З'явіліся першыя вынікі вывучэння абломкаў «Арэшніка»
6- 23.12.2024, 18:06
- 14,080
З новага, відаць, у гэтай ракеце толькі назва.
Балістычная ракета сярэдняй далёкасці, якую Уладзімір Пуцін абазваў «Арэшнікам», існуе ўжо, прынамсі, 6-7 гадоў, таму не з'яўляецца зусім новай. Аб гэтым піша выданне Defense Express, спасылаючыся на вынікі даследавання абломкаў.
Выданне атрымала з уласных крыніц фатаграфію, на якой бачныя серыйны нумар і дата вытворчасці адной з дэталяў «Арэшніка» - 12 красавіка 2017 года. На думку экспертаў, гэта азначае, што канкрэтна тая ракета, якой расейцы ўдарылі па Дняпры ў лістападзе, была сабраная ў 2017 ці 2018 годзе.
У Defense Express адзначаюць, што менавіта ў 2017 годзе расейцы планавалі пачаць серыйную вытворчасць ракеты РС-26 «Рубеж». Раней многія эксперты меркавалі, што «Арэшнік» - гэта проста новая назва ўжо вядомай ракеты РС-26.
З гэтага ў Defense Express робяць выснову, што тэхналагічна сама ракета з'яўляецца яшчэ больш старой, бо 2017-ы - гэта год вырабу канкрэтнай дэталі. Такім чынам, праектаваць ракету пачалі яшчэ ў пачатку 2010-х гадоў, ці нават раней.
«Нарэшце тое, што ў РФ у 2017 годзе сістэма кіравання для балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці ўжо існавала ў метале, яшчэ раз даводзіць, што Крэмль актыўна парушаў Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці з ЗША, яшчэ і гэтай распрацоўкай. А не толькі ракетамі для «Іскандэра», - дадалі аналітыкі.