Прэм'ер Брытаніі намякнуў, што гатовы адправіць войскі ва Украіну
2- 24.12.2024, 10:33
- 2,636
Брытанскія вайскоўцы могуць з'явіцца на захадзе краіны.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер намякнуў, што брытанскія войскі могуць быць размешчаныя на захадзе Украіны для навучання салдат.
Як піша The Times, у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім Стармер пагадзіўся «з важнасцю ўдакладнення» прапановы аб навучанні ўкраінскіх жаўнераў для далейшага ўмацавання магчымасцяў Украіны на полі бою.
Ужо блізу 51 000 украінскіх салдат прайшлі навучанне ў Вялікабрытаніі ў рамках аперацыі «Інтэрфлекс». Аднак, як піша The Times, адпраўка вайскоўцаў у Брытанію прадугледжвае «шматэтапнае падарожжа».
«Ёсць асцярогі, што ўкраінцы не хочуць запісвацца ў войска з-за боязі, што яны не атрымаюць належнай падрыхтоўкі або абсталявання перад адпраўкай на перадавую. Перанос навучання на захад Украіны можа супакоіць тых, хто хоча пазбегнуць набору, і павялічыць колькасць украінцаў, якія праходзяць базавы курс», - гаворыцца ў артыкуле
Да вайны брытанскія войскі навучалі ўкраінскіх салдат на захадзе Украіны, і ў краіне ўсё яшчэ праводзяць навучанне невялікай колькасць брытанскіх вайсковых медыкаў.