альбо не змог выратаваць рэжым Башара Асада, альбо проста яго кінуў.
«Узнікае пытанне: калі Уладзімір Пуцін не абараніў свайго сірыйскага хаўрусніка, стратэгічнага гульца на Блізкім Усходзе, то ці зробіць ён тое ж самае для іх?» - піша Le Monde аб рэакцыі афрыканскіх дыктатур.
Асабліва насцярожана сітуацыю ўспрымаюць у Малі, дзе сумневы ў надзейнасці хаўрусу з Масквой узніклі яшчэ пасля мяцяжу Яўгена Прыгожына і «Групы Вагнера» летам мінулага года.
«Пасля падзей у Сірыі ўсе зноў задаюць пытанні. Гэта поўны правал для расейцаў, які ставіць пад сумнеў іх надзейнасць і аслабляе іх пазіцыі ў Малі і [агулам у рэгіёне] Сахель. Гэта не занадта абнадзейвае», - кажа адзін малійскі афіцэр.
На гэта накладаецца пераход на новы фармат супрацоўніцтва паміж афрыканскімі хунтамі і Расеяй, які пачаўся пасля ліквідацыі Яўгена Прыгожына і перадачы яго афрыканскай дзейнасці пад кантроль Міністэрства абароны РФ.