«Такі калапс на мяжы ўпершыню»
7- 23.12.2024, 12:49
- 6,016
На калядныя святы на выездзе з Польшчы ў Беларусь утварылася доўгая чарга.
Перад каляднымі святамі на выездзе з Польшчы ў Беларусь утварылася доўгая чарга. Праходжанне мяжы на аўтобусе займае больш за дзень. Турысты раяць даязджаць да мяжы на таксі і падсаджвацца ў легкавыя аўтамабілі, піша MOST.
У Польшчы пачынаюцца калядныя святы. 24 снежня звычайна з'яўляецца скарочаным працоўным днём, 25 і 26 снежня - выходныя. Але многія бяруць дадаткова некалькі дзён адпачынку і ладзяць сабе доўгія калядныя вакацыі.
Мяркуючы з інфармацыі ў прымежных чатах, выезду з Польшчы ў Беларусь чакае больш за 120 аўтобусаў. Тыя, хто стаў у чаргу 21 снежня, пераадольвалі мяжу за 28 гадзін, з якіх больш за 20 гадзін чакалі пад'езда да шлагбаума. А потым, ужо на беларускім баку мяжы, час расцягваюць допыты і агляды.
- Заехалі ў беларускі двор, перад намі было 6 ці 7 аўтобусаў. Далей узмоцнены надгляд кожнага. Разбіралі нават запальнічкі. Некалькі чалавек адправілі на допыт, - напісаў адзін з карыстальнікаў памежнага чату (тут і далей паведамленні нязначна зменены для зручнасці чытання).
Тыя, хто выехаў 22 снежня і пазней, стаяць яшчэ даўжэй. З некаторых ацэнак, чаканне можа даходзіць да 40 гадзін. Некаторыя ўмудраюцца і за дзень, але для гэтага даводзіцца перасаджвацца ў аўтобусы, якія стаяць бліжэй да мяжы.
Многія турысты прызнаюцца, што не памятаюць, каб сітуацыя была настолькі вострай.
- Такі калапс на мяжы ўпершыню. Я прайшоў і еду на Менск. Усё ззаду ў мяне, - напісаў адзін з падарожнікаў.
«Прасіцеся ў легкавікі»
Турысты рэкамендуюць за плату падсаджвацца ў легкавыя аўтамабілі, якія стаяць наперадзе.
- Са свайго досведу. Учора (22 снежня. - Заўв. рэд.) а 15.20 [па польскім часе] прыехалі цягніком у Тэрэспаль. На таксі [за] 10 злотых з чалавека дабраліся да шлагбаума, папрасіліся ў шостую ад шлагбаўма машыну [за] 75 даляраў з чалавека. А 23.30 (беларускі час) былі ўжо ў цэнтры Берасця. Разам 6 гадзін на ўсё. Прасіцеся ў легкавыя, яны хутчэй праходзяць мяжу, і не саромейцеся самі называць кошт, - раіць у памежным чаце карыстальнік Дзяніс.
У розны час хвост аўтамабільнай чаргі быў за 7-9 кіламетраў ад мяжы.
На выездзе з Беларусі ў Польшчу сітуацыя спакойная. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, чэргаў легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў у пункце пропуску «Берасце» няма.
«Мы прыкладаем усе намаганні»
Раней намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка звяртаўся да намесніка ваяводы Люблінскага ваяводства Войцэха Волаха ў сувязі з магчымым узмацненнем пасажыраплыні на мяжы ў святы. У адказе ад 13 снежня Волах зазначыў: «Мы прыкладаем усе намаганні, каб польскія памежныя службы забяспечвалі бесперабойнае праходжанне кантролю для людзей і транспартных сродкаў у абодвух кірунках перасячэння дзяржаўнай мяжы, у тым ліку ў святочныя перыяды».