У Віцебску суддзі, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, пайшлі ў адстаўку
16- 24.12.2024, 16:32
- 13,314
Яны прымалі пастановы ў справах з палітычным падтэкстам.
Суддзі Віцебскага абласнога суда Яўген Даўлюд і Марына Вострыкава пайшлі ў адстаўку.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!», у абласным судзе адбыліся «праводзіны суддзі судовай калегіі ў крымінальных справах Яўгена Даўлюда і суддзі судовай калегіі ў грамадзянскіх справах Марыны Вострыкавай».
Як піша тэлеграм-канал, абое бралі ўдзел у вынясенні пастановаў, якія былі палітычна матываваныя. Так, Даўлюд, разглядаючы апеляцыі, пакідаў у дзеянні прысуды для шэрагу палітвязняў з Віцебскай вобласці. Сярод іх – скаргі студэнта Паўла Нявыгласа з Расонаў і новапалачанкі Кацярыны Леў, якія былі прызнаныя палітвязнямі.
Марына Вострыкава, якая кіравала пасяджэннямі ў апеляцыях грамадзянскіх і адміністрацыйных справаў, таксама пацвярджала пастановы судоў першай інстанцыі ў справах з палітычным падтэкстам. Сярод іншага гэта тычылася справаў, звязаных з распаўсюдам газэты «Витебский курьер».