Новы ўрад Ісландыі хоча правесці рэферэндум аб сяброўстве ў ЕЗ
5- 21.12.2024, 19:58
- 2,848
Апытанні паказваюць, што сяброўства ў ЕЗ стала папулярнейшым.
Трохпартыйны ўрад Ісландыі, сфармаваны ў суботу, 21 снежня, у сваёй перадвыбарнай праграме анансаваў правядзенне рэферэндуму аб чаленстве краіны ў Еўрапейскім Звязе.
Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».
Сацыял-дэмакраты, лібералы і цэнтрысты, якія ўвайшлі ў новы ўрад Ісландыі, паабяцалі ажыццяўляць замежную палітыку, «заснаваную на правах чалавека, міры, павазе да міжнароднага права і цесным супрацоўніцтве з Еўрапейскім Звязам, іншымі нардычнымі краінамі і НАТА».
«Рэферэндум аб працягу перамоў аб сяброўстве Ісландыі ў Еўрапейскім Звязе адбудзецца не пазней за 2027 год», - адзначаецца ў кааліцыйнай дамове.
Акрамя таго, кааліцыйны ўрад Ісландыі даручыць незалежным замежным экспертам падрыхтаваць справаздачу аб перавагах і недахопах нацыянальнай валюты - кроны і «магчымасці Ісландыі ў валютных пытаннях».
Сацыял-дэмакратычная партыя і Партыя рэформаў Ісландыі, якія ўвайшлі ва ўрад, дэкларуюць прыхільнасць да сяброўства краіны ў Еўрапейскім Звязе.
У Партыі рэформаў, чый лідар Таргердзюр Катрын Гунарсдоцір узначаліць Міністэрства замежных спраў Ісландыі, раней дэкларавалі імкненне правесці рэферэндум аб чаленстве ў ЕЗ.
Ісландыя падала заяўку на сяброўства ў ЕЗ у 2009 годзе пасля фінансавага крызісу, але перамовы былі прыпыненыя на яе ініцыятыву ў 2015 годзе. Тады ўлады Ісландыі патлумачылі гэта няўдачамі еўразоны.
Апытанні паказваюць, што сяброўства ў ЕЗ стала больш папулярным у Ісландыі: крыху больш за 45% ісландскіх выбарцаў выступаюць за яго, 35% - супраць, а астатнія не вызначыліся.
Збольшага гэта звязанае з крызісам кошту жыцця ў Ісландыі: мяркуецца, што сяброўства ў ЕЗ можа садзейнічаць развіццю эканомікі за кошт памяншэння гандлёвых бар'ераў, а ўступленне ў еўразону зменшыць валацільнасць абменнага курсу.